Зняволенаму Ягору Яўстратаву змянілі рэжым на строгі, але ціск у калоніі на яго працягваецца
1 кастрычніка на закрытым судовым пасяджэнні асуджанаму фігуранту справы "пяцёркі, якая пашкодзіла машыну жонкі аднаго з начальнікаў Дэпартамента выканання пакаранняў Аляксандра Гейца (намначальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы ў калоніях)" Ягору Яўстратаву наваполацкі суд змяніў рэжым з агульнага на строгі. Гэта значыць, што рэшту тэрміну пакарання ён будзе адбываць у іншай калоніі з больш жорсткімі ўмовамі. Прычынай зрабіліся шматлікія "парушэнні" ў папраўчай калоніі №1 у Наваполацку, куды Ягора адправілі адбываць пакаранне у выглядзе трох гадоў і двух месяцаў зняволення. За што яго адразу адпраўлялі ў штрафны ізалятар, а потым змясцілі ў памяшканне камернага тыпу на максімальныя паўгода. Нават на судзе Ягор быў у ШІЗА ў ПКТ. Але, як распавядае сястра Ягора Дар'я, ціск на ейнага брата ў наваполацкай калоніі №1 працягваецца. Яна спрабуе аформіць з натарыусам даверанасць Ягора на яе імя, аднак адміністрацыя калоніі ўсяляк перашкаджае гэтаму. Падрабязнасці "Вясне" распавяла сястра Ягора Дар'я.
На паўгода ў ПКТ, суд па змене рэжыму на строгі: яшчэ на аднаго асуджанага за пашкоджанне машыны начальніка ДВП аказваюць ціск у калоніі
Першыя спробы аформіць даверанасць у калоніі
Яшчэ ў жніўні Дар'я даведалася, што адміністрацыя наваполацкай калоніі №1 падала заяву ў суд горада Наваполацка аб тым, каб яе брата перавялі з агульнага рэжыму на строгі. Суд па гэтай справе прызначылі на 24 верасня ў наваполацкім судзе. Ён мусіў адбыцца ў адкрытым рэжыме, а Ягора планавалі падлучыць па скайпе.
За некалькі дзён да суда Дар'я патэлефанавала ў прыёмную калоніі Андрэю Пальчыку, каб высвятліць, як Ягор можа падаць даверанасць на імя сястры. Начальнік калоніі адразу адзначыў, што такое пытанне родныя асуджанага павінны вырашаць толькі праз адваката, каб пасля "вы, ваша сястра ці дачка не давалі пра яго (Пальчыка) інтэрв'ю".
"Начальнік калоніі не ведаў, з кім размаўляе па тэлефоне. Гэта быў першы званочак, на які ў той момант мы не звярнулі ўвагу", — узгадвае Дар'я.
Як і патрабаваў начальнік, адвакат перадаў інфармацыю Ягору асабіста ў калоніі. За кароткі час з'ездзіў у калонію да Ягора і растлумачыў, што неабходна з боку асуджанага для афармлення родным дакумента: заява на натарыуса і ў адмысловы аддзел на прадастаўленне ягоных пашпартных звестак..
На суд інтэрнэту няма
24 верасня адвакат і блізкія Ягора прыехалі на суд у прызначаны час. Аднак з калоніі ў суд прыйшоў факс, што ў іх тэхнічныя непаладкі, яны не могуць наладзіць сувязь і вымушаныя перанесці пасяджэнне на 1 кастрычніка. Родныя даведаліся, што суд будзе закрытым. Пры гэтым, як адзначае сястра Дар'я, суд быў прызначаны на 15-ю гадзіну, і, паводле паведамлення супрацоўнікаў калоніі, інтэрнэт-сувязь там у гэты час адсутнічала, аднак вядома, што а 16-й гадзіне зняволеныя ўжо тэлефанавалі сваім родным па скайпе.
Другая спроба аформіць даверанасць
Ягор Яўстратаў напісаў родным, што з яго боку ўсё падрыхтавана, справа за імі: скласці даверанасць і запрасіць да яго натарыуса.
29 верасня сёстры Ягора і натарыус паехалі ў Наваполацк. Аднак натарыуса завярнулі яшчэ на кантрольна-прапускным пункце калоніі, растлумачыўшы, што пашпарт Ягора знаходзіцца ў асабістай справе, а яна ў судзе. Адпаведна, аформіць даверанасць не падаецца магчымым.
ШІЗА ў ПКТ. Сумарна 50 сутак
На наступны дзень родныя асуджанага даведваюцца, што, знаходзячыся ў ПКТ, яго ў чарговы раз змясцілі ў штрафны ізалятар. З 21 красавіка, з моманту прыбыцця ў калонію №1, сумарна Ягора змяшчалі ў ШІЗА на 50 сутак.
"Прычын, канечне, мы не ведаем, але факт папярэдніх чатырох надуманых разоў і інтэрв'ю, на якое пакрыўдзіўся начальнік калоніі, надаюць упэўненасці, што гэта чарговае недарэчна і бяздарна выдуманае адміністрацыяй абвінавачванне", — кажа сястра.
