viasna on patreon

13 затрыманых па «справе Рабочага руху». Што пра іх вядома і ў чым іх вінавацяць? Дапоўнена

2021 2021-09-27T11:40:40+0300 2021-09-28T12:19:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/naftan_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На працягу трох дзён — 21-23 верасня — пракацілася хваля затрыманняў завадчанаў і стачкамаўцаў з «Гродна Азот», Беларускага металургічнага заводу, Беларускай Чыгункі і «Нафтана». Некалькі чалавек з «Гродна Азот» выпусцілі, астатнія 13 чалавек былі затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА КДБ і гомельскае СІЗА №3. Па папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, іх затрымалі ў межах артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі. «Вясна» распавядае, хто знаходзіцца ў статусе затрыманых і што вядома па «справе Рабочага руху». 

naftan_90.jpeg
Ілюстрацыйнае фота

У чым абвінавачваюць?

26 верасня па АНТ выйшаў сюжэт пра затрыманых рабочых. У эфіры заявілі, што 21 верасня арганізацыя "Рабочы рух" была прызнана экстрэмісцкай. Таксама паведамілі, што на дадзены момант затрымана 13 чалавек.

Па папярэдняй інфармацыі, усім ставіцца ў віну арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Таксама па АНТ паведамілі пра ўзбуджэнне крымінальнай справы за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання — арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. У адносінах да некаторых затрыманых ідзе гаворка і пра іншыя артыкулы, напрыклад, арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, спіс затрыманых выглядае так:

  1. Сяргей Шэлест, былы апаратчык цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
  2. Андрэй Пагерыла, былы слесар-рамонтнік цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
  3. Уладзімір Жураўка, былы аператар ДПУ цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
  4. Андрэй Башан, супрацоўнік цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ (вызвалены);
  5. Валянцін Цераневіч, памочнік майстра на заводзе «Хімвалакно» (які ўваходзіць у склад «Гродна Азоту»), намеснік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу «Гродна Азоту»;
  6. Вадзім Яфіменка (супрацоўнік «Хімвалакно») (вызвалены);
  7. Дзмітрый Елісееў (супрацоўнік БМЗ, гомельскае СІЗА №3);
  8. Святлана Зыль (былая супрацоўніца БМЗ, гомельскае СІЗА №3);
  9. Аляксандр Гашнікаў (супрацоўнік БМЗ, СІЗА КДБ);
  10. Сяргей Дзюба (БелЧыгунка, СІЗА КДБ);
  11. Максім Саковіч (старшы энэргадыспетчар БелЧыгункі, СІЗА КДБ);
  12. Ганна Аблаб (БелЧыгунка, СІЗА КДБ);
  13. Аляксандр Капшуль (былы юрысконсульт ААТ «Нафтан», заводу «Палімір», СІЗА КДБ).

Інфармацыя ўдакладняецца і абнаўляецца.

Хроніка затрымання завадчан

Першым затрыманым, пра каго стала вядома, гэта намеснік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу «Гродна Азоту», памочнік майстра на заводзе «Хімвалакно», які ўваходзіць у склад «Гродна Азоту» Валянцін Цераневіч. Яго затрымалі 21 верасня і да гэтага часу ўтрымліваюць у СІЗА КДБ.

Адзін з затрыманых — Валянцін Цераневіч. Фота:
Валянцін Цераневіч. Фота: "Радыё Свабода"

Пазней стала вядома, што таксама затрыманыя два члены страйкама з «Гродна Азот» Андрэй Пагерыла і Уладзімір Жураўка. Яны застаюцца пад вартай у СІЗА КДБ.

Сяргей Шэлест, Андрэй Пагярыла, Аляксей Сідар. Фота: svaboda.org
Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Аляксей Сідар. Фота: svaboda.org

Таксама супрацоўнікі КДБ затрымалі Сяргея Шэлеста. Ён працаваў на «Гродна Азоце» апаратчыкам цэху «Аміяк-3». Восенню мінулага года ён абвясціў пра сыход у стачку. Раней паведамлялася, што ён паспеў пакінуць краіну, але яго затрымалі. Цяпер ён змешчаны ў СІЗА КДБ.

22 верасня ў страйкаме паведамілі пра затрыманне яшчэ некалькіх азотаўцаў. Гэта майстры цэха «Аміяк-3» Рыгор і Арцём Рубан, Дзмітрый Ілюшчанка і машыніст цэха «Карбамід-2» Аляксей Сідар, ён пайшоў у стачку. Пазней усіх вызвалілі.

23 верасня пасля начной змены ў цэху «Аміяк-3» затрымалі Андрэя Башана. У Гродна таксама затрымалі супрацоўніка «Хімвалакно» Вадзіма Яфіменкі. Яны ў СІЗА КДБ. 

Пазней стала вядома пра затрыманне супрацоўнікаў з Беларускай чыгункі: Ганна Аблаб, Сяргей Дзюба, Максім Саковіч. Усе яны змешчаныя ў СІЗА КДБ.

Затрыманні адбыліся і на Беларускім металургічным заводзе. Гэта Аляксандр Гашнікаў, Святлана Зыль (былая супрацоўніца), Дзмітрый Елісееў. З траіх затрыманых толькі Гашнікава змясцілі ў СІЗА КДБ. Святлана і Дзмітрый знаходзяцца ў гомельскім СІЗА.

zyl_90.jpeg
Святлана Зыль

Як паведамляе "Гомельская Вясна", актывістка са Жлобіна, былая супрацоўніца БМЗ Святлана Зыль цяпер знаходзіцца ў статусе падазраванай па крымінальнай справе “здрада Радзіме”. Да Святланы дапусцілі адваката, але ён знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошанні. У Святланы застаўся 14-гадовы сын і муж, які хварэе на рак.

25 верасня стала вядома, што на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі затрымалі былога юрысконсульта ААТ «Нафтан», заводу «Палімір» Аляксандра Капшуля. Яго перадалі супрацоўнікам КДБ Беларусі, якія таемна вывезлі яго ў Мінск. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Паведамляецца, што ў яго зламаная нага і пашкоджаная рука.   

kapshul_90.jpeg
Аляксандр Капшуль

Нагадаем, 23 верасня падчас размовы з міністрам прамысловасці Пятром Пархомчыкам і віцэ-прэм’ерам Юрыем Назаравым Лукашэнка заявіў:

«Мы проста не маем права падаць. Трэба ўтрымацца на гэтым узроўні, чаго б нам ні каштавала. Я ведаю, вы ва ўрадзе прынялі шэраг рашэнняў для мінімізацыі ўздзеяння санкцый на нашу эканоміку. Але паглядзіце на сваіх супрацоўнікаў на прадпрыемствах. У мяне ёсць інфармацыя, што мярзотнікаў некалькі там яшчэ дзе-нідзе засталося і яны ставяць перад сабой мэту праінфармаваць „калектыўны Захад“ аб тым, як Пархомчык з Назаравым спрабуюць абысці санкцыі. Шпіёняць фактычна і здаюць інфармацыю туды.

Некалькіх мы выявілі. Сядуць, і надоўга. Гэта я шчыра кажу. Але, тым ня менш, мы іх павінны бачыць. Адзінкі, але яшчэ засталіся. І гэта ня проста людзі, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю. Гэта людзі, якія свядома за грошы спецслужбаў Захаду шкодзяць нашай эканоміцы, а роўна нашай дзяржаве. На гэта звярніце асаблівую ўвагу дырэктараў і самі глядзіце за гэтымі працэсамі».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства