viasna on patreon

Марфе Рабковай дазволілі ў СІЗА сустрэцца з мужам

2021 2021-10-13T20:44:16+0300 2021-10-14T09:53:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/spatkanne_siza.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволенай праваабаронцы "Вясны" Марфе Рабковай дазволілі сустрэцца з мужам Вадзімам Жаромскім. Яны ўбачыліся 13 кастрычніка.

spatkanne_siza.jpg
Ілюстрацыйнае фота (prava.expert)

Гадзіннае спатканне праходзіла ў спецыяльных кабінках праз шкло, з дапамогай тэлефонных трубак. У кабінцы з боку Марфы таксама была жалезная рашотка, пафарбаваная ў жоўты колер. Вадзім адзначае, што Марфа вельмі схуднела, выглядае выматанай і стомленай, а яе колер твару — попельна-бледны. А пасля перанесенага ў СІЗА COVID-19 у яе баляць і павялічаныя лімфавузлы. Марфе таксама да гэтага часу адмаўляюць у стаматалагічным лячэнні.

Падчас сустрэчы Марфа некалькі разоў паўтарала фразу:

"Я вельмі хачу дадому. Калі я вярнуся дадому?"

Раней Марфа Рабкова неаднаразова падавала заявы на спатканні з роднымі. Аднак ёй дазволілі сустрэцца з мужам толькі цяпер. Нагадаем, каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову затрымалі 17 верасня 2020 года. З тых часоў яна знаходзіцца пад вартай, і гэты тэрмін пастаянна працягвалі. За гэты час у яе памерлі бацька і бабуля.

"Вясне" таксама стала вядома, што раней у кватэру, дзе Вадзім пражываў з Марфай, прыходзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК і апісвалі маёмасць — у мэтах забеспячэння кампенсацыі шкоды, нанесенай інкрымінаваным злачынствам.

Акрамя гэтага, адвакатку Рабковай Наталлю Мацкевіч (якая таксама з'яўляецца абаронцай Сяргея Ціханоўскага) з 13 кастрычніка адхіляюць ад выканання прафесійных абавязкаў.

Паводле папярэдняй інфармацыі, суд над Рабковай можа пачацца ў снежні 2021 года, магчыма ў закрытым рэжыме. Не выключана, што працэс будзе доўжыцца некалькі месяцаў. Марфа Рабкова абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: па ч. 3 арт. 293 КК РБ (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці), ч. 3 арт. 130 КК РБ (Распальванне сацыяльнай варожасці да ўлады групай нявысветленых асоб) і ч. 2 арт. 285 КК РБ (Удзел у злачыннай арганізацыі). Марфе пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Праваабарончая супольнасць прызнала яе палітзняволенай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства