«Хрэн вам, а не хуткая». Як у беларускіх ізалятарах працягваюць здзеквацца з «палітычных»
У канцы ліпеня супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі маладую сям'ю — Кацярыну і Аляксандра (іх імёны змененыя ў мэтах бяспекі па іх просьбе). Пасля ператрусу і допыту ў Следчым камітэце іх арыштавалі на 15 сутак па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Аляксандр усе 15 сутак правёў у ЦІП на Акрэсціна, а Кацярына на некалькі дзён трапіла яшчэ і ў баранавіцкі ІЧУ. Сям'я распавяла "Вясне назірае" ўмовы ўтрымання для "сутачнікаў" ў жніўні: пра відэакамеры над туалетам, "мясцовыя" метады лячэння COVID-19 на Акрэсціна і адмову выклікаць хуткую дапамогу хлопцу з прыступам эпілепсіі.
Далі падпісаць дакументы, але забаранілі пераварочваць лісты
А 8 раніцы напрыканцы ліпеня дзесяць невядомых у балаклавах і ў форме без апазнавальных знакаў пагрукалі ў кватэру Аляксандра і Кацярыны. Супрацоўнікі ГУБАЗіКу дома ў іх правялі ператрус і праверылі ўсю тэхніку. Пасля ператрусу мужа і жонку павезлі на допыт у Следчы камітэт, а потым ужо ў РУУС для складання адміністрацыйных пратаколаў.
У РУУС іх "афармлялі" каля пяці гадзін. Яшчэ днём на іх склалі пратаколы за тое, што нібыта яны увечары гэтага дня ўжо здзейснілі «правапарушэнне». Ім далі на подпіс пратаколы, пры гэтым, забаранілі пераварочваць лісты. Пазней Кацярыне дазволілі паведаміць аб затрыманні бацькам і папрасіць выклікаць адваката, але Аляксандру не дазволілі нават зрабіць званок. Акрамя гэтага, на заявы хлопца пра памылкі ў пратаколе, адзін з супрацоўнікаў пагражаў выклікаць кагосьці для таго, каб яго збівалі.
Да суда сям'ю размясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Кацярына была трэцяя ў двухмеснай камеры, а Аляксандр быў пяты ў шасцімеснай. На наступны дзень іх асудзілі на 15 дзён кожнага за "дробнае хуліганства" паводле арт. 19.1 КаАП.
Прусакі, відэакамера над туалетам і ледзяная вада ў душы
Умовы ўтрымання на Акрэсціна Кацярына называе «сапраўдным катаваннем»: святло гарыць 24/7, будзяць а другой і чацвёртай гадзіны ночы, у душ і на шпацыр не водзяць, а ад сваякоў ні лістоў, ні перадач, ні лекаў не перадаюць. Перадачы аддалі толькі пры вызваленні, а лісты ім так і не дайшлі.
Камеры ў ізалятары на Акрэсціна перапоўненыя: мужчын у чатырохмясцовай камеры — 20-22 чалавекі, у дзяўчат у чатырохмясцовай — да 18 чалавек. За 15 сутак праз камеру Аляксандра прайшло каля 60 чалавек — гэта значыць, што склад камеры тройчы цалкам аднавіўся. У Баранавічах у дзяўчат было 10 чалавек у дзесяцімясцовай камеры, а ў хлопцаў — 20 чалавек на 10 «шконак».
У баранавіцкім ізалятары на шконках металічныя палоскі таўшчынёй пяць-сем сантыметраў, а на Акрэсціна – каля двух з паловай сантыметраў. Таму спаць на іх немагчыма, бо на целе пачынаюць з'яўляцца сінякі ўздоўж пазваночніка, на сцёгнах або на выступах костак.
Спаць днём на «шконцы» забаронена, а вентыляцыю практычна не ўключаюць. Калі затрыманыя прасілі яе выключыць, то супрацоўнікі рабілі наадварот. Акрамя гэтага ў камерах былі прусакі.
На працягу тыдня два-тры разы да "палітычных" прыходзяць участковыя з раённых РУУСаў і задаюць адны і тыя ж пытанні: «як клічуць, дзе жывеш і працуеш, за што сядзіш і якія ўмовы ўтрымання». Арыштаваныя нават не разумеюць для чаго адбываецца гэтая працэдура.
Кацярына, якая некалькі сутак адбывала ў баранавіцкім ІЧУ кажа, што там нават гарачай вады не было — толькі ледзяная. Туалет без дзверцы, у сцяне ў прыбіральні дадатковае вочка, а над самім туалетам вісіць відэакамера. «Шмон» у Баранавічах адбываецца тры-чатыры разы на дзень.
«Хрэн вам, а не хуткая». Хлопцу з прыступам эпілепсіі адмовіліся выклікаць хуткую дапамогу
Сям'я адзначае, што ў камерах амаль палова затрыманых перахварэла на кавід. Пры гэтым, медыцынская дапамога захварэлым ці ў тых, у каго з'явіліся сімптомы, наогул не аказваецца. Калі жанчынам давалі толькі парацэтамол, валідол (яго выкарыстоўвалі замест таблетак ад кашлю) і ватку з борнай кіслатой, каб сагрэць вуха, то мужчыны не атрымлівалі нават гэтага.
Кацярына ўзгадвае, калі ў сукамерніцы пачаліся курчы ад недахопу кальцыя, то дзяжурныя патэлефанавалі яе сваякам і папрасілі прывезці лекі. Пры гэтым іншая змена на просьбы патэлефанаваць сваякам дзяўчат і папрасіць неабходныя лекі — адмовіла.
