Судзяць паштальёна, які нібыта каардынаваў акцыі пратэсту ў Мінску Дапоўнена
Суд Маскоўскага раёна Мінска 12 кастрычніка пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да работніка пошты Вадзіма Цагельніка. Ён абвінавачваецца адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК).
Справу разглядае суддзя Лідзія Целіца, дзяржабвінаваўца – пракурор Яўген Серакоў.
З матэрыялаў следства вядома, што 21-гадовы Вадзім Цагельнік, з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт пры дапамозе ноўтбука і некалькіх мабільных тэлефонаў, прадпрымаючы пры гэтым канспіратыўныя меры, ажыццяўляў дэструктыўную дзейнасць, накіраваную на дэстабілізацыю абстаноўкі ў грамадстве: заклікаў да масавых беспарадкаў, якія пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту.
“Ніхто не збіраецца паліць сілавікоў і біць іх ланцугамі”
У перыяд з З ліпеня 2020 да лістапада 2020 года, у телеграм чатах "Мікалай Маслоўскі", "Армія з народам», «Рэальная Беларусь", "Хабараўск.За Фургала" і ў іншых, пакідаў паведамленні пабуджальнага характару, такія як: “Перакрывайце вуліцы..”, “Блакуем дарогі з дапамогай аўтамабіляў і сваіх цел…”, “Сёння вечарам павінны атрымаць па-поўнай”, пісаў пра забастоўкі рабочых.
Дзяржабвінаваўца больш за гадзіну пералічваў эпізоды паведамленняў у некалькіх чатах аб каардынацыі дваравых маршаў, пра месцы і час збору ўдзельнікаў.
Абвінавачаны ў паведамленнях рабіў акцэнт аб негвалтоўным, але рашучым удзеле ў масавых мерапрыемствах.
“Ніхто не збіраецца паліць сілавікоў і біць іх ланцугамі”, - пісаў ён.
У другой палове дня ў судзе быў дапытаны абвінавачаны. Ён прызнаў сваю віну ў здзейсненым.
Судовае пасяджэнне працягнецца 13 кастрычніка. Пачатак у 11-00.