"Затрымлівалі мяне як небяспечнага тэрарыста: адна група — у дзверы, іншая — праз балкон", — мастак і настаўнік з Мінска
Мастак і настаўнік гісторыі і мастацтва адной з мінскіх школ Уладзіслаў Бохан вымушана пакінуў Беларусь сёлета ў ліпені пасля затрымання за "пратэсную актыўнасць" у роднай Серабранцы. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа выламалі ўваходныя і балконныя дзверы і ўварваліся раніцай у кватэру, дзе жыў Уладзіслаў з сям'ёй. На вачах сямігадовага дзіцяці мінчука жорстка затрымалі. Сам мастак пасля таго, як зламаў нагу, знаходзіўся на рэабілітацыі дома і мог перасоўвацца толькі з дапамогай мыліцаў. Як распавядае Уладзіслаў, менавіта ягоная траўма і дапамагла яму выйсці на волю да суда па адміністрацыйным пратаколе за "непадпарадкаванне пры затрыманні". Ён скарыстаўся гэтай магчымасцю і з'ехаў за мяжу. У той час яго траюрадны брат, палітвязень Дзяніс Болтуць, якога асудзілі да шасці гадоў зняволення за ўдзел у пратэстах, чакае этапу ў калонію. Уладзіслаў распавёў "Вясне" падрабязнасці свайго пераследу.
Уладзіславу Бохану 28 гадоў. Да моманту затрымання пяць гадоў ён выкладаў гісторыю і мастацтва ў адной з мінскіх школ, а таксама быў там класным кіраўніком. Акрамя гэтага, Уладзіслаў піша карціны, стварае калажы, у тым ліку на тэму палітычных падзеяў у Беларусі і Расіі. Адна з самых вядомых ягоных прац — "Несанкцыянаваны шпацыр над горадам" на шчыце, дзе ён інтэрпрэтаваў Шагала на мове рэпрэсій 2020 года.
Адну са сваіх карцін "Per aspera ad astra" ён прысвяціў палітвязню па "справе антыфашыстаў" Дзянісу Болтуцю — свайму траюраднаму брату.
Але Уладзіслаў займаўся мастацтвам на палітычныя тэмы яшчэ да падзеяў 2020 года. У 2019 годзе ён стварыў працу "Сем колаў Беларусі", у якой выкарыстоўваў абрэзкі калажаў палітвязня Мікалая Дзядка, калі той сядзеў у 2011 годзе па "справе анархістаў" у магілёўскай турме №4. Зараз Мікалай амаль год утрымліваецца ў СІЗА-1 пад следствам за вядзенне тэлеграм-канала Mikola.
Вакол зацьмення мастак выкарыстоўваў абрыўкі ад кедаў актывіста Сяргея Спарыша. Яму іх парвалі сілавікі, калі затрымоўвалі на пікеце падчас Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. Сёлета Сяргея асудзілі да шасці гадоў калоніі за вядзенне тэлеграм-канала "Армія з народам" і перашкаджэнне дзейнасці ЦВК.
Таксама ў працы мастак выкарыстоўваў рукавы кофты актывіста са Студэнцкага блока. За іх яго цягнулі ў аўтазак на Дзень волі ў 2017 годзе.
Але зацікавіліся сілавікі Уладзіславам Боханам не праз мастацтва, а праз пратэсную актыўнасць падчас выбараў 2020 года.
"Рана ці позна прыдуць і па мяне"
"Гісторыя пераследу з "прывітаннямі" пачалася яшчэ летась у верасні, калі ў Серабранцы ладзілі ўсялякія Маршы, акцыі, перформансы. Тады аднаго хлопца, калі ён вяртаўся дадому, выцягнулі з пад'езда сілавікі, прывезлі ў Ленінскае РУУС. Там яму паказалі некалькі тэчак, адна з якіх была на мяне. Яго адпусцілі, але, як я зразумеў, каб перадаў астатнім, каб спынілі актыўнасці. У верасні ў нас ва ўсіх была ўпэўненасць, што ўсё будзе добра, таму ўвагі тады гэтаму не надалі.
Другое "прывітанне" было ў канцы лютага-пачатку сакавіка. Майго знаёмага, які не ўдзельнічаў у пратэстах, але быў у базе футбольных фанатаў, выклікалі ў РУУС. Гэта была прафілактычная гутарка, на якой прысутнічаў супрацоўнік ГУБАЗіКа. Падчас гутаркі сілавікі цікавіліся мной у тым кантэксце, "ці супакоіўся я".
Як распавядае Уладзіслаў, тады ён зрабіў выснову, што асцерагацца яму няма чаго.
"Але сітуацыя ў лепшы бок не змянялася. Стала зразумела, што рана ці позна прыйдуць і па мяне. Але пачаў непакоіцца я на пачатку чэрвеня, калі ў Серабранцы затрымалі цэлую сям'ю. Тады сілавікі выкруцілі вочка ў кватэру і запусцілі газ — так яны прымусілі адчыніць дзверы. Гэта быў званок для мяне".
"Выкруцілі вочка ў кватэру і запусцілі газ". У суботу ў Серабранцы затрымалі цэлую сям'ю
"Затрымлівалі мяне як небяспечнага тэрарыста"
Калі затрымалі і адправілі на "суткі" знаёмую Уладзіслава з Серабранкі, то настаўнік зразумеў, што прыйдуць і па яго. Раніца 22 ліпеня ў сям'і Бохан пачалася з вобшуку:
"Раніцай пачулі працяглы званок у дзверы — мае знаёмыя мне так ніколі не звоняць. Я адразу перамясціўся на балкон, каб паспець трохі пачысціць тэлефон. У кватэру ўварваліся шэсць чалавек з ГУБАЗіКа і САХРа, мяне заламалі, стукнулі галавой аб дзвярны касяк. Пры гэтым дома было старэйшае сямігадовае дзіця, двухгадовую дачку паспелі завесці ў садок.
Адна група сілавікоў з САХРам трапіла ў кватэру праз уваходныя дзверы, іншая — праз балкон на другім паверсе, выламаўшы там дзверы і паламаўшы кветкі. Уварваліся яны, як ваўкі. Пры гэтым стукнулі маю маму па назе. Затрымоўвалі мяне як небяспечнага тэрарыста".
На той момант Уладзіслаў праходзіў дома рэабілітацыйны перыяд пасля трайнога пералому нагі. Яму толькі тыдзень як знялі гіпс, ён амаль не хадзіў і перасоўваўся з дапамогай мыліц.
"Адразу ім [сілавікам] было ўсё адно. Але, калі яны ўбачылі мыліцы, то запал свой прыцішылі. Мяне пасадзілі і пачалі задаваць стандартныя пытанні: "Ты ведаеш, чаму да цябе прыйшлі?" і гэтак далей. Потым пачалі патрабаваць пароль ад тэлефона. Я падумаў, што не варта гуляць з імі ў Сотнікава, таму што папярэдне ўсё добра пачысціў. Мне трэба зразумець, што яны пра мяне ведаюць. Я ім сказаў пароль. Яны адразу ўчапіліся за гэты, як я называю, "грамадзянскі" тэлеграм і пачалі поркацца там. У мяне быў час пераапрануцца. Потым яны мяне адвялі ў бусік. Тым часам пачалі вобшук. Пры гэтым адзін сілавік з САХРа не даваў маёй маме выпіць сардэчныя кроплі".
"Анархіст хрэнаў, зладзім табе, як Дзядку"
Пастанова на вобшук датавалася 6 траўня, хоць да Уладзіслава сілавікі прыйшлі толькі 22 ліпеня. У ёй былі пазначаныя два стандартныя "пратэсныя" артыкулы Крымінальнага кодэкса: 342 — удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, 293 — удзел у масавых беспарадках. Пры гэтым у пастанове працэсуальны статус Бохана па крымінальных справах пазначаны не быў.
"Што да адносінаў сілавікоў пры затрыманні, то яны былі розныя. Некаторыя супрацоўнікі САХРа і пагражалі, і абражалі, але былі і адэкватныя. Адзін казаў мне: "Ты настаўнікам працуеш — чаму такія, як ты, навучаць дзяцей?" Я нават дыскусію з ім завязаў. На гэта яшчэ адзін супрацоўнік сказаў, што я "розумам не атрымаўся" і працягнуў абразы і пагрозы: "Анархіст хрэнаў, зладзім табе, як Дзядку" і далей у такім рэчышчы. Дыялог быў не з самых прыемных, скажам так".
Відэакадры ўварвання ў кватэру Бохана трапілі ў "Панараму" на АНT, але супрацоўнікі змантавалі відэа так, што пасля кадраў з вонкавага боку дзвярэй настаўніка паказваюць цэлы знойдзены падчас вобшуку арсенал: дымавыя шашкі, пярцовыя балончыкі і гэтак далей.
Як распавядае Уладзіслаў, адзін з супрацоўнікаў хацеў запісаць з ім відэа, што сілавікі выламалі дзверы, таму што ён адмаўляўся адчыняць іх, але з-за размоваў забыліся гэта зрабіць.
Вобшук зладзілі нават у мастацкай майстэрні — знайшлі трафарэт Янкі Купалы
На самым вобшуку ў кватэры Уладзіслаў не прысутнічаў — яго адразу завялі ў бусік, дзе сядзела яшчэ пяць супрацоўнікаў. Сілавікі шукалі пратэсную атрыбутыку ў кватэры і ў падвале, дзе знаходзілася майстэрня мастака. Калі скончылі з вобшукам, то настаўніка з бусіка перасадзілі ў легкавую машыну.
"Прычым супрацоўнікі ГУБАЗіКа паводзілі сябе вельмі ветліва. Я ім кажу: "На заднім сядзенні я не магу ехаць, мне трэба на пярэдняе, каб зламаную нагу выцягнуць". Яны пагадзіліся без праблем".
Уладзіславу адразу сказалі, што яго павязуць у Ленінскае РУУС, аднак прыехалі ў ГУБАЗіК на вуліцы Рэвалюцыйнай, дзе пачалі допыт.
"На допыце я адразу паставіў сабе мэту зразумець, што яны пра мяне ведаюць. Але ў ГУБАЗіКу дасталі тую самую тэчку з РУУС з верасня мінулага года і сказалі: "Мы пра цябе ўсё ведаем, у цябе была мянушка "Прэпад". Тады я зразумеў, што яны пра мяне нічога не ведаюць — так мяне звалі ў жніўні-верасні мінулага года ў Серабранцы. Але я пачаў падыгрываць ім".
Паводле Уладзіслава, так ён зразумеў, што інфармацыя ў супрацоўнікаў пра яго засталася па стане на жнівень мінулага года, калі "ніхто не шыфраваўся асабліва, таму што былі самаўпэўненыя занадта".
Падчас вобшуку ў Бохана ў кватэры знайшлі трафарэт Янкі Купалы з цытатай з яго верша "А хто там ідзе?”. Супрацоўнікі Губопика пыталіся, навошта гэта ў мастака і дзе ён маляваў.
"Я сказаў, што маляваў там на сценах — "Вы ж там бачылі муралы?". Сказаў, што ўпрыгожваў так майстэрню, але не спадабалася і я зафарбаваў іх".
"Честную газету" ўзяў у настаўніцкай у школе пасля выбараў
Таксама падчас вобшуку ў настаўніка канфіскавалі "Честную газету". Як распавядае Уладзіслаў, яна была за верасень месяц мінулага года — "хтосьці пакінуў у настаўніцкай". Супрацоўнікі ГУБАЗіКа пыталіся ва Уладзіслава, ці ён друкаваў газету.
"Я сказаў, што калі б я друкаваў, то лагічна, што ў мяне быў бы не адзін наклад. Па-другое, кажу ім, "вы ж можаце вызначыць, на якім прынтары было надрукавана". Яны адказваюць: "Так-так, мы ўсё можам". Але газету сапраўды я ўзяў у настаўніцкай у школе".
Ва Уладзіслава спытвалі на допыце па перапісцы ў тэлеграме, навошта ён прасіў у жонкі купіць салетру.
"Калі я сказаў, што займаюся садоўніцтвам, то яны мне пачалі пагражаць, што могуць са мной размаўляць па-іншаму. Тады я сказаў, што рабіў у сябе на дачы дымавую шашку. Але паколькі гэта прыватны ўчастак, то прэтэнзій да мяне ніякіх быць не можа.
Адзначу, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа, на дзіва, паводзілі сябе адэкватна, у адрозненне ад супрацоўнікаў САХРа, якія ўвесь час пагражалі і абражалі. Я такога не чакаў ад супрацоўнікаў ГУБАЗіКа".
Паказвалі відэа з пратэстаў — пыталіся пра ўдзельнікаў
У ГУБАЗіКу настаўніка распытвалі пра анархістаў, пратэсны рух у Серабранцы, паказвалі яму відэа з акцый пратэсту, пыталіся, ці ведае кагосьці з удзельнікаў і ўдзельніц.
"Але я адказваў, што ва ўсіх твары закрытыя, і я не магу іх так пазнаць. Пра анархістаў я сказаў, што гэта мой мастацкі вобраз і лад жыцця.
Я імкнуўся пераводзіць размову на іншыя тэмы. Пачаў казаць пра службу ў войску, бо я даўно заўважыў, што, калі кажаш сілавікам з нагоды войска, то ў іх адразу “пстрычка” і стаўленне адразу мяняецца ў лепшы бок. Часта патрабаваў выводзіць мяне пакурыць".
Таксама супрацоўнікі пыталіся ў настаўніка пра перформанс, які ён зладзіў на адной з акцый пратэсту, з раздачай чэшскіх долараў з партрэтам Святланы Ціханоўскай.
Супрацоўнікаў ГУБАЗіКа цікавіла таксама тое, навошта Уладзіславу ўключаны VPN. На гэта настаўнік адказаў: каб чытаць "Трыбуну".
Паводле Уладзіслава Бохана, увагу сілавікоў адцягнула тое, што ён адразу выдаў тэлефон, які ён загадзя пачысціў і зашыфраваў:
"Звычайны тэлеграм быў без пароля, там я загадзя падпісаўся на розныя пратэсныя каналы, але якія на той момант яшчэ не былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Былі падпіскі на TUT.BY, “Радыё Свабода”. З яго я стараўся перапісвацца, каб было праўдападобна.
Я падыгрываў іх пастулату, што яны нібыта ўсё ведаюць. Я шчыра дзівіўся, калі яны мне штосьці прад'яўлялі. Але па факце гэта былі элементарныя рэчы пра мяне. Напрыклад, пра перформанс з грашыма з Ціханоўскай. Гэта ўсё, што яны пра мяне ведалі. За працу я паставіў бы не больш за тройку-чацвёрку ім".
"Калі не падпішу пратакол, то забяруць маю жонку ці маці"
Пасля допыту ў ГУБАЗіКу Уладзіслава павезлі ў РУУС Ленінскага раёна Мінска для складання адміністрацыйнага пратаколу за непадпарадкаванне падчас затрымання паводле арт. 24.3 КаАП.
"Як я зразумеў, іншага ім няма чаго было мне прад'явіць. Я ім кажу: "Супраціву я ніякага не аказваў". Але мне пачалі пагражаць, што, калі не падпішу, то забяруць тады маю жонку, бо яна шмат спрачалася, ці маці. Так мяне вымусілі падпісаць пратакол".
Але пасяджэнне па справе ў судзе Ленінскага раёна прызначылі на раніцу наступнага дня. Уладзіслава адпусцілі да судовага працэсу.
"Калі мяне выпусцілі, то я не адразу паверыў. Сваю ролю ў гэтым сыграла, напэўна, зламаная нага. Таксама спрацавалі стэрэатыпы: для іх радыкал-экстрэміст — гэта беспрацоўны некалькі разоў асуджаны, а тут атрымліваецца, што чалавек у школе працуе, у яго сям'я, ды яшчэ і нага зламаная".
На лодцы з Беларусі
Паводле слоў Уладзіслава, ён асцерагаўся, што яго адправяць на "суткі" і працягнецца пераслед — калі сілавікі ўсё ж такі адкапаюць больш інфармацыі.
"Там быў бы ўжо поўны набор артыкулаў".
Таму ў той жа вечар на лодцы праз Днепр ён пакінуў Беларусь. Да свайго экстранага выезду на выпадак пераследу, як і да прыходу сілавікоў, Уладзіслаў рыхтаваўся загадзя: у яго была запасная сім-картка, кантакты патрэбных людзей. Зараз Уладзіслаў з сям'ёй знаходзіцца ў Польшчы, дзе падаў прашэнне аб міжнароднай абароне.
"Купіў сабе мальберт — працягваю творчасць. Буду спрабаваць штосьці рабіць тут у творчым плане".