Ладзілі судовыя канвееры, у якіх судзілі непаўнагадовых, хворых і нават сем'і. Рэгіянальныя суддзі, якія больш за ўсё вынеслі “палітычных” прысудаў Фота
За год па ўсёй Беларусі паводле «палітычных» крымінальных артыкулах былі асуджаныя сотні чалавек. Раней мы распавядалі пра самых рэпрэсіўных суддзяў Мінска. Больш за ўсё палітычных прысудаў у Беларусі вынеслі брэсцкія суддзі. Гэта Вера Філонік, Яўген Брэган, Іна Клышпач і іншыя. У Брэсце наўпрост адбываецца жорсткі судовы канвеер, дзе суддзі выпісваюць такія прысуды, якія патрабуе дзяржаўнае абвінавачванне. З-пад малатка брэсцкіх суддзяў у беларускія калоніі адпраўляліся адразу дзясяткі пратэстоўцаў, сярод якіх сваякі, непаўнагадовыя, маладыя дзяўчаты і хлопцы, хворыя сталыя людзі, збітыя і падстрэленыя падчас разгонаў жнівеньскіх акцый пратэсту. За ўдзел у карагодзе з песнямі і танцамі брэсцкія суддзі асудзілі 87 чалавек. Некаторых з іх адправілі нават у калоніі. У Маладзечне суддзя Вікторыя Паляшчук вынесла першыя «палітычныя прысуды» за акцыі ў 2020 годзе. Менавіта яна заклала практыку пазбаўлення волі пратэстоўцаў. У Жлобіне за леташнія акцыі пратэсты адзін суд асудзіў агулам ужо 25 мясцовых грамадзян. "Вясна" склала спіс самых рэпрэсіўных суддзяў у рэгіёнах і распавядае, чым яны вызначыліся і хто пацярпеў ад іх «палітычных» прысудаў.
Самыя рэпрэсіўныя суддзі Мінска: колькі пратэстоўцаў адправілі ў калоніі і каго каралі за сваю грамадзянскую пазіцыю
Брэст, Вера Філонік. Распачала практыку судовых канвеераў па “масавых беспарадках”, вынесла 35 “палітычных” прысудаў
Суддзя Маскоўскага раёна Брэста з’яўляецца самай рэпрэсіўнай суддзёй не толькі Брэста, але наогул Беларусі. На яе рахунку 35 вынесеных “палітычных” прысудаў, а значыць 35 асуджаных чалавек, якія асудзілі па крымінальных артыкулах за сваю грамадзянскую пазіцыю. На такую лічбу суддзя выйшла праз тое, што судзіла людзей цэлымі групамі. Яна паўдзельнічала ў самых гучных справах рэгіёна: “брэсцкія беспарадкі”, “пінская справа”, “справа карагодаў”.
З 35 чалавек Філонік адправіла ў калонію 20. Менавіта Філонік распачала ў брэсцкім рэгіёне практыку судовых канвеераў. У сакавіку яна асудзіла першую групу берасцейцаў за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Прысуды ашаламілі ўсіх – дзевяць чалавек прызнаныя вінаватымі і асуджаныя да калоніі ад трох да чатырох з паловай гадоў. Палітзняволеных сына і бацьку Ягора і Віталя Пракапчукоў яна адправіла ў калоніі на чатыры гады ўзмоцненага рэжыму, параненага пяццю кулямі падчас разгонаў пратэсту 10 жніўня таксіста Цімура Рызапура асудзіла да 4,5 гадоў калоніі, студэнту 2-га курса Брэсцкага політэхнічнага ўніверсітэта Іллю Мігно прысудзіла 4,5 гады калоніі, непаўнагадовых 11-класніка Сяргея Гацкевіча і другакурсніка каледжа Дзяніса Хазея яна пакарала да трох гадоў выхаваўчай калоніі. Усе дзевяць чалавек з яе малатка цяпер знаходзяцца ў калоніях у розных кутках Беларусі.
Таксама Вера Філонік разглядала рэзанансную “пінскую справу”. Яна вынесла прысуды 11 чалавекам – усіх асудзіла да пазбаўлення волі тэрмінамі ад чатырох да пяці з паловай гадоў. Актора Палескага драмтэатру і пінскага валанцёра Сяргея Волкава Філонік адправіла ў калонію на чатыры гады, на такі ж тэрмін яна асудзіла дзядзьку і пляменніка Сяргея і Аляксандра Шаламіцкіх, 54-гадовага Валянціна Колба з інваліднасцю па захворванні сэрца, у якога пасля затрымання здарыўся сардэчны прыступ, яна асудзіла да пяці гадоў калоніі.
Суддзя Вера Філонік паўдзельнічала і ў “справе карагодаў”. Яна вынесла прысуды сёмай групе па "карагоднай" крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 13 верасня на Маршы герояў у Брэсце на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі песні «Муры» і «Тры чарапахі», танчылі. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам. 4 жніўня Вера Філонік асудзіла 12 чалавек. У гэтай групе былі палітзняволены будаўнік і актывіст з Пружанаў Ігар Лаптановіч і ягоная жонка-бібліятэкарка Юлія, у іх сям'і трое дзяцей-школьнікаў. Хоць віну Ігар і Юлія не прызналі яна пакарала іх 2,5 гадамі калоніі і трыма гадамі «хатняй хіміі» адпаведна. Яшчэ дзесяць чалавек суддзя Маскоўскага суда Брэста асудзіла да абмежавання волі («хіміі» і «хатняй хіміі») на тэрміны ад двух да трох гадоў.
Да месяца арышту Вера Філонік асудзіла па арт. 341 Крымінальнага кодэкса берасцейца Андрэя Леванюка за надпіс на фасадзе дома "Но избави нас от лукавого". Адметна ў гэтай справе, тое, што раней Андрэя ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за нанясенне гэтага надпісу, але потым палічылі, што гэта ўсё ж такі злачынства. Філонік пакарала яго другі раз за адное і тое ж дзеянне, хоць гэта супярэчыць асновам крымінальнага працэсу. Хлопец ужо адбыў пакаранне, якое яму прызначылі па крымінальнай справе, і выйшаў на волю. Андрэй быў прызнаны палітвязнем.
Філонік таксама выносіць прысуды па дыфамацыйных артыкулах. «Хатняй хіміяй» яна карала за рэпосты ў тэлеграме з абразамі былога начальніка ГУБАЗіК Карпянкова, следчага і дэкана БрДУ ім. Пушкіна, мясцовага міліцыянта.
Брэст, Яўген Брэган. Вынес суровыя прысуды 14 палітвязням «пінскай справы» і адправіў у калонію Паліну Шарэнда-Панасюк
Калега папярэдняй суддзі з суда Маскоўскага раёна Брэста Яўген Брэган за год асудзіў 34 чалавекі за ўдзел у той ці іншай форме ў акцыях пратэсту супраць дзеючай улады.
Брэган асудзіў да суровых тэрмінаў фігурантаў «пінскай справы». 14 палітвязняў ён адправіў калоніі на тэрміны ад 5,5 да 6,5 гадоў. Гэта адныя з самых жорсткіх прысудаў у Беларусі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Мужа і жонку Алену і Сяргея Маўшук ён асудзіў да шасці і шасці з паловай гадоў калоніі адпаведна. Сяброў-фанатаў мясцовай футбольнай каманды 20-гадовага Богната Данііла і 19-гадовага Рубца Алега ён адправіў у калоніі на шэсць і пяць з паловай гадоў. «Пінская справа» яшчэ вядомая тым, што ў адносінах да некаторых ужывалі фізічны гвалт і збівалі. Так, 35-гадовага таксіста Рагашчука Вячаслава збілі пасля затрымання так, што болі і звоны ў галаве не прайшлі да гэтага часу. Замест праверкі па фактах катавання Брэган асудзіў палітвязня да шасці гадоў калоніі.
