viasna on patreon

Леанід Судаленка: "Прыемна чуць, як сведкі на судзе кажуць "дзякуй", звяртаючыся да мяне ў клетку"

2021 2021-10-04T10:38:42+0300 2021-10-04T12:01:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudalenka_789.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволеныя праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка і валанцёрка Таццяна Ласіца ўтрымліваюцца за кратамі ў гомельскім СІЗА-3 амаль ужо дзевяць месяцаў. З трэцяга верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля ў закрытым рэжыме адбываецца суд над імі і яшчэ адной валанцёркай Марыяй Тарасенка. Усіх іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). Справу разглядае суддзя  Сяргей Салоўскі, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў. Леанід Судаленка з-за кратаў распавёў "Вясне", што адбываецца на закрытым судзе, як ён правёў свой Дзень народзінаў, калі будзе вынесены прысуд і чаму яны з Таццянай не сталі пісаць прашэнне аб памілаванні. 

sudalenka_789.jpeg
Леанід Судаленка

Дзень народзінаў – цэлы дзень у судзе

Леанід напісаў ліст на свой Дзень народзінаў – 23 верасня. Ён распавёў, як прайшоў яго дзень, калі яму споўнілася 55 гадоў:

"Сёння [23 верасня] мяне вазілі зноў у суд, ужо ў 15-ы раз. Я прасіў у гэты дзень перапынак – адмова. Паставілі з ранку і да вечара перад Фемідай. Апытанне сведкаў, якія звярталіся ў офіс па дапамогу, зачытванне матэрыялаў справы. Жонка з дзецьмі таксама прасілі ў гэты дзень спатканне. “Няма прававых падставаў,” – сказаў суд".

80 тамоў справы, 61 сведка

Раней праваабаронца распавядаў, што ў матэрыялах справы больш за 77 тамоў. На першым дне суда высвятлілася, што 79 тамоў. Тады праваабаронца сказаў, што не знаёмы з матэрыяламі 79 тома і прасіў суд даць час на азнаямленне з ім. Цяпер ён напісаў у лісце, што ў матэрыялах ўжо 80 тамоў. Адна з прычын, па якой суд зрабілі закрытым, – "бяспека сведкаў". Але, як адзначае вясновец, "самі сведкі ні сном, ні духам". Судаленка падаў скаргу на закрыты суд:

"Я падаў, канечне, скаргу, але па крымінальных справах яна разгледжваецца пасля прысуду".

Усяго па крымінальнай справе было дапытана каля 200 чалавек. Па інфармацыі Леаніда, на судзе былі дапытаныя 61 чалавек – у асноўным, гэта кліенты, якія звярталіся да праваабаронцы па прававую дапамогу: 

"Усе сведкі ў судзе сказалі праўду, і гэта галоўнае. Прыемна чуць, як людзі, якія прыходзяць у суд па позвах, кажуць “дзякуй”, звяртаючыся да мяне ў клетку. І гэта нягледзячы на заўвагі суда".

Праваабаронца мае намер адстойваць сваю невінаватасць усімі даступнымі яму цяпер сродкамі:

"У планах падаць апеляцыю, якая зойме два-тры месяцы. А пад Новы год ці пасля яго з тэрмінам 1,5 года прыйдзецца часова змяніць месца жыхарства..."

Прысуд вясноўцам можа быць вынесены ў сярэдзіне кастрычніка

Леанід распавёў пра графік суда і свае прагнозы пра суд:

"Вядома пра пасяджэнне 29 верасня, потым далей невядома. Крымінальнымі злачынцамі мяне і дзяўчат суд назаве бліжэй да сярэдзіны кастрычніка і накіруе нас з Таццянай на перавыхаванне ў лагеры. Для Марыі, лічу, будзе пакаранне, не звязанае з пазбаўленне волі. Яна ўвесь час на падпісцы.

У мяне і Таццяны ідзе ўжо дзевяты месяц зняволення, а па новых правілах заліку тэрміна ў СІЗА адзін дзень за паўтара. Гэта ўжо адзін год мінус з тэрміна. У самым горшым выпадку ў нас тры гады максімальна, то бок застаецца яшчэ дзве гары!"

Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца не сталі прасіць аб памілаванні

Праваабаронца распавёў, што прапанова аб памілаванні прыходзіла не толькі яму, але і валанцёрцы "Вясны" Таццяне Ласіцы:

"І мне, і Таццяне прыходзілі лісты з прапановай аб памілаванні, але гэта не варыянт, бо трэба прызнаць віну. Для мяне, гэта трэба будзе сказаць, што 20 год я здзяйсняў злачынствы, займаючыся праваабарончай дзейнасцю. Канечне, мы не пісалі. Няхай яны самі скажуць, што праваабарона = злачынства..."

З клеткі са шкла перавялі ў металічную клетку

Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца ў судзе. Фота
Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца ў судзе. Фота "Гомельская Вясна"

Леанід на судзе падаў не менш дзевяці хадайніцтваў – усе былі адхіленыя. Ён распавёў, што гэта былі за хадайніцтвы:

"Дарэчы, яшчэ адно хадайніцтва маё якраз было звязана з клеткай. У першы дзень суда нас пасадзілі з Таццянай у клетку на першым паверсе суда са шкла. А калі суд зрабілі закрытым ад публікі, пасля абеду і да сёння суд праходзіць на другім паверсе ў клетцы металічнай. Я прасіў забяспечыць роўныя ўмовы з іншымі ды не парушаць прэзумпцыю невінаватасці. Але суд адхіліў просьбу.

Таксама я прасіў суд прызнаць доказы з вобшуку 5 лютага ў офісе не маючымі юрыдычнай сілы, бо ўсё выглядае парушэннем часткі 13 арт. 210 КПК. Суд сказаў, што выража гэта ў пакоі для прысуду.

Я прасіў суд змяніць меру стрымання на іншую, не звязаную з пазбаўленнем волі, – адмова. “Цяжкае злачынства”, – кажа суд. Яго ўжо ў сёмы раз падтрымаў абласны суд у гэтай частцы. У рэшце рэшт, я заявіў суду адвод. «Няма прававых падставаў», – сказаў суд".

Суд над гомельскімі праваабаронцам і валанцёркамі: Што вядома пра справу і суддзю?

"Вясна" распавядае, за што будуць судзіць праваабаронцу і валанцёрак, чаму гэтая крымінальная справа з'яўляецца палітычна матываванай і што вядома пра суддзю Салоўскага.

Нагадаем, Леанід Судаленка з 18 студзеня знаходзіцца пад вартай у СІЗА. У ізалятары з 21 студзеня таксама ўтрымліваецца Таццяна Ласіца. У дачыненні да Марыі Тарасенка абраная мера стрымання ў выглядзе абавязацельства аб яўцы і падпіскі аб нявыездзе.

Як распавёў у сваіх лістах праваабаронца "Вясны", у віну яму ставіцца:

  • эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за "беспарадкі”;
  • відэа на ютубе з "Рудабельскай паказухі", дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
  • заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомеля Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак;
  • семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;
  • аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.

Заклікаем падтрымаць нашага калегу Леаніда і валанцёрку Таццяну лістамі салідарнасці:

Адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку
Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства