Абарона апанентаў улады ў Беларусі: як з адвакатам распраўляліся рукамі органаў адвакацкага самакіравання Аўдыё
У распараджэнні Праваабарончага цэнтра "Вясна" аказаўся гуказапіс пасяджэння Савета Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, якое адбылося 9 лютага 2021 года — за тыдзень да пачатку разгляду судом крымінальнай справы Бабарыкі (разгляд па сутнасці пачаўся 17 лютага 2021 года). З тых фрагментаў, якія прыводзяцца ў публікацыі, можна ўявіць, якое цэнзураванне ажыццяўляе дысцыплінарны орган мінскіх адвакатаў і наколькі ўмовы працы адвакатаў па волі кіраўніцтва адвакатуры далёкія ад стандартаў права чалавека на абарону і справядлівы судовы разгляд. Бо калі на адваката перад пасяджэннем аказваецца каласальны ціск, далёка не кожны потым зможа незалежна і прынцыпова ажыццяўляць абарону ў працэсе без асцярогі надыходу негатыўных наступстваў.
Перыяд з канца 2020 па другую палову 2021 года ўвайшоў у гісторыю беларускай адвакатуры як самы змрочны
Палітычна матываваная крымінальная справа ў дачыненні да экс-кіраўніка "Белгазпрамбанка", а цяпер палітычнага зняволенага Віктара Бабарыкі, зрабілася знакавай у гісторыі Беларусі з шэрагу прычынаў. Гэта і вялізная падтрымка асобы Бабарыкі на этапе збору подпісаў за вылучэнне яго кандыдатам у прэзідэнты, і шматлікая ініцыятыўная група з ліку паспяховых менеджараў і дасведчаных IT-спецыялістаў. Ідэі праграмы Віктара Бабарыкі пра добрасумленную канкурэнцыю ў палітыцы, пра ўмовы з боку дзяржавы для свабоднага развіцця асобы, пра важнасць права як рэгулятара грамадскіх адносінаў, пра тое, што пераважная большасць беларусаў саспелі да зменаў і да таго, што ўлада ў краіне павінна змяняцца ў выніку канкурэнтных выбараў, знайшлі вялікі водгук у насельніцтва.
Велізарны грамадскі рэзананс крымінальны пераслед Віктара Бабарыкі атрымаў і ў сувязі з дзеяннямі ўладаў, якія з моманту затрымання палітвязня раз-пораз рабілі спробы надаць справе банкіра карупцыйную афарбоўку. Аднак, калі ў справе няма палітычнага матыву, то навошта тады вышэйшыя службовыя асобы ад моманту затрымання палітвязня пераконвалі ўсіх навокал, заўчасна даючы ацэнку дзеянням Бабарыкі на пасадзе кіраўніка найвялікшага камерцыйнага банка краіны, у тым, што ён вінаваты ў адмыванні грошай і атрыманні хабараў у буйным памеры? Праваабарончы цэнтр "Вясна" на працягу ўсяго папярэдняга расследавання справы звяртаў увагу на дэманстратыўнае грэбаванне стандартамі правоў чалавека ў адносінах да Бабарыкі з боку ўладаў.
«Справа аб паразе ў правах Віктара Бабарыкі» – прамова адваката палітвязня па «справе Белгазпрамбанка»
Перыяд з канца 2020 па другую палову 2021 года ўвайшоў у гісторыю беларускай адвакатуры як самы змрочны, бо інстытут прафесійных абаронцаў сутыкнуўся з беспрэцэндэнтнымі рэпрэсіямі і пазбавіўся каля трыццаці юрыстаў, якія ўдзельнічалі ў палітычна матываваных крымінальных і адміністрацыйных справах. Мішэнню зрабіліся адвакаты, якія самааддана і прынцыпова абаранялі правы ахвяраў палітычных рэпрэсій, апублічваючы факты беззаконня і катаванняў, дэманстратыўнай знявагі судамі працэсуальных гарантый іх падабаронных.
Год назад цяжка было ўявіць, што адвакатаў пачнуць масава пазбаўляць права на прафесію за выказванні ў СМІ, а пасля блакавання незалежных медыя і наогул у ход пойдуць санкцыі за публікацыі на старонках у сацсетках, якія належаць адвакатам.
Апагеем абсурду і бяссілля з боку кіраўніцтва адвакатуры ў спробе "паставіць юрыстаў на месца", каб тыя не выказваліся публічна з нагоды таго, што адбываецца ў краіне, стала пазбаўленне 9 ліпеня 2021 года адвакацкага статусу Дзмітрыя Лаеўскага за прававую пазіцыю ў спрэчках па самай рэзананснай палітычна матываванай крымінальнай справе ў гісторыі незалежнай Беларусі. Падчас судовых спрэчак у Вярхоўным судзе 22-23 чэрвеня 2021 года Дзмітрый Лаеўскі прывёў аргументы аб неправамерным характары пераследу не толькі Віктара Бабарыкі, але і іншых абвінавачаных супрацоўнікаў "Белгазпрамбанка", на паказаннях якіх выключна і будавалася абвінавачванне Камітэта дзяржбяспекі і Генпракуратуры, а пасля — і прысуд Вярхоўнага суда.
Характэрна, што калі б КДБ і ДФР насамрэч мелі вычарпальную доказную базу, то дастаткова было б правядзення папярэдняга расследавання і судовага разбіральніцтва, усяго толькі кіруючыся законам і не ствараючы пры гэтым перашкодаў абароне. Аднак 18 чэрвеня 2020 года, у дзень затрымання прэтэндэнта ў прэзідэнты, увесь свет пабачыў, як два адвакаты грукаліся ў замкнёныя знутры дзверы будынка ДФР, спрабуючы трапіць да свайго падабароннага. Цяпер гэтыя два адвакаты, Аляксандр Пыльчанка і Дзмітрый Лаеўскі, пазбаўленыя адвакацкіх ліцэнзій.
У распараджэнні Праваабарончага цэнтра "Вясна" аказаўся гуказапіс пасяджэння Савета Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, якое адбылося 9 лютага 2021 года — за тыдзень да пачатку разгляду судом крымінальнай справы Бабарыкі (разгляд па сутнасці пачаўся 17 лютага 2021 года). З тых фрагментаў, якія прыводзяцца ў публікацыі, можна ўявіць, якое цэнзураванне ажыццяўляе дысцыплінарны орган мінскіх адвакатаў і наколькі ўмовы працы адвакатаў па волі кіраўніцтва адвакатуры далёкія ад стандартаў права чалавека на абарону і справядлівы судовы разгляд. Бо калі на адваката перад пасяджэннем аказваецца каласальны ціск, далёка не кожны потым зможа незалежна і прынцыпова ажыццяўляць абарону ў працэсе без асцярогі надыходу негатыўных наступстваў.
Ці магчымая здаровая і добрасумленная канкурэнцыя сярод адвакатаў, калі таго, хто прытрымваецца высокіх стандартаў прафесійнай дзейнасці, самі органы адвакатуры пазбаўляюць права на прафесію і сродкаў да існавання?
Варта адзначыць, што пасяджэнне Савета МГКА адбылося адразу ж пасля таго, як адвакат Лаеўскі публічна заявіў пра несумяшчальнасць са стандартамі правоў чалавека прыняцця справы ў адносінах да Віктара Бабарыкі да разгляду па першай інстанцыі Вярхоўным судом — праз немагчымасць у гэтым выпадку абскардзіць прысуд у апеляцыйным парадку, парушэнне галоснасці ў сувязі з нядопускам незалежных СМІ на пасяджэнне, а таксама незаконнасць і неабгрунтаванасць прад'яўленага КДБ абвінавачвання, з якім справа ў адносінах да Віктара Бабарыкі была перададзеная ў суд. "Вясна" публікуе самыя цікавыя моманты, якія паказваюць, наколькі нялёгка незалежнаму адвакату выконваць свой прафесійны абавязак у палітычна матываванай крымінальнай справе.
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Як гэтае грамадства будзе даваць ацэнку правасуднасці прысуду?"
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: “Вашы вось гэтыя паводзіны, дзеля чаго вы гэта ўсё робіце? Вы выказваецеся зусім не па справе, а там як прэсу пусцілі ці не пусцілі, і ці можа Вярхоўны суд разглядаць па першай інстанцыі”.
Адвакат Лаеўскі: "Я магу адказаць вам на любое ваша пытанне, давайце пра прэсу".
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Пачакайце. Яшчэ, значыць, шмат-шмат усяго. Ну-у-у... Якое гэта мае дачыненне да аказання вамі як адвакатам юрыдычнай дапамогі? Нават канкрэтна па гэтай справе ці ў сувязі з чым вы наогул усё гэта абмяркоўваеце?".
Адвакат Лаеўскі: "Ну глядзіце. Лепш усё ж такі разглядаць усё па канкрэтных публікацыях. Калі вы задаяце пытанне пра тое, чаму важна казаць пра нядопуск незалежных медыя ў працэс і пра перанос працэсу мэтанакіравана ў будынак, дзе потым не будуць пускаць людзей, то гэта мае непасрэднае дачыненне да прызнання вынікаў гэтага працэсу правасуднымі ці неправасуднымі. Таму што адзін з элементаў права на справядлівы суд — гэта не толькі магчымасць апеляцыі, удзелу адваката ці там рэалізацыі нейкіх паўнамоцтваў, гэта ў тым ліку галоснасць і адкрытасць працэсу, у артыкуле 14 Пакта мы гэта знаходзім. Таму я як абаронца Бабарыкі, на якога льюць цэбры бруду абсалютна супрацьпраўныя ў парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, лічу сваім прафесійным абавязкам паведаміць грамадству, якое ў будучыні будзе даваць у тым ліку ацэнку правасуднасці ці неправасуднасці, пра тое, што гэтыя моманты, на мой погляд, значныя. Гэта першае. Другое".
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Пачакай, адразу пытанне: як гэта грамадства будзе даваць ацэнку правасуднасці прысуду?"
Адвакат Лаеўскі: "Пачакайце! У нас ёсць у любога грамадзяніна, у тым ліку і ў адвакатаў, права выказваць сваё меркаванне, так? І, на вялікае шчасце маё, там няма спісу пытанняў, па якіх я магу гэтага рабіць, так? Калі вы пытаецеся, якое дачыненне гэта мае да прадмета прававой дапамогі ці там сутнасці прававой дапамогі, ну ўласна кажучы, калі я з жонкай на кухні ўвечары размаўляю, я таксама, можа быць, абмяркоўваю нейкія рэчы, якія непасрэдна не тычацца прававой дапамогі, калі я ў краму па прадукты іду — ёсць абсалютна вялікі сектар жыцц чалавека, які з'яўляецца адвакатам, які можа быць запоўнены дзеяннямі, якія не пярэчаць закону і пры гэтым непасрэдна не тычацца. Натуральна, што, калі я пішу допіс у блогу, як Чайчыц піша допіс у блогу, так, я не займаюся аказаннем прававой дапамогі. І той факт, што мае меркаванні, як вы напісалі ў характарыстыцы ў Мінюст, так, "дапускае рэзкія крытычныя выказванні" — яны рэзкія і крытычныя, таму што сітуацыя такая, што вытлумачае рэзкія і крытычныя выказванні з майго боку. Я лічу магчымым гэта рабіць, таму што я не парушаю закон".
ЗАПІС
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Што ад гэтых вашых допісаў для Бабарыкі ці каго там, Знака абараняеце яшчэ?"
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Што ад гэтых вашых допісаў для Бабарыкі? Ці каго там, Знака абараняеце? Знак яшчэ, па-мойму?"
Адвакат Лаеўскі: "І Знака абараняю, і Пыльчанка абараняў, так, прадстаўляў інтарэсы".
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Якая ім карысць? Ну вось матэрыяльная-рэальная"
Адвакат Лаеўскі: "Сотні тысячаў грамадзян бачаць, што за Бабарыку хтосьці змагаецца, што тут ёсць сэнс неяк адстойваць пункт гледжання ў нейкай спрэчцы!"
ЗАПІС
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Адвакат палітыкай і палітыканствам займацца не павінен"
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Адвакат абмежаваны вельмі вялікімі, як мы лічым, момантамі. Тое, што можа казаць нейкі блогер ці палітолаг, якія-небудзь на тэлебачанні ці ў сябе там — адвакат проста не мае права. Скажыце, вы наогул разумееце, я чуў, так бы мовіць, іншыя рэчы, я так лічу, што адвакат палітыкай і палітыканствам займацца не павінен".
Адвакат Лаеўскі: "Якое выказванне, напрыклад? А дзе тут палітыка? Я гэтую фразу чуў пяцьсот разоў!"
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Я проста чуў выказванне таго ж Аляксандра Уладзіміравіча Пыльчанкі, дзесьці на "Белсаце", так, выступаў: як гэта —адвакат не займаецца палітыкай? Мы ж грамадскія дзеячы, мы ж палітыкай займаемся!"
Адвакат Лаеўскі: "Аляксей Іванавіч, тое, што сказаў Пыльчанка, сказаў Пыльчанка".
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Можа Вы гэтак жа мяркуеце?"
Адвакат Лаеўскі: "Я мяркую, што гэта выказванне можа мець часам, у некаторых акалічнасцях сэнс, так, калі адвакат, напрыклад, будзе балатавацца ў дэпутаты. Вось я лічу, напрыклад, што ўдзел афіцыйна ў палітыцы можа разыходзіцца з задачамі адвакацкай дзейнасці. А калі адвакат проста выказвае сваё меркаванне, то я не бачу, якое гэта мае дачыненне да палітыкі. Палітыка — гэта барацьба за ўладу".
ЗАПІС
Чалец Савета МГКА: "Крытыкуй як мае быць!"
Чалец Савета МГКА: "Той, хто займаўся ў дадзеным выпадку заканатворчасцю, мы ж яго не слухалі, і ён цалкам можа сказаць: прабачце, ты крытыкуй як мае быць, але не дазваляй сабе…"
Адвакат Лаеўскі: "Ключавы момант "крытыкуй як мае быць" — гэта фраза, яна і адлюстроўвае прычыну, чаму мы тут сабраліся. Таму што хтосьці лічыць магчымым рэгуляваць аб'ём крытыкі, а заканадаўства і Канстытуцыя нікога не надзяляюць гэтым".
ЗАПІС
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Дастаткова некарэктнасці адной фразы"
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "У фэйсбуку, так, пра "паўночнакарэйскі варыянт". Ужо дастаткова, разумееце, карэктнасці ці некарэктнасці адной фразы".
Адвакат Лаеўскі: "Беларусь сябруе з дзяржавай КНДР, падтрымлівае працяглыя гаспадарчыя і культурныя сувязі. Словаў непрыстойных няма. Я не разумею... Калі камусьці не падабаецца, што сёння ўмовы ў гэтай краіне робяцца падобнымі да ўмоваў у іншых краінах, то гэта ўжо пытанне не да мяне".
ЗАПІС
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Адвакат абмежаваны настолькі, што любы грамадзянін нашмат больш свабодны"
Адвакат Лаеўскі: "Аляксандр Уладзіміравіч!"
Чалец Савета МГКА Аляксандр Гамбалеўскі: "Так".
Адвакат Лаеўскі: "Кожны чалавек мае пэўныя правы".
Чалец Савета МГКА Аляксандр Гамбалеўскі: "Чалавек — так, але ты адвакат".
Адвакат Лаеўскі: "Адвакат тым больш мае правы, проста вы глядзіце на гэта [перарываюць]..."
Чалец Савета МГКА Аляксандр Гамбалеўскі: "Абавязкі трэба…"
Іншы чалец Савета МГКА: "Тут правы аднаго сканчаюцца там, дзе пачынаюцца правы іншага".
Адвакат Лаеўскі: "Ну дык я ж ад вас крытэраў канкрэтных і не пачуў, вы бераце нейкую фразу [перарываюць]…"
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Так, усё, Дзмітрый, на жаль, адвакат абмежаваны настолькі, што нават я думаю, што любы грамадзянін нашмат больш свабодны. А ў нас, на жаль ці на шчасце, ёсць абмежаванні".
ЗАПІС
Чалец Савета МГКА Андрэй Санковіч пра прыярытэты адвакатуры: "Вось справа палітычная — лепш, каб трапіла ў прэсу ці ціхенька атрымаць пакаранне?"
Чалец Савета МГКА Андрэй Санковіч: "[адвакат], ён павінен выконваць рашэнне Савета, так што давайце мы не будзем у прэсе як бы ну..."
Адвакат Лаеўскі: "А дзе такое рашэнне ёсць?"
Чалец Савета МГКА Андрэй Санковіч: "Ну, мы пісалі ліст, так, пра тое, што акуратна выказвайцеся. Гэта пачыналася да Пыльчанкі, мне здаецца, яшчэ".
Адвакат Лаеўскі: "Не, дык калі гэтае ёсць рашэнне, то я азнаёмлюся з ім, вядома".
Чалец Савета МГКА Андрэй Санковіч: "Ну, ёсць рашэнне, што я пісаў сам, у мяне ёсць, я пісаў з нагоды... зварот быў, так, я сваё меркаванне выказваў проста, казаў, што адвакат павінен акуратна там гэта не змешваць справы ў палітыку".
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Гэта яшчэ да выбараў было".