Суддзя Яўген Брэган разглядаў гучную справу супраць мясцовай актывісткі Паліны Шарэнда-Панасюк. Ён прызнаў яе вінаватай па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і адправіў у калонію на два гады. Палітзняволеная падчас апошняга слова звярнулася асабіста да суддзі Брэгана:
“<…> Я ведаю: вы проста гаворачая галава (звяртаючыся да суддзі — заўв.) Крэсла, на якім вы сядзіце, і тое больш сумленнае за вас, спадар Брэган. Тыя прысуды, якія тут абвяшчаюцца, заснаваныя не на сіле закона, а на сіле беззаконня. Усе прысуды падпісаныя і размеркаваныя загадзя. Таму ў сувязі з поўнай нелегітымнасцю ўсіх вашых так званых структур, усе прысуды, у тым ліку, мой, не маюць юрыдычнай сілай, не з'яўляюцца законнымі: я іх не прызнаю".
Таксама гэты суддзя Маскоўскага раёна Брэста асудзіў да трох і трох з паловай гадоў калоніі Аляксандра Бабіча і Міхаіла Шабалюка за падзеі жніўня 2020. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі.
Яўген Брэган стаў тым, хто вынес прысуды 13 фігурантам «справе карагодаў». Гэта была ўжо пятая група абвінавачаных. Палітзняволенага 27-гадовага Аляксандра Храпко ён асудзіў за ўдзел у карагодзе да аднаго года калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Двух палітзняволеных 23-гадовага Радзівона Медушэўскага і 19-гадовага Ігара Вінакурава ён асудзіў да 1,5 года "хатняй хіміі". Іх вызвалі з-пад варты ў зале суда. Потым Радзівон распавёў «Вясне» пра суд, які ён бачыў праз краты:
"Я "ішоў" на суд, як на свята, таму што нарэшце была надзея, што мяне вызваляць. Я ведаў, што няма перадумоў думаць, што мне дадуць калонію, але стараўся занадта моцна сябе не абнадзейваць, таму што і перадумоў, што мяне пасадзяць у СІЗА, я раней таксама не бачыў.
Храпко да апошняга спадзяваўся, што яго адпусцяць. Ён, напэўна, не ведаў ці не хацеў верыць, што па палітычных артыкулах даюць роўна столькі, колькі запытвае пракурор".
Радзівон трапна заўважыў, што беларускія суддзі, як правіла, даюць такое пакаранне, якое просіць дзяржабвінаваўца. Цяжка ўзгадаць выпадак у практыцы берасцейскіх суддзяў, калі яны адыходзілі ад запытаў пракурораў.
Брэст, Іна Клышпач. 23 асуджаных па «справе карагодаў», «масавых беспарадках», «справы пудзілаў»
На рахунку суддзі Маскоўскага раёна Брэста Іны Клышпач лічыцца 23 асуджаных па палітычных матывах. У калоніі яна адправіла шэсць берасцейцаў за «масавыя беспарадкі» ў жніўні. Шостай групе яна прызначыла пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінамі на тры-чатыры гады. Тым, хто заявіў на судзе пра збіццё пасля затрымання, замест праверкі па фактах катаванняў яна прызначыла самае строгае пакаранне. Так, палітвязень Андрэй Кандрасюк расказваў на судзе, як яго збівалі ў аўтазаку. А Уладзімір Кобрынец адзначыў, што суткі правёў у спартзале РАУС, куды трапіў з-за таго, што папрасіў сілавікоў выклікаць хуткую для хлопца з гумавай куляй у жываце.
Іна Клышпач асудзіла 14 чалавек па «справе карагодаў». На 1,2-2 гады «хіміі» і «хатняй хіміі» яна пакарала мясцовую актывістку Алену Гнаўк, маці і дачку Вікторыю і Алену Лысковіч, маці чацвярых дзяцей Людмілу Луцкую, лекара траўматолага-артапеда Юрыя Чубрыка, студэнта Уладзіслава Навіцкага і Радзівона Кандрацюка. Да году калоніі яна асудзіла палітзняволенага грамадзяніна Расіі Данілу Чамаданава. Неўзабаве ён ужо мусіць выйсці на волю, але, магчыма, яго адразу дэпартуюць з краіны на Радзіму.
На гэтым працэсе студэнт БрДУ імя Пушкіна Кірыл Луд выступіў з моцным апошнім словам, у якім звярнуўся да суддзі Клышпач:
«<…> Суд першапачаткова не быў справядлівы па сваёй прыродзе. Суд судзіць людзей не па справядлівасці, а па законе. Часам у абыход яго, але ўсё ж не па справядлівасці. Той жа суд прысудзіў да смерці Ісуса Хрыста, і няма столькі вады ва ўсім свеце, каб абмыць рукі Понція Пілата. Паколькі суд судзіць людзей па законе, але не па справядлівасці, Вы маеце рацыю, Высокі суд, – эмацыйнасць тут ні да месца. Як і не было да месца дэманстраваць бюлетэнь абвінавачанай Скакавец, проста сорам і ганьба. Жывіце са сваім учынкам і далей, спадары пракуроры. Калі вы думаеце, што можна вечна гуляць лёсамі мільёнаў, то вы фатальна памыляецеся. На гэтым усё, больш марнаваць на вас свае бясцэнныя словы не буду, паколькі вы іх не вартыя. <…>
Таму Высокі суд, хачу сказаць, што асабіста я, нягледзячы на ўсю вашу строгасць, змог разглядзець у Вас нешта чалавечнае, і толькі зыходзячы з гэтага, што б далей не адбылося, Вам я дарую, вызваляю ад асабістай адказнасці за мой прысуд, які ў хуткім часе будзе абвешчаны, і ніякіх негатыўных эмоцый у Ваш бок, Высокі суд, не адчуваю . <…>”
Таксама Іна Клышпач разглядала справу за развешванне пудзіла-манекенаў прэзідэнта з надпісамі "Скраў галасы" і "Судзіў невінаватых", якое кваліфікавалі па ч. 2 арт. 339 КК як хуліганства, здзейсненае групай асобаў. Жыхароў Брэста Андрэя Коласа, Вольгу Завадскую і Юлію Бодак асудзіла да трох гадоў «хіміі» і «хатняй хіміі».
Брэст, Святаслаў Каліна. Распачаў судовы канвеер па «справе карагодаў», асудзіў 22 пратэстоўцаў
Суддзя Ленінскага суда Брэста Святаслаў Каліна за год вынес 22 «палітычныя» прысуды. Менавіта гэты суддзя распачаў судовы канвеер па «справе карагодаў» і вынес прысуды першай групе яе фігурантаў. Дзесяць чалавек ён асудзіў да аднаго-двух гадоў «хіміі» і «хатняй хіміі». Сярод асуджаных – першая палітзняволеная па гэтай справе – настаўніца Марына Глазава.
Каліна адправіў 10 палітвязняў у калоніі на тэрміны 3-4,5 гады за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту. Сярод іх непаўнагадовы Максім Шатохін, якога Каліна асудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі для непаўнагадовых.
Таксама суддзя суда Ленінскага раёна Брэста Святаслаў Каліна вынес прысуд па крымінальнай справе пра "скрадзенай рацыі" на акцыі пратэсту 20 верасня. Падчас нядзельнай акцыі ў Брэсце 20 верасня Дзмітрыя Шчурко паспрабавалі затрымаць трое чалавек без апазнавальных знакаў у чорнай вопратцы і балаклавах. Дзмітрыя "адбілі" пратэстоўцы, пасля чаго мужчына ўбачыў рацыю, якая ляжыць на зямлі. Ён яе падняў, "ні з якога падсумка не выхопліваў". Шчурко неаднаразова казаў на судзе, ён зрабіў гэта, каб далучыць дадзеную рацыю як рэчдок у справе аб спробе яго выкрасці невядомымі. У выніку, Дзмітрыя Шчурко быў прызнаны вінаватым паводле ч. 1 арт. 205 (крадзеж) і атрымаў два гады «хатняй хіміі».
Брэст, Сяргей Маручак, Дзмітрый Шурын, Андрэй Грушко. Агулам асудзілі паўсотні пратэстоўцаў
На рахунку суддзі Брэсцкага раёна Сяргея Маручака 19 «палітычных» прысудаў за год. Маручак таксама «засвяціўся» ў «справе карагодаў». Сярод асуджаных ім — бацька і сын, які сядзеў у СІЗА, муж і цяжарная жонка, пружанскі паэт, тры палітзняволеных, якія былі вызвалены ў залі суда. 12 чалавекам ён прызначыў пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.
Таксама Маручак асудзіў па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу шэсць хлопцаў на тэрміны ад 2,5 года «хатняй хіміі» да 3 месяцаў арышту за нанясенне надпісаў віду "3%" на помнік Леніну ў пасёлку Дамачава Брэсцкага раёна. Яраслаў Бурак адбывае пакаранне ў тры месяцы арышту на гаўптвахце ў Мінску, бо праходзіць службу ў войску. Гэты тэрмін не пойдзе ў тэрмін службы.
Суддзя Ленінскага раёна Дзмітрый Шурын за год вынес 18 «палітычных» прысудаў. Менавіта ён распачаў практыку вынясення пакаранняў па справе «карагодаў», якія рэальна звязаныя з пазбаўленнем волі. 15 сакавіка Шурын асудзіў Дзмітрыя Буневіча і Аляксея Арцецкага да 1 года і 8 месяца і паўтары гады калоніі адпаведна. Яшчэ шэсць чалавек ён пакараў "хіміяй" і "хатняй хіміяй".
Дзмітрый Шурын адправіў у калоніі 12 маладых хлопцаў па справе «масавых беспарадках». Усім няма яшчэ 30, а палітзняволенаму Давіду Збаранскаму споўнілася 18 гадоў у СІЗА. Гэта была ўжо чацвёртая група. Суддзя асудзіў да трох гадоў выхаваўчай калоніі непаўгадовых Івана Пацяйчука і Максіма Імхавіка. Яшчэ дзесяць чалавек ён асудзіў да пазбаўлення волі на тэрміны ад трох да чатырох з паловай гадоў.
Суддзя Ленінскага раёна Шурын асудзіў 17-гадовага кобрынца Арцёма Зелянкова па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса да 6 месяцаў "хатняй хіміі" за спробу спаліць 27 верасня дзяржаўны сцяг у Брэсце каля фантана на цэнтральнай вуліцы горада.
Суддзя Ленінскага суда Брэста Андрэй Грушко асудзіў па палітычных матывах 14 берасцейцаў. Ён адправіў у калоніі тэрмінам ад трох да пяці гадоў 13 фігурантаў справы «масавых беспарадкаў» за удзел выбарчых акцыях пратэсту. У гэтай групе ён асудзіў па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса да трох гадоў выхаваўчай калоніі непаўнагадовых Аляксандра Вінярскага і Эдуарда Кудынюка. На чатыры гады ў калонію адправіў 18-гадовую Віталію Бандарэнку.
Жлобін, Яўген Ерафееў, Наталля Качалава і Мікалай Сергяевіч. Утрох асудзілі 25 пратэстоўцаў
За падзеі 2020 году суддзя суда горада Жлобіна і Жлобінскага раёна Яўген Ерафееў асудзіў 10 чалавек. Да чатырох гадоў калоніі ён асудзіў 28-гадовага дальнабойшчыка Аляксандра Французава па арт. 364 Крымінальнага кодэкса за тое, што ён нібыта здзейсніў наезд 10 жніўня на намесніка начальніка Жлобінскага РАУС. Дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ён прапусціў, а ў ноч з 10 на 11 жніўня збіраўся зноў з'язджаць у рэйс. Але перад ад'ездам пагадзіўся падвезці ў цэнтр знаёмых. Да цэнтра горада яны не даехалі. На адной з вуліц патрапілі ў затор, уздоўж якога хадзілі міліцыянты і даставалі людзей з машын. Аляксандра затрымлівалі драматычна: намеснік начальніка Жлобінскага РАУС Дзмітрый Дзядзюн павіс на акне яго аўто, калі ён спрабаваў з'ехаць. А потым, калі машына набрала хуткасць, упаў.
Суддзя Яўген Ерафееў адправіў у калонію траіх палітзняволеных актывістаў забастоўкі на Беларускага металургічнага заводу Ігара Поварава, Аляксандра Баброва і Яўгена Говара. Ён прызначыў ім пакаранне па арт. 342 КК за перакрыццё дарогі на заводзе ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінамі 2,5-3 гады. Але 16 верасня Говар і Баброў былі памілаваны. Яўгена Говара перавялі на «хімію», а Аляксандра Баброва – на «хатнюю хімію».
Таксама Ерафееў выносіць прысуды за акцыі пратэсту пасля выбараў у мінулым годзе. Супрацоўнікаў БМЗ 22-гадовага Яна Сцяцэнку і 27-гадовага Андрэя Пархамовіча асудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і двух гадоў "хатняй хіміі" адпаведна. Іллю Груздзёва і Сяргея Якубенка асудзіў да 2,5 і 3 гадоў «хіміі» адпаведна. Палітзняволенага Аляксандра Кісялёва Ерафееў асудзіў да трох гадоў калоніі.
У судзе горада Жлобіна і Жлобінскага раёна таксама даганяюць працоўныя паказчыкі па палітычных справах суддзя Наталля Качалава і Мікалай Сергяевіч, якія вынеслі сем і восем прысудаў пратэстоўцам адпаведна.
Качалава адправіла ў калоніі на тры і два з паловай гады за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту мясцовых жыхароў Яўгена Зашчытава і Аляксандра Шаўцова.
Суддзя Мікалай Сергяевіч з васьмі асуджаных ім жлобінцаў пакараў семярых пазбаўленнем волі. Сярод іх – непаўнагадовы Данііл Калеснікаў, якога ён асудзіў да аднаго года і трох месяцаў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі. Усе сем чалавек, якіх Сергяевіч асудзіў да калоніі за ўдзел у выбарчых акцыях, прызнаныя палітычнымі зняволенымі.
Маладзечна, Вікторыя Паляшчук. Першы «палітычны прысуд» за акцыі пратэсту ў 2020 годзе і прысуды адразу шасці маладзечанцам
Суддзя Маладзечанскага раёна Вікторыя Паляшчук стала той, хто вынесла першы «палітычны» прысуд за выбарчыя акцыі ў 2020 годзе. З яе пачалася практыка вынясення суровых прысудаў пратэстоўцам. Так, 29 верасня яна абвясціла прысуды двум маладзечанцам Паўлу Пяскову і Уладзіславу Еўсцігнееву, якіх судзілі па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса за супраціў супрацоўнікам АМАПу з ужываннем гвалту падчас патасоўкі з сілавікамі на акцыі 19 чэрвеня, на якой амапавец дастаў пісталет. Суддзя Вікторыя Паляшчук прызнала абодвух вінаватымі і пакарала іх пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму: Паўла Пяскова — на тры гады і тры месяцы, а Уладзіслава Еўсцігнеева — на тры гады.
Таксама Паляшчук асудзіла шэсць маладзечанцаў, якія 21 лістапада перакрылі дарогу ў горадзе на некалькі хвілін. Сярод асуджаных суддзёй Паляшчук — сын і бацька Сідаровічы Сяргей і Ігар, у якога ампутавана адна нага, дзяўчына Сяргея Эліна Карыцька, а таксама Ганна Задорская, палітвязні Рыгор Саладоўнікаў і Дзмітры Карабейнік. Дзмітрыю Карабейніку, Рыгору Саладоўнікаву, Сяргею Сідаровічу прысудзілі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса па 1,5 гады "хіміі", Эліне Карыцька – год "хіміі". Ганне Задорскай і Ігару Сідаровічу – штрафы ў памеры 195 (5655 рублёў) і 140 базавых велічыняў (4060 рублёў).
На судзе Сяргей Сідаровіч заявіў пра здзекі і катаванні, але Паляшчук не прыняла ў адказ ніякія меры.
«Зараз тут усё цывілізавана на судзе. У ІЧУ супрацоўнікі зазіралі ў акенца і смяяліся. У мяне былі ружовыя валасы, татуіроўкі. Можна мне нехта патлумачыць, чаму падчас ператрусу мяне раздзелі дагала і фатаграфавалі? Пасля гэтыя здымкі ў справе не фігуравалі», — казаў Сяргей.