У адной з камер хлопцы каля дзесяці хвілін націскалі трывожную кнопку, бо ў аднаго з іх здарыўся эпілептычны прыпадак і яму трэба было тэрмінова аказаць медыцынскую дапамогу. Замест хуткай у камеру прыйшлі двое дзяжурных, паглядзелі на хлопца з прыступам і сказалі проста «патрымаць яму язык і перавярнуць яго тварам уніз». Пры гэтым дадаўшы: «Хрэн вам, а не хуткая».
Метады лячэння кавіду на Акрэсціна ад мясцовай лекаркі
Аляксандр і Кацярына ўзгадваюць і пра лекарку на Акрэсціна:
«Мужчыну было дрэнна (у яго была гарачка), прасілі выклікаць хуткую. Мясцовая лекарка папрасіла яго падняць руку, ён падняў. На што сказала: «Ну вось, не здох жа!». І пайшла.
Іншы хлопец скардзіўся, што зніклі пахі. Яна папрасіла яго адвярнуцца, потым павярнуцца, а сама ў кармушку рэзка ватку з нашатырам прасунула. Ён ад нечаканасці тузаецца, яна кажа: «Ну вось і што ты пі…іш, усё ты адчуваеш».
Жанчыне дрэнна, жудасны кашаль і дыхае цяжка. Некалькі дзён прасілі паслухаць яе. Спачатку на нашы просьбы не адказвала, потым абяцала паслухаць яе, калі будзе канвой і яе выведзе. У выніку, яна проста памерала ёй ціск праз кармушку.
Ну і пра метады вымярэння тэмпературы. У мяне была гарачка некалькі дзён, я сама адчувала, што гару. Прасіла яе памераць мне тэмпературу. Яна ўзяла бескантактавы тэрмометр, секунду яго пратрымала і адказала: «Ну якія 38-39, у цябе наогул 35».
У ІЧУ у Баранавічах медыцынская дапамога арыштаваным аказваецца лепш. На кожнай камеры вісіць пакецік з лекамі для кожнага арыштанта, а дзяжурныя па просьбе затрыманых даюць гэтыя лекі.
Хлеб з цвіллю, вараныя яйкі і гарачы кісель. Чым кормяць у ізалятарах?
Кацярына распавядае, што на Акрэсціна ежа была "агіднай, а з ядомага былі толькі супы і грэчка". У хлеба, які выдавалі арыштантам, амаль заўсёды сканчваўся тэрмін прыдатнасці і быў з цвіллю. Пры гэтым у ЦІПе два-тры разы на тыдзень давалі свежую гародніну. Таксама затрыманым часам давалі маласольныя карнішоны. Па серадах і суботах давалі вараныя яйкі.
Але былі дні, калі замест гародніны, давалі сапсаваныя бочкавыя памідоры. Кацярына адзначае, што ў Баранавічах ежа была лепшая:
«Па-першае, там тры разы на дзень (не два, як на Акрэсціна) давалі гарачы чай ці кісель. Па-другое, замест незразумелых катлет там была тушонка або каўбаса (тушонка з бульбай ішла, а каўбаса з макаронамі, прычым, яны былі з маслам). Таксама давалі яйкі, але не давалі свежай гародніны, максімум — салёны агурок. Яшчэ па раніцах давалі цукар, а кубкі заўсёды знаходзіліся ў камеры (эмаляваныя, але шмат дзе эмаль ўжо адышла). Хлеба давалі шмат, але было відаць, што ён зроблены з таннай мукі. Чорны хлеб мы перасталі браць, таму што ён быў кіслым на густ.
У Баранавічах порцыі былі досыць вялікія: мы бралі ежу з разліку адна порцыя на двух чалавек, каб не заставалася лішняга».
Адбіраюць грошы (нават даляры) за аплаты харчавання
Акрамя гэтага, у арыштаваных працягваюць адбіраць грошы з асабістых рэчаў у кошт аплаты за харчаванне. Праз тое, што ў Кацярыны і Аляксандра з сабою не было грошай, то на тэчцы з іх справамі нават зрабілі адпаведную пазнаку. Тым арыштаваным, у якіх былі з сабой даляры даводзілася пісаць распіску: "аплачваю харчаванне па курсе на такую-то дату".
Вучылі вершы Ахматавай, Пастэрнака і бралі ўрокі італьянскага мовы
«Запомніўся момант, як я зайшла ў камеру. Мяне не здзівіла, што я была дванаццатай у "двушцы". Мяне ўразіла, якія жанчыны на мяне глядзелі. Усе прыгожыя, разумныя, добрыя. Я адразу зразумела, што ўсе сядзяць па такіх жа прычынах. А яшчэ мне адразу правялі "экскурсію" па камеры і патлумачылі, як наладжаны побыт. І гэта неверагодна, што "з пакалення ў пакаленне" перадаюцца рэчы і веды, як жыць у тых умовах. Было вельмі цікава мець зносіны са ўсімі, дзяліцца ведамі і даведвацца, чым займаюцца людзі. Хтосьці настаўнік, хтосьці займаецца рукадзеллем або фатаграфіяй, у кагосьці свой падкаст. У нас была дзяўчына, якая вучыла вершы Пастэрнака і Ахматавай (іх ведала на памяць адна з сукамерніц), а ў іншай «калегі» яна брала ўрокі італьянскага», — успамінае Кацярына.
«Напэўна, з тэлеграм-каналаў»
Аляксандр узгадаў здзіўленне новага дзяжурнага ад умоваў для «палітычных»:
«Выходзім раніцай на "шмон", а сярод дзяжурных быў новы чалавек. Ён не чакаў, што з камеры выйдзе 20 чалавек, бо ў суседніх (дзе маргіналы) такога няма. Ён спытаў у іншага дзяжурнага, адкуль столькі людзей. Той адказаў: «Ну хер ведае. Напэўна, з тэлеграм-каналаў».