viasna on patreon

Дзень маці ў няволі: гісторыі жанчын, якія апынуліся па той бок кратаў ад сваіх дзяцей Фота

2021 2021-10-14T17:12:38+0300 2021-10-14T18:11:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/woman_9990_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя nytimes.com

Ілюстрацыя nytimes.com

У Беларусі налічваецца ўжо 804 палітычных зняволеных. З іх у зняволенні знаходзяцца 89 жанчын, з якіх 24 ужо адбываюць пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі. За кратамі сёння знаходзяцца журналісткі, студэнткі, праваабаронцы, валанцёркі, актывісткі і жанчыны самых розных прафесій. Акрамя гэтага, ў зняволенні знаходзяцца шмат тых, каго на волі чакаюць дзеці. У Дзень маці "Вясна" ўзгадвае гісторыі жанчын, якія апынуліся па той бок кратаў ад сваіх дзяцей, а некаторыя – наогул разам з дзецьмі за кратамі. Гэта далёка не ўвесь спіс жанчын, якіх "палітычныя" крымінальныя справы разлучылі са сваімі дзецьмі. Актуальны спіс палітзняволеных можна знайсці на адмысловым сайце "Вясны". Праваабаронцы заклікаюць падтрымліваць вязняў лістамі салідарнасці і паштоўкамі.

Вольга Залатар — мама пецярых дзяцей. За сем месяцаў зняволення ёй прад'явілі абвінавачванні па трох артыкулах

Вольга Залатар з сям'ёй
Вольга Залатар з сям'ёй

Змяшчэнне пад варту Вольгі Залатар называюць адзін з самых ганебных прыкладаў пераследу беларусак з боку ўладаў за апошні час. 38-гадовую Вольгу называюць "маці-гераіня", бо ў яе пяцера непаўналетніх дзяцей: старэйшай дачцэ — 17 год, малодшаму сыну — усяго чатыры.

Вольга — беларускамоўная актывістка і валанцёрка са Ждановіч. Была назіральніцай на выбарах у 2020 годзе. Пасля выбараў Вольга Залатар працягнула грамадскую дзейнасць: валанцёрыла каля Акрэсціна, у судах, дапамагала людзям рознымі спосабамі. З моманту выбараў жанчыну затрымлівалі тройчы: за фота з дваравога чаявання, за адмыванне мурала Паўла Латушкі, падчас "хапуна" на праспекце Незалежнасці напярэдадні Усебеларускага народнага сходу, калі Вольга вярталася з касцёла.

У межах крымінальнай справы Вольгу затрымалі 18 сакавіка, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу на заняткі па цымбалах. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа развярнулі яе машыну і суправадзілі дадому. Там прайшоў ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар, а пазней перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэстную дзейнасць», яна была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і арганізоўвала несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: чаяванні, прагулкі, канцэрты.

Як распавядаў ужо былы адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў, падчас допытаў яна заяўляла, што ў дзень затрымання да яе ўжывалася фізічная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах.

«Падчас допытаў у следчага Вольга тройчы паказвала на факты катаванняў. У ГУБАЗіК у яе патрабавалі разблакаваць прылады і перадаць усе датычныя да яе звесткі. Яна вырашыла скарыстацца правам не сведчыць супраць сябе. Пасля гэтага, казала мая падабаронная, яе білі па патыліцы і ягадзіцах, выломвалі рукі, прыціскалі галаву да зямлі. Калі мы з ёй сустрэліся, у яе было мноства цялесных пашкоджанняў, сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах».

Мачалава яго пазбавілі ліцэнзіі за тое, што распавёў пра катаванні над Вольгай.

На дадзены момант Вользе прад'явілі абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем" (артыкул 361-1 КК), ч. 1 і 2 арт. 342 КК (арганізацыя і навучанне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 6 арт. 16 ч.1 арт. 342 КК (пасобніцтва да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Вользе пагражае пазбаўленне волі да сямі гадоў. 

Падтрымаць можна па адрасе:

СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Вольга Віктараўна Залатар 

Ксенія Луцкіна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні, за кратамі ў яе пагоршылася здароўе. Дома чакае сын-шасцікласнік

luckina_90.jpeg
Ксенія Луцкіна з сынам

Ксенія Луцкіна — былая журналістка БТ. Да жніўня 2020 года Ксенія Луцкіна працавала ў Белтэлерадыёкампаніі. Пасля выбараў яна далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу, а затым сышла з пазіцыі карэспандэнта тэлеканала "Беларусь 2" і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнага савета.

Пазней Ксенія казала пра тое, што разам з іншымі журналістамі, якія звольніліся, яны плануюць стварыць «альтэрнатыўнае тэлебачанне» на YouTube. Праект развіваўся ў тым ліку пры ўдзеле Акадэміі Прэс-клуба. Першыя перадачы былі запісаныя, запуск павінен быў адбыцца ў студзені.

Ксенію затрымалі 22 снежня на бульвары Мулявіна — недалёка ад ЦУМа, куды яна выйшла за пакупкамі. Дома ў Ксеніі правялі ператрус і змясцілі ў СІЗА-1.

Спачатку яе звязвалі са «справай Прэс-клуба» і вінавацілі ў саўдзеле ва ўхіленні ад падаткаў. Астатнія фігуранты справы «Прэс-клуба» выйшлі на свабоду: сплацілі шкоду і кампенсацыю, падпісалі прашэнне аб памілаванне на імя Лукашэнкі. Луцкіна адмовілася пісаць прашэнне. Тады супраць яе завялі новую справу.

Выявілася, што ў палітзняволенай журналісткі Ксеніі Луцкінай моцныя праблемы са здароўем. Апошнія месяцы яна жыве на абязбольвальных — расце пухліна ў галаўным мозгу.

Дома журналістку чакае сын-шасцікласнік. Сваё 11-годдзе ён адзначыў без мамы.

«Кожны дзень задае пытанне, калі яна вернецца. 23 чысла, калі ў Ксеніі заканчваўся тэрмін утрымання пад вартай, ён мне званіў, плакаў, а я сказаць нічога не мог. «Дзе мама?» — пытаўся з такой прэтэнзіяй, маўляў, дзядуля, ты маўчыш, ты нешта хаваеш.

Мы з Мацвеем размаўляем, як сябры. Учора гутарылі да паловы 12-й — і пра маму, і пра быт, і пра тое, як трэба жыць. Быць сумленным, верыць у сябе і не падманваць нікога.

Пішам разам з ім лісты маме. Расказваем, што схадзілі на рэчку, пакупаліся, стараемся не засмучаць нічым. Ксенія ў кожным лісце ўкладае для яго асобную паштоўку. Яна вельмі хвалюецца за дзіця, як да школы сабраўся, як там іншыя побытавыя рэчы», — распавёў «Нашай Ніве» бацька журналісткі.

Падтрымаць лістамі можна па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Ксенія Алегаўна Луцкіна

Блогерка Вольга Такарчук – маці дзяцей трох і сямі гадоў. У абарону сваіх правоў абвяшчае галадоўку ў карцары

Блогерка Вольга Такарчук. Фота з сацыяльных сетак.
Блогерка Вольга Такарчук. Фота з сацыяльных сетак.

Вольга Такарчук – блогерка, якая асвятляла грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі падчас і пасля выбараў. У жанчыны двое дзяцей трох і сямі гадоў. Яе  затрымлівалі некалькі разоў пасля выбараў 2020 года. 19 траўня ў кватэру, дзе Вольга жыве з мужам і двума непаўналетнімі дзецьмі, прыйшлі з ператрусам. На той момант яна ўжо была ў статусе падазраванай па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу (абраза суддзі і паклёп у дачыненні да супрацоўніка выбарчай камісіі — арт. 391 і 188 КК). Пасля апошняга затрымання Вользе дадалі новае абвінавачванне: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК).

9 чэрвеня Вольга абвяшчала галадоўку супраць незаконнага змяшчэння яе ў карцар.

«Яе змясцілі ў карцар нібыта за дрэнную прыборку камеры, — распавядаў "Свабодзе" бацька Вольгі. — Дачка тлумачыць, што дрэнна сябе адчувала. Яе звінавацілі, што нібыта дрэнна выцерты пыл. Таксама нібыта не прыйшла па відэльцы, была дзяжурнай па камеры. Оля сказала, што ў яе было расстройства страўніка і яна папярэджвала. Пайшла ў прыбіральню, а ў гэты час яе прымусілі ісці па відэльцы. Потым у яе скочыў ціск, яна гіпатонік. У яе нармальны ціск 90 на 60, а было 150 на 100. Яна прысела на ложак, і ў гэты час зайшлі ахоўнікі і сказалі, што яна гэтым парушае рэжым. Гэта яўна надуманыя падставы. Оля абсалютна неканфліктны чалавек, які разумее, хто ў доме гаспадар».

Пасля асвятлення гэтай сітуацыі ў медыя, Міністэрства ўнутраных справаў заявіла, што Вольга Такарчук спыніла галадоўку. Пры гэтым, яны паказалі відэакадры жанчыны са спіны, якая прымае ежу ў камеры, але яе нельга было ідэнтыфікаваць як Такарчук.

«Падследная Вольга Такарчук прымае ежу. Стан яе здароўя здавальняючы. Як і належыць, яна знаходзіцца пад наглядам медыкаў»,— гаварылася ў паведамленні ведамства.

Падтрымаць лістамі можна па адрасе:

Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А

Вольга Андрэеўна Такарчук

Таццяна Канеўская — мама чацвярых сыноў. Яе асудзілі да 6 гадоў калоніі, сярэдняга сына — да  трох 

Таццяна Канеўская з сям'ёй. Фота з сямейнага архіва
Таццяна Канеўская з сям'ёй. Фота з сямейнага архіва

Таццяна Канеўская — вядомая ў гомельскім рэгіёне актывістка. Сама яна прыйшла ў актывізм праз змаганне за свабоду свайго сына, якога асудзілі па наркатычным артыкуле. Яна некалькі гадоў змагалася за змены ў антынаркатычные заканадаўства ў якасці лідаркі ініцыятывы “Матчын рух 328”. Таццяна з'яўлялася ініцыятаркай галадоўкі маці асуджаных за наркотыкі. Яе называюць адной з тых жанчын, якія сталі сімваламі мацярынскага змагання за справядлівасць для сваіх дзяцей. Дзякуючы намаганням актывістак, у тым ліку Таццяны Канеўскай, удалося дамагчыся змякчэння антынаркатычнага заканадаўства і памяншэння тэрмінаў зняволення для тысяч асуджаных, уключаючы непаўналетніх.

У парламенцкіх выбарах-2019 Таццяна брала ўдзел у якасці кандыдаткі ў дэпутаты. Там яна прадстаўляла інтарэсы незарэгістраванай Беларускай хрысціянскай дэмакратычнай партыі, сустаршынёй якой з'яўляецца, у тым ліку, Павел Севярынец. Але на парламенцкіх выбарах ні адзін прадстаўнік апазіцыі не прайшоў у склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, у тым ліку Таццяна. 

На сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах яна вырашыла стаць даверанай асобай у Гомелі кандыдаткі Святланы Ціханоўскай. Таксама Таццяна акрэдытавалася ў якасці назіральніцы на выбарчым Савецкім участку №8 у Гомелі, але да назірання ў асноўны дзень галасавання яна так і не змагла прыступіць. Таццяну Канеўскую затрымалі 7 жніўня па адміністрацыйнай справе. 10 жніўня адбыўся суд, але справу жанчыны адправілі на "дапрацоўку", а Таццяну адпусцілі. Яна пайшла за рэчамі ў канвойны аўтамабіль і не вярнулася. У актывісткі дома правялі два вобшукі, Таццяне прад'явілі абвінавачванне па арт. 293 Крымінальнага кодэксу. 

У 54-гадовай Таццяны чацвёра сыноў: Аляксандру — 36 гадоў, Аляксею — 31, Дзмітрыю — 26 і Георгію — 14. У студзені па крымінальнай справе за "распальванне варожасці" затрымалі яе 26-гадовага сына Дзмітрыя (артыкул 130 Крымінальнага кодэкса). Ён нібыта размясціў у тэлеграм-канале паведамленне, у якім заклікаў да гвалту над міліцыянтамі.