Чалец Савета МГКА Андрэй Санковіч: "Яно ў мяне ёсць, я знайду і, калі трэба вам дашлю, добра? Гэта маё меркаванне асабістае было з нагоды звароту. Гэта наш вось зварот у Савет Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, ну, гэты зварот…"
Адвакат Лаеўскі: "Гэта ж не рашэнне Савета. Ці гэта рашэнне?"
Чалец Савета МГКА Андрэй Санковіч: "Гэта не рашэнне. Мы не будзем юрыдычную тэму уздымаць".
Адвакат Лаеўскі: "Пачакайце, калі гэта рашэнне, то яно нясе для мяне абавязковасць… [перабіваюць]"
Чалец Савета МГКА Андрэй Санковіч: "Вам такое пытанне задавалі як прафесіяналу: вось скажыце, вось справа палітычная — лепш, каб яна, там прызнаюць палітычнай, ці асвятліць у прэсе, ці не, як вы адказваеце на гэта пытанне? Крымінальная справа, лепш, каб яна трапіла ў прэсу і гучнай стала або гэта ціхенька лепш там атрымаць пакаранне?"
Адвакат Лаеўскі: "Ёсць розныя справы".
ЗАПІС
Чалец Рады МГКА Іна Легчына: "Ёсць вызначаныя правілы гульні"
Чалец Рады МГКА Іна Легчына: "На сённяшні момант вы б'яцеся, паказваючы нам, што мы не маем рацыі. Але вось ёсць пэўны соцыум, мы ўсе жывём у гэтым соцыуме. Вы спрабуеце гэты соцыум... узяць ледасек, якім забівалі, і спрабуеце лупіць гэтым ледасекам. І вам кажуць: "Ну, марна. Ну, проста марна".
Адвакат Лаеўскі: "Я да сённяшняга дня не думаў, што гэта можа зрабіцца нагодай для таго, каб мяне на Савет выклікаць".
Чалец Савета МГКА Іна Легчына: "Разумееце, вы падстаўляецеся самі, але гэта ваша права. Кожны робіць так, як ён лічыць патрэбным, і мы паважаем ваш пункт гледжання. Але вы падстаўляеце ўсіх астатніх. Наўпрост, ускосна".
Адвакат Лаеўскі: "Якім чынам?"
Чалец Савета МГКА Іна Легчына: "Ну якім чынам — такім чынам, што ёсць вызначаныя рамкі, і вызначаныя ўмовы паводзінаў, і ўмовы гульні, па якіх на сённяшні момант вось у гэтых акалічнасцях, якія склаліся, яны вось такія".
Адвакат Лаеўскі: "А гэта якія акалічнасці?"
Чалец Савета МГКА Іна Легчына: "Ну-у-у, якія акалічнасці…"
Адвакат Лаеўскі: "Іна Барысаўна, мы ўсё гаворым нейкімі паўнамёкамі… Дык я не маю рацыі ці я дзейнічаю палітычна непісьменна?"
Чалец Савета МГКА Іна Легчына: "Давайце я пачытаю, што вы напісалі: "Адкрытае разбіральніцтва ці адкрыты суд значыць, што любы грамадзянін можа назіраць у зале за судовым разбіральніцтвам. Ідэя адкрытасці суда мае ў аснове глыбокі сэнс, таму што гэта можа спрыяць аб'ектыўнасці суда. Аб'ектыўнасці суда. Бо калі на суддзю глядзіць шмат людзей, то цалкам магчыма, што ён будзе больш узважана ставіцца да сваіх высноваў і дзеянняў". Скажыце, калі ласка, калі вы на мяне будзеце не так глядзець, ці буду я выносіць неправасудны прысуд?"
Адвакат Лаеўскі: "Не, вы ... [перабіваюць]".
Чалец Савета МГКА Іна Легчына: "Ці вы асвятліце неяк у сродках масавай інфармацыі па-іншаму? Пачакайце".
Адвакат Лаеўскі: "Іна Барысаўна, вы прафесійная адвакатка, і можаце, безумоўна, выключна якасна сказіць любыя словы, хто б іх ні сказаў".
Чалец Савета МГКА Іна Легчына: "Я вам не вораг, я не хачу скажаць вашы словы".
Адвакат Лаеўскі: "Іна Барысаўна, я хачу сказаць, што вы выдатна разумееце, што я меў на ўвазе гэтай фразай. І яна тлумачыцца менавіта так, як я яе сказаў. Калі за дзейнасцю суддзі назіраюць грамадзяне, на мой погляд, верагодна, — назіраюць па відэасувязі, прысутнасцю, чытаннем нейкіх справаздачаў там пра гэты суд, як заўгодна, так, гэтая фраза мае шырокі сэнс — калі яны назіраюць, верагоднасць, што ён будзе "жэсць" у працэсе чыніць, яна трошкі меншая, таму што мне яшчэ хочацца верыць, што ў нейкіх суддзяў захаваўся нейкі сорам хоць трошкі, хоць я, напэўна, памыляюся ў гэтым".
ЗАПІС
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў пра прыярытэты адвакатуры: "Мы жылі ціха, нармальна, нам усяго хапала"
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Такіх у нас адвакатаў, якія вось так вось падтрымліваюць [публічнае выказванне меркавання], ну максімум 5%. Вось тыя, хто... асноўная колькасць у нас, якія працуюць у кансультацыях, вось яны тут ёсць — адвакаты, якія прысутнічаюць, — ім трэба працаваць, ім трэба зарабляць грошы, ім трэба гадаваць дзяцей, ім трэба захаваць прафесію, ім трэба, каб справы ў іх былі проста, так… Ім трэба спакой. Вось мы жылі пасля 12-га года, калі ўся тая лабуда скончылася, вось скажыце, хто тут жыў дрэнна? Мы жылі ціха, звычайна, нам усяго хапала".
ЗАПІС
Чалец Савета МГКА — адвакату Лаеўскаму: "Вы паўторыце лёс свайго калегі Пыльчанкі"
Чалец Савета МГКА: "У вас ёсць выказванні, у мяне прэтэнзіі не да ўсяго наогул, у мяне ёсць канкрэтныя прэтэнзіі да канкрэтных фраз, якія маюць ну саркастычны тон. Вы кажаце — гэта іронія, а мной успрымаецца гэта як сарказм".
Адвакат Лаеўскі: "Сарказм — гэта не супрацьпраўнае дзеянне".
Чалец Савета МГКА: "Так, усё гэта выдатна. Толькі вы павінны разумець, каго вы абараняеце. І які гэта мае ў грамадстве рэзананс. І дапускаць такія выразы!.. Так, хай гэта не парушае закон, я згодная, але ёсць паняцце этыкі, так, можа дзесьці ў правілах прафесійнай этыкі гэтага і не прапісана, але вы дзейнічаеце некаторымі фразамі — "паўночнакарэйскі варыянт" — ну пра што вы тут думалі?"
Адвакат Лаеўскі: "А што тут недапушчальнага? Вось растлумачце свой пункт гледжання".
Чалец Савета МГКА: "Вы мяркуеце дапушчальным пісаць?.."
Адвакат Лаеўскі: "А што тут непрыстойнага, што тут супрацьпраўнага?"
Чалец Савета МГКА: "Я вам кажу, што, як па мне, у вас недапушчальны тон, разумееце? Рыторыка вашая недапушчальная".
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Дзмітрый, а што вы мелі на ўвазе "паўночнакарэйскі", што вы не назвалі "паўднёваамерыканскі?".
Адвакат Лаеўскі: "Мог напісаць нават "чылійскі часоў Аўгуста Піначэта", але якая розніца? Гэта проста фраза!"
Чалец Савета МГКА: "Розніца ў тым, што вы паўторыце лёс свайго калегі, былога ўжо".
Адвакат Лаеўскі: "Калі вы так пра гэта інфармаваныя, мне застаецца толькі шкадаваць".
Чалец Савета МГКА: "Я мяркую, што гэта магчымы варыянт, разумееце? Як вы мяркуеце, што можа быць вынесены неправасудны прысуд, гэтак я мяркую, што вы можаце з улікам вашых публікацый паўтарыць лёс Пыльчанкі. Ну як бы вось і ўсё. І не кажыце, што вы спрабуеце ўзняць прэстыж адвакатуры — вас адвакатура пра гэта не просіць. Больш за тое, прадстаўнікі адвакатуры вас просяць: ну не ў такім тоне, будзьце ласкавы ўжо, калі ласка!"
Адвакат Лаеўскі: "Ну дык сфармулюйце мне крытэры, у якім тоне мне можна!"
Чалец Савета МГКА: "Я не буду фармуляваць вам крытэры, вы ўсё цудоўна разумееце!"
ЗАПІС
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў — адвакату Лаеўскаму: "Вы пачынаеце разважаць на тэмы, на якія вы наогул не павінны разважаць"
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Вы пачынаеце разважаць на тэмы, на якія вы наогул не павінны разважаць, з'яўляючыся прафесіяналам. Вы гэта робіце, я разумею, наўмысна. Так? Таму што разумееце…"
Адвакат Лаеўскі: "Яшчэ раз, што я раблю наўмысна?"
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Ну вось пра ўсе гэтыя рэчы разважаць, якія не тычацца вашай абароны".
ЗАПІС
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Вы разумееце, што сваімі выступамі падстаўляеце ўсю нашу адвакацкую супольнасць?"
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Вы разумееце, што ў гэтай сітуацыі сваімі выступамі ў нейкай ступені, так бы мовіць, падстаўляеце ўсю нашу адвакацкую супольнасць?"
Чалец Савета МГКА: "Ну і сябе ў першую чаргу".
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Сябе — добра, сам сабе гаспадар. А вось нас усіх".
Адвакат Лаеўскі: "Якім чынам? Як я вам нашкодзіў?"
Чалец Савета МГКА Аляксандр Гамбалеўскі: "Таму што, калі б ты прыйшоў у Савет, мы сабраліся, спытаў: "Ці можна мне так выступаць, пісаць, або не?".
Адвакат Лаеўскі: "Чаму я павінен так рабіць?"
Чалец Савета МГКА Аляксандр Гамбалеўскі: "Ну таму што мы калегі твае, разумееш".
Адвакат Лаеўскі: "Дык а ў чым праблема, чым я вам шкоджу?"
Чалец Савета МГКА Аляксандр Гамбалеўскі: "Ну ты ж бачыш, якая абстаноўка, яна абвостраная, навошта ты яшчэ выліваеш? Ты ж адвакат! Калі не хочаш, выйдзі з адвакатуры і пішы ты што заўгодна".
ЗАПІС
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Вам "дзякуй" ніхто не скажа"
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "…мы жывём не ў замкнёным нейкім кодэксе, так. Вакол нас ёсць і гэтыя, і тыя, і дзяржаўныя органы ўлады, і ўсе, з якімі вы, як той казаў, ужо мелі справу, так. Але я ўпэўнены, што гэтымі паводзінамі вы ўсіх нас ставіце ў цяжкае становішча, а, кажучы простай мовай, падстаўляеце. Чым гэта ўсё скончыцца, я не ведаю. Але, думаю, вам ніхто "дзякуй" не скажа".
ЗАПІС
Чалец Савета МГКА: "Вам не дадуць аказваць прафесійную дапамогу"
"І тут справа не ў тым, што мы супраць і мы не хочам — а ў тым, што вам не дадуць аказваць прафесійную дапамогу таму чалавеку, дзеля якога вы ўсё гэта робіце".
ЗАПІС
Чалец Савета МГКА Іна Легчына: "Што з вамі будзе, Дзмітрый Вітальевіч?"
Адвакат Лаеўскі: "Калі да мяне звяртаўся Віктар Дзмітрыевіч Бабарыка па юрыдычную дапамогу, гэта было за некалькі дзён да таго, што потым адбылося, гэта быў паважаны аўтарытэтны чалавек, якога шмат хто хацелі б бачыць у сябе ў кліентах. Тое, што адбылося потым, …"
Чалец Савета МГКА Іна Легчына: "Дзмітрый Вітальевіч, дазвольце я з вамі не пагаджуся. Праводзіў TUT.BY апытанне, хто лічыцца асноўным з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. І 80% насельніцтва, якое ўдзельнічала ў галасаванні, назвалі Бабарыку. Таму давайце не будзем казаць, што імідж Бабарыкі нейкім чынам упаў. Першапачаткова Аляксей Іванавіч вам сказаў: мы не бяром Бабарыку, Іванова, Пятрова. Дзмітрый Вітальевіч, дазвольце, я скажу. Паглядзіце: Бабарыка, будзе ён сядзець, выйдзе, што яны там вырашаць, якія там вертыкалі, якія там гэтыя замесы, заносы, і ўсё астатняе — гэта адно. Што з вамі будзе, Дзмітрый Вітальевіч?"
ЗАПІС
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў — адвакату Лаеўскаму: "Не перашкаджай нам працаваць!"
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Пайшоў па-новаму, так?"
Адвакат Лаеўскі: "Не, Аляксей Іванавіч. Гэта боль вельмі вялікі, які я як жыхар гэтай краіны адчуваю..."
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "…Ну, ставіш нас, табе кажуць, у становішча… А нам што рабіць цяпер? Табе падзякаваць за гэта?.."
Адвакат Лаеўскі: "Мне не трэба ніякіх падзякаў, толькі не перашкаджайце".
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Выдатна, "не перашкаджайце"! Я табе гэтак жа скажу: нам не перашкаджай працаваць. Вось гэтым людзям, якіх тут 700-800 чалавек, не перашкаджай нам працаваць!"
Адвакат Лаеўскі: "Ну, сваім знаходжаннем у прафесіі? Гэтак можна давесці і да выбару пазіцыі па справе, так".
Чалец Савета МГКА Аляксандр Гамбалеўскі: "Не, ужо тут ніхто ніколі нікому не казаў [пра пазіцыю ў працэсе]".
Старшыня МГКА Аляксей Швакаў: "Ніколі не чапалі нікога з адвакатаў [за пазіцыю ў працэсе]".
ЗАПІС
Органы адвакатуры зрабіліся цалкам падкантрольнымі Мінюсту?
Нягледзячы на ціск і пагрозы, адвакат Лаеўскі актыўна вёў абарону Віктара Бабарыкі ў судзе, выступаў з прававымі каментарамі ў СМІ і сацсетках.
Увесну 2021 года з падачы Міністэрства юстыцыі ўнесеныя змены ў Закон "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці", паводле якіх не толькі старшыні тэрытарыяльных калегій адвакатаў, але і чальцы саветаў калегій падлягалі ўзгадненню ў Мінюсце. У выніку гэтага органы адвакатуры як дэ-факта, гэтак і дэ-юрэ зрабіліся цалкам падкантрольнымі дзяржапарату ў асобе Мінюста.
І словы чальцоў Савета МГКА пра тое, што за пазіцыю ў працэсе адвакатаў "ніколі не чапалі", якія прагучалі 9 лютага 2021 года, ужо праз некалькі месяцаў адышлі ў нябыт.
8 ліпеня 2021 года, праз два дні пасля абвяшчэння прысуду па "справе "Белгазпрамбанка", дысцыплінарная камісія МГКА вынесла пастанову, якой наклала на Дзмітрыя Лаеўскага дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе выключэння яго са складу Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. А ўжо 9 ліпеня 2021 года Савет МГКА выключыў адваката Лаеўскага з Калегіі, пазбавіўшы яго тым самым адвакацкага статусу, права практыкаваць і сродкаў да існавання. Нагодай для такога дысцыплінарнага спагнання была прававая пазіцыя адваката ў працэсе — выступ Лаеўскага з прамовай абароны ў спрэчках па "справе "Белгазпрамбанка", падчас якой ён растлумачыў сутнасць правакацыі ў дачыненні да Віктара Бабарыкі, прывёў довады аб невінаватасці ўсіх абвінавачаных супрацоўнікаў банка, на чыіх прызнаннях віны засноўвалася абвінавачванне ключавому фігуранту Віктару Бабарыку, і заявіў пра неабходнасць іх усіх апраўдаць.
6 жніўня 2021 года дысцыплінарная камісія Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў адмовіла ў задавальненні скаргі адваката Лаеўскага на выключэнне яго з МГКА. 11 жніўня 2021 года камісія пры Міністэрстве юстыцыі вырашыла спыніць дзеянне адвакацкай ліцэнзіі Дзмітрыя Лаеўскага. Старшыня МГКА Аляксей Швакаў і старшыня БРКА Віктар Чайчыц, якія ўваходзілі ў склад камісіі, галасавалі за спыненне ліцэнзіі.
Такім чынам, органы адвакацкага самакіравання "давялі" сітуацыю з парушэннем правоў адвакатаў да таго, што адвакатаў пазбаўляюць права на прафесію не толькі за публічнае выказванне меркавання, але і за выказаную ў судзе прававую пазіцыю.
У падтрымку Дзмітрыя Лаеўскага выступілі вядучыя адвакацкія аб'яднанні Еўропы, арганізацыі грамадзянскай супольнасці і міжнародныя праваабарончыя асацыяцыі.
Заява ў сувязі з узмацненнем рэпрэсій у дачыненні да адвакатаў у Беларусі і пазбаўленнем Дзмітрыя Лаеўскага адвакацкага статусу