Ягор ні з адным з усіх раней прад'яўленых парушэнняў не пагаджаўся.
"Але вядома, што правы зняволеных у ПК-1 нікога не хвалююць і разбірацца, ці сапраўды было парушэнне або не, ніхто не збіраецца", — дадае сястра.
Закрыты суд з падпіскай об неразгалошванні
1 кастрычніка адбыўся закрыты суд над Ягорам Яўстратавым, на якім яму замянілі рэжым з агульнага на строгі. Справу вяла суддзя Наваполацка Сняжана Калінічэнка. У раёне яна вядомая як "палітычная" суддзя: вяла працэсы паводле артыкулу 23.34 КоАП (цяпер 24.23) супраць пратэстоўцаў у 2020 годзе.
Адвакат усё ж такі абараняў інтарэсы Ягора на судзе, але ў яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Раней, калі дакументы з калоніі толькі перадалі ў суд, сёстры даведаліся, што Ягор ужо напісаў заяву аб адмове ад паслугаў адваката.
"Ведаючы Ягора, ён бы добраахвотна нічога падобнага не напісаў. Тут можна смела выказаць меркаванне, што заява напісана або пад ціскам з ужываннем дзеянняў гвалтоўнага характару, або не існуе наогул. Я спытала, ці магу ўбачыць гэту заяву, але мне сказалі, што няма — яна пад грыфам сакрэтнасці", — казала тады сястра.
Суд над Ягорам адбыўся, калі ён знаходзіўся ў ШІЗА. Ён планаваў напісаць наглядную скаргу на рашэнне суда пракурору г. Наваполацка, але ў яго няма доступу да паперы і асадкі. Адпаведна, ён не можа гэтага зрабіць.
"Пра якое чалавечае стаўленне можа ісці гаворка?"
5 кастрычніка родныя Яўстратава патэлефанавалі ў калонію высветліць, дзе знаходзіцца асабістая справа Ягора з яго пашпартам. Супрацоўніца ПК №1 Зайцава па тэлефоне паведаміла, што і Ягор, і асабістая справа цяпер у калоніі. На наступны дзень сястра і брат Ягора прывезлі ў калонію натарыуса. І зноў нічога не выйшла: Ягора не вывелі з ШІЗА, бо "не належыць". Яўстратаў пайшоў да начальніка Пальчыка, каб той паказаў дакумент, у якім дакладна прапісаны парадак, што зняволеным, якія ўтрымліваюцца ў штрафным ізалятары, забаронена наведванне натарыуса.
"Але падчас размовы нашаму брату атрымалася высветліць, што рана, нанесеная Пальчыку папярэднім інтэрв'ю, куды глыбейшая, і ён вырашыў, што мае права выкарыстоўваць Ягора як інструмент для сваёй асабістай помсты. Ён адкрыта заявіў, што прыём натарыуса ў ШІЗА дазваляецца толькі паводле ягонага асабістага меркавання, а раз "ваша сястра ў сваім інтэрв'ю заяўляе пра тое, што я ці мае супрацоўнікі выбівалі ў Яўстратава адмову ад адваката, пра якое чалавечае стаўленне можа ісці гаворка".
Такім чынам, Пальчык утрымлівае Ягора ў асабістым палоне, каб спагнаць сваю злосць за непажаданыя для яго словы, сказаныя мной, і наўмысна перашкаджае афармленню дакумента, пра што адкрыта заявіў у размове з братам", — кажа сястра Ягора.
Калі ў Ягора этап і ў якую ўстанову яго накіруюць, родным невядома.
Падтрымаеце Ягора лістамі па адрасе:
Папраўчая калонія №1,
211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8,
Ягору Валянцінавічу Яўстратаву (1989 г.н.)
Нагадаем, 3 лютага суд Мінскага раёна вынес прысуды па крымінальнай справе супраць пяцярых мінчукоў, затрыманых 29 верасня ў Баравой. Іх абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянера Аляксандра Гейца: "пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў". Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства). Акрамя гэтага, абвінавачаных асудзілі за рэчывы і прадметы, якія сілавікі знайшлі падчас вобшуку ў іх дамах і машынах пасля затрымання. 31-гадовага Ягора Яўстратава асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — ч. 2 арт. 339 і ч. 1 арт. 295-3 — да трох гадоў і двух месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Як адбываліся суды па гэтай справе, чытайце ў рэпартажах "Вясны":
"Памыліўся палітычнымі поглядамі". Судзяць пяць мінчукоў, якіх абвінавачваюць у пашкоджанні машыны жонкі міліцыянта
На месцы пашкоджання машыны міліцыянта – дзевяць чалавек, на лаве падсудных – толькі пяць
Да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд вынес прысуды пяці мінчукам, якія пашкодзілі машыну жонкі міліцыянта