viasna on patreon

Заява праваабаронцаў аб прызнанні палітвязнямі Ігара Мінца і Наталлі Белабехавай

2021 2021-10-04T20:00:16+0300 2021-10-04T20:04:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zabastovka_maz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

4 кастрычніка 2021 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаючы працяг рэпрэсій у адносінах да арганізацый і прадстаўнікоў нацыянальнай грамадзянскай супольнасці, затрыманні і змяшчэнне пад варту актывістаў рабочага руху і прадстаўнікоў стачачных камітэтаў, у сувязі з інфармацыяй аб змяшчэнні пад варту Наталлі Белабехавай і Ігара Мінца, апошняга — па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве, пацвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў заяве ад 28 верасня 2021 года, адзначаем наступнае:

Затрыманні гэтых і іншых актывістаў звязваюць з дзейнасцю арганізацыі "Рабочы рух", прызнанай уладамі экстрэмісцкай. Мэтамі і патрабаваннямі гэтай арганізацыі, акрамя сацыяльна-эканамічных, былі спыненне ўжывання гвалту і пераследу з боку сілавых ведамстваў у адносінах да мірных грамадзянаў, вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і адмена вынесеных у адносінах да іх прысудаў, а таксама адстаўка А. Лукашэнкі з пасады прэзідэнта.

Праўдзівым матывам зняволення пералічаных асобаў з'яўляецца іх негвалтоўная дзейнасць па прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцяў, а таксама правамерная рэалізацыя свабоды асацыяцый, свабоды меркаванняў і іх выказвання.

На падставе гэтага мы лічым пераслед і пазбаўленне волі грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў рабочага руху палітычна матываваным, звязаным з негвалтоўнай дзейнасцю, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод, а іх саміх — палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".

Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Наталлю Белабехаву і Ігара Мінца, спыніць іх адвольны пераслед, спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Lawtrend;

"Прававая ініцыятыва";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства