Суд над Прахарэнкам у Гомелі фактычна пачаўся нанава: змяніліся суддзя і пракурор, а сведкі на працэс не з’явіліся
Суд Савецкага раёна Гомеля 13 лістапад працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Юрыя Прахарэнкі, якога вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза суддзі або народнага заседацеля) і арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).
Па справе праходзяць 23 пацярпелыя. Гэта супрацоўнікі органаў унутраных спраў, суддзі, пракурорскія работнікі і нават прэзідэнт.
Паколькі ў працэсе ад пачатку першага пасяджэння 29 верасня змяніліся адразу і суддзя, і дзяржабвінаваўца, новы суддзя Аляксандр Мохараў паведаміў, што справа, па-сутнасці, будзе разглядацца нанава.
Сам абвінавачаны ў судзе, па ранейшаму, не прысутнічае, сваякі кажуць, што малады чалавек знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане, у яго заўважаныя панічныя атакі. За час зняволення ў СІЗА Гомеля Юрый пахудзеў больш чым на 20 кілаграмаў.
Ягоным законным прадстаўніком у судзе выступае бацька – Сяргей Прахарэнка.
Юрыя Прахарэнку затрымалі ў Гомелі 11 жніўня 2020 года, моцна збілі ў Навабеліцкім РАУС і, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, пакаралі адміністрацыйным арыштам на 12 сутак. Быў вызвалены на трэці дзень.
Экспертыза паказала, што на фоне затрымання і збіцця ў жніўні 2020 году, а таксама крымінальнага пераследу і змяшчэння ў турму ў яго развілася псіхічнае расстройства.
Сяргей Прахарэнка, бацька абвінавачанага, на судзе расказаў, што сын працаваў грузчыкам. Быў апалітычны. Позна ўвечары 11 жніўня 2020 году яго затрымалі ў цэнтры гораду, калі ён вяртаўся дахаты з прагулкі.
Паводле афіцыйнага абвінавачання, Юрый быў падпісаны на каналы, дзе публікаваліся асабістыя звесткі сілавікоў. Сярод іх - "Дэанон" і “Карнікі Беларусі”. Пачынаючы ад снежня мінулага года па красавік 2021 года ён пісаў з дапамогай тэлефона ў сетцы Інтэрнэт «каментары абразлівага характару, выказаныя ў непрыстойнай і абразлівай форме».
Так, 18 снежня, па матэрыялах абвінавачання, у тэлеграм-чаце “Дыянон” ён абразіў старэйшага памочніка пракурора з Гомеля Яўгена Фартушняка, 20 снежня ў чаце “Карнікі Беларусі” пакінуў абразлівы каментар пад фота намесніка начальніка аддзела міліцыі грамадскага парадку Гомеля Кірылы Ганчарова.
20 снежня ў тэлеграм-канале “Карнікі Беларусі” ізноў пакінуў абразлівы каментар у бок Ганчарова.
24 красавіка 2021 года ў тэлеграм-канале "Дыянон" абразіў супрацоўніка адной з пракуратур Мінска Герасімовіча.
Прадстаўнік дзяржабвінавачвання Кадоба больш за гадзіну зачытваў эпізоды і прозвішчы пацярпелых.
Дарэчы, ніводзін з іх на судовае пасяджэнне так і не з’явіўся. Некаторыя прасілі агучыць іх паказанні, дадзеныя пад час папярэдняга следства.
Суддзя Мохараў вымушаны быў перапыніць працэс для выкліку ў суд пацярпелых.
Судовае пасяджэнне працягнецца 27 кастрычніка ў 10 гадзін.