22 верасня на шляху да працы супрацоўнікі АМАПу затрымлівалі таксама старэйшага сына Таццяны Аляксандра Канеўскага. Яму прад'явілі, што ён нібыта здзейсніў гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Мужчыну на некаторы час змясцілі ў СІЗА, але потым адпусцілі.

Аляксандр Канеўскі быў асуджаны на восем гадоў па артыкуле 328 КК Беларусі "незаконны абарот наркотыкаў". Менавіта за яго правы змагалася Таццяна. Пасля затрымання Аляксандра ў верасні ў доме Канеўскіх зноў прайшоў ператрус. Па словах бацькі, шукалі наркотыкі.

«Не знайшлі, вядома, але забралі вінчэстар», — сказаў тады ён.

Малодшаму сыну Таццяны Георгію 14 гадоў — ён яшчэ ходзіць у школу і ў лістах распавядае пра гэта маці.

4 траўня суд Чыгуначнага раёну Гомеля агучыў прысуды па крымінальнай справе ў дачыненні давераных асоб Святланы Ціханоўскай — Таццяны Канеўскай, Юрыя Уласава, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна. Іх абвінавацілі ў «масавых беспарадках» і планах па «захопе будынкаў». Суддзя Аляксей Хлышчанкоў асудзіў Юрыя Уласава на 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Таццяну Канеўскую — на 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму, а Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна — на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Праз месяц Гомельскі абласны суд асудзіў да трох гадоў калоніі па арт. 130 КК сярэдняга сына Таццяны Дзмітрыя.

Таццяну ўжо накіравалі адбываць пакаранне ў гомельскую жаночую калонію.

Падтрымаць лістамі можна па адрасе:

ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таццяна Васільеўна Канеўская

Алена Маўшук — мама траіх дачок. Яе і мужа пакаралі шасцю і шасцю з паловай гадамі калоніі

Алена Маўшук з дачкой Юліяй. Фота з сямейнага архіва
Алена Маўшук з дачкой Юліяй. Фота з сямейнага архіва

45-гадовую Алену Маўшук затрымалі падчас пратэстаў у Пінску 10 жніўня. Сваякі доўгі час не ведалі, дзе яна і што з ёй. Яны толькі чулі, што ў ізалятары сядзіць зусім голая і збітая жанчына. Праз чатыры дні ў міліцыі пацвердзілі, што Алена Маўшук у баранавіцкім СІЗА. Там яе да суда пратрымалі амаль восем месяцаў. У ізалятары ў Баранавічах яе паставілі на ўлік як "схільную да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў і праявы агрэсіі"

Алена да затрымання працавала санітаркай і памочніцай кухара ў пінскім шпіталі. У Алены дарослая дачка і яшчэ двое непаўналетніх дачок. У верасні малодшую 10-гадовую дачку Алены Ангеліну забралі ў прытулак прама са школы, бо муж жанчыны Сяргей з'яўляецца ёй айчымам. Супраць яго таксама завялі крымінальную справу за жнівеньскія пратэсты ў Пінску. Пазней дачку з прытулку забрала да сябе хросная. Старэйшая дачка 19-гадовая Юлія за час, пакуль Алена за кратамі, нарадзіла дзіця. Малодшаму дзіцяці Маўшук пяць гадоў, ён зараз са сваім бацькам. 

Суд Маскоўскага раёна Брэста 30 красавіка вынес прысуд па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса супраць 14 пінскіх палітвязняў, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску. Алену Маўшук асудзілі да 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму, яе мужа – Сяргея Маўшука – асудзілі да 6,5 гадоў калоніі.

Алена Маўшук адбывае пакаранне ў калоніі №24 пад Рэчыцай, а Сяргей – у аршанскай калоніі №8.

Падтрымаць лістамі можна па адрасе:

ПК №24, 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць

Алена Уладзіміраўна Маўшук

У берасцейкі Алены Лысковіч, якая адбывае пакаранне на «хіміі», дачка таксама знаходзіцца на «хіміі» ў іншай установе 

48-гадовая Алена Лысковіч і яе 24-гадовая дачка Вікторыя ў траўні былі асуджаныя па «справе карагодаў» да 1,5 гады «хіміі» кожная. З 26 ліпеня яны адбываюць пакаранне ў розных установах адкрытага тыпу. Маці – у ПУАТ №25 у Гродне, а дачка – у ПУАТ №10 у Віцебску. 

Падтрымаць лістамі можна па адрасе:

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №25. 231707, г. Гродна, вул. Леніна, 12А 

Алена Васільеўна Лысковіч

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №10. 210603, г. Віцебск, вул. Базавая, 17/1

Вікторыя Васільеўна Лысковіч

Святлана Зыль, звольнілася з заводу ў знак пратэсту, а цяпер затрыманая па артыкуле “здрада дзяржаве”. Дома чакае сын-падлетак

zyl_9009.jpeg
Святлана Зыль з сям'ёй

Святлану Зыль затрымалі 22 верасня 2021 года пасля чарговага допыту. Жанчына праходзіць па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле аб здрадзе дзяржаве (арт. 356 Крымінальнага кодэксу) супраць супрацоўнікаў беларускіх заводаў, якія падтрымалі стачку і ўваходзілі ў "Рабочы рух". Гэтая ініцыятыва 21 верасня была прызнаная экстрэмісцкай, і адначасова па краіне прайшлі затрыманні рабочых. 

З Беларускага металургічнага заводу Святлана звольнілася 5 ліпеня гэтага году ў знак салідарнасці са сваім начальнікам, якому не падоўжылі кантракт. 

У мужа нядаўна дыягнаставалі анкалогію. Святлану чакае дома 14-гадовы сын.

Падтрымаць лістамі можна па адрасе:

СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Святлана Аляксандраўна Зыль

У Паліны Шарэнда-Панасюк двое сыноў. Муж з імі збег ад пераследу за мяжу

sharenda_90.jpeg
Паліна Шарэнда-Панасюк з сям'ёй

Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста. Яе затрымалі трэцяга студзеня. Сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэры, правялі агляд, сканфіскавалі шэраг рэчаў, а Паліну затрымалі і ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. Пазней яе перавялі ў СІЗА. Ёй прад'явілі абвінавачванні па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) за тое, што нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, якія прыйшлі да яе дамоў. Пазней стала вядома, што жанчыну таксама вінавацяць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Падчас зняволення жанчыну некалькі разоў змяшчалі ў карцар, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск.

Яе муж Андрэй Панасюк адседзеў больш за 60 сутак, нават новы 2021 год сустракаў за кратамі. Супраць яго завялі справу за абразу прэзідэнта і па арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Справа дайшла да суда, куды ён не з'явіўся. Ён збег з Беларусі ад крымінальнага пераследу.

9 чэрвеня вынеслі прысуд Паліне Шарэнда-Панасюк. Суддзя Яўген Брэган прызначыў жанчыне пакаранне: два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Паліну этапавалі для адбыцця пакарання ў гомельскую жаночую калонію, дзе на яе ажыццяўляецца ціск. Ужо два тыдні берасцейска не атрымлівае перадачаў. Нават тых, якія забараніць нельга.

«Два тыдні таму мы даслалі Паліне дзве перадачы. Першая – гэта 10 кілаграмаў: яблыкі, апельсіны, лімоны, часнык, цыбуля. Але яна вярнулася. Раней усё даходзіла, цяпер – не. Дзесяць дзён таму мы адаслалі Паліне вялікую так званую рэжымную перадачу. У яе ўваходзяць рэчы першай неабходнасці, абутак і цёплыя рэчы, касметыка, пральныя парашкі – усё, што неабходна вязню на працягу года. Падобную перадачу дазваляецца адпраўляць адзін раз на год, і яна ў любым выпадку мусіць быць прынятая. Але яна таксама вярнулася з паметкай «не паложана». Цынізм у тым, што назад яна вярнулася за сродкі арыштанта, значыць, з рахунку Паліны была знятая нейкая сума.

Я лічу, што гэта чарговая спроба ціску на Паліну. Ціску псіхалагічнага і фізічнага. Зараз ужо халодна, мая жонка там увогуле без цёплых рэчаў, і гэта катаванне», – распавядае Андрэй Шарэнда, муж Паліны.

У Андрэя і Паліны двое сыноў: чатырохгадовы Стах і 11-гадовы Славамір.

Падтрымаць лістамі можна па адрасе:

ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк

Вольгу Філатчанкаву дома чакае двое дзяцей, а яна чакае этап у калонію

Вольга Філатчанкава. Фота з фэйсбука
Вольга Філатчанкава. Фота з фэйсбука

Вольга Філатчанкава – выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Супрацоўнікі КДБ затрымалі яе 12 лістапада пасля ператрусу дома. Ёй прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса – арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

У Вольгі двое дзяцей – сямігадовая дачка і 18-гадовы сын Іван. Ён вучыцца ў гэтым жа ўніверсітэце, дзе працуе яго мама, толькі на іншым факультэце – факультэце інфакамунікацый.

У ліпені яе асудзілі з іншымі 11 фігурантамі «справы студэнтаў» да двух з паловай гадоў калоніі. Цяпер Вольга чакае ў гомельскім СІЗА этапу ў калонію. На судзе яна віну не прызнала.

Падтрымаць лістамі можна па адрасе:

СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Вольга Аляксееўна Філатчанкава

Антаніна Канавалава асуджаная разам з мужам. У іх двое дзяцей

Насця і Ваня Канавалаў
Насця і Ваня Канавалаў

33-гадовая Антаніна Канавалава – валанцёрка штаба, зборшчыца подпісаў і давераная асоба Святланы Ціханоўскай. Яе арыштавалі 6 верасня 2020 года ў Мінску. Антаніну Канавалаву абвінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канал "Армія з народам", падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках і падрыхтоўцы да іх іншых асобаў. Праз месяц быў арыштаваны муж Антаніны Сяргей Ярашэвіч, якому ў віну паставілі тыя ж дзеянні.

У Сяргея і Антаніны двое дзяцей – чатырох і шасці гадоў. Іх за мяжу вывезла бабуля пасля затрымання бацькоў.

Напачатку траўня Антаніна Канавалава і Сяргей Ярашэвіч асуджаныя Мінскім абласным судом да пяці з паловай гадоў калоніі. Іх прызналі вінаватымі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, у падрыхтоўцы беспарадкаў.

Антаніна ўжо адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі.

Падтрымаць лістамі можна па адрасе:

ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Антаніна Сяргееўна Канавалава 

Ірына Шчасная адбывае ў жаночай калоніі 4-гадовае пакаранне, на волі яе чакае 11-гадовы сын

Ірына Шчасная — актывістка, рэдактарка папулярных тэлеграм-каналаў, сярод якіх "Мая краіна Беларусь".

Ірына была затрымана 18 лістапада была супрацоўнікамі СК, якія былі пераапранутыя ў форму ЖЭС. Калі маці Ірыны заходзіла ў пад'езд дома, "супрацоўнікі ЖЭС" спыталі ў яе, ці ёсць у кватэры гарачая вада. Калі маці дзяўчыны адказала, што не жыве тут, людзі зайшлі з ёй у пад'езд і жорстка адштурхнулі сталую жанчыну. У кватэры Ірыны быў праведзены ператрус, яе змясцілі ў СІЗА і прад'явілі абвінавачванне па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). 

У Ірыны і яе мужа Аляксандра ёсць 11-гадовы сын Герман. Разам з бацькам ён жыве ў Кіеве. Туды яны з'ехалі пасля затрымання Ірыны.

25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе абвясцілі прысуд па крымінальнай справе супраць сямі палітвязняў: сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца, блогера Зміцера Казлова, грамадскай актывісткі Ірыны Шчаснай, актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена АфнагеляПаўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча. Суддзя Ірына Ланчава асудзіла Ірыну Шчасную – да 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Ірыну этапавалі адбываць пакаранне ў гомельскую жаночую калонію.

Падтрымаць лістамі можна па адрасе:

ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Ірына Уладзіміраўна Шчасная

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства