#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”
17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.
Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) лічыць, што сапраўдны матыў беспадстаўных абвінавачванняў сябраў “Вясны” ў крымінальных злачынствах - знішчэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. І прыводзіць наступныя аргументы.
“Падатковыя абвінавачванні выклікаюць рэзананс у насельніцтва Беларусі, якое пры Лукашэнку апынулася ў фінансава цяжкім становішчы, але гэта не што іншае, як прапагандысцкія хітрыкі. Беларускія ўлады прымусілі "Вясну" зрабіць выбар: праца ў юрыдычным вакууме або ліквідацыя”, - падкрэслівае FIDH.
22 кастрычніка Уладзімір Лабковіч адзначае Дзень народзінаў. Павіншуйце праваабаронцу!
Каардынатару кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковічу 22 кастрычніка споўніцца 43 гады. На жаль, адзначаць свой дзень народзінаў праваабаронца будзе за кратамі. Павіншуйце Уладзіміра!
Нядаўна Уладзімір даслаў ліст на волю, у якім заклікае пісаць і падтрымліваць палітзняволеных:
“Вы нават не ўяўляеце, наколькі гэта моцная падтрымка — атрымаць тут лісты. Асабліва зараз, калі такое здараецца ўсё радзей.
Я вельмі вас заклікаю пісаць лісты ўсім вязням. Тут час проста застывае. Жыццё знаходзіцца на кнопке “стоп”. Вельмі моцна адчуваецца развітанне з сям’ёй. Таму лісты ад усіх з словамі падтрымкі вельмі важны”.
Дасылайце віншаванні Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 |
Валянцін Стэфановіч: “Трэба пасядзець — пасяджу. Абы на карысць краіне”
14 кастрычніка намеснік старшыні ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч адзначыў за кратамі сваё 49-годдзе.
Прадстаўнікі розных праваабарончых арганізацый павіншавалі Валянціна са святам і распавялі пра Стэфановіча.
З Днём народзінаў, Валянцін!
Валянцін Стэфановіч ужо больш за тры месяцы знаходзіцца ў СІЗА-1. У лістах ён дасылае разважанні пра свабоду і адчуванне горада, а таксама дзеліцца тым, як бавіць час.
"Лісты для мяне зараз хіба адзіны канал камунікацыі са знешнім светам. Я зараз жыву лістамі ды снамі, у якіх я сустракаюся са сваімі сябрамі, калегамі, сям'ёй, з жывымі і памерлымі. Калі-небудзь я напішу пра гэтыя сны, сны ў сутарэннях Пішчалаўскага замку...”, - піша Валянцін.
"Калі-небудзь я напішу пра гэтыя сны ў сутарэннях Пішчалаўскага замку". Пра што Валянцін Стэфановіч піша з-за кратаў?
Жонка праваабаронцы Аліна Стэфановіч распавяла “Салiдарнасцi” апошнія навіны пра мужа:
“Ён і раней разумеў, да чаго можа прывесці яго дзейнасць, разумее і зараз. Усё гэта выклікае ў яго такую, ці што, здаровую злосць, баявы настрой. Мы шмат разоў з ім размаўлялі аб пераездах — ён хацеў вывезці мяне, дзяцей, але сам нікуды выязджаць за межы Беларусі не збіраўся”.
Аліна Стэфановіч падкрэслівае:
“У яго заўсёды вельмі цёплыя лісты. Часам вясёлыя, часам — філасофскія. Але я б не сказала, што яны сумныя. Піша, што ледзь ці не кожнаму праваабаронцу выпадае такі лёс, і што ён нічога дрэннага не зрабіў. Піша: “Трэба пасядзець — пасяджу. Абы на карысць краіне”.
Дасылайце лісты і паштоўкі Валянціну:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Стэфановічу Валянціну Канстанцінавічу |
Працягваецца конкурс ілюстрацый «Кот на Валадарцы» ў падтрымку Валяціна Стэфановіча!
Публікуем малюнак адной з падпісантак “Вясны” ў сацсетках – «Салодкі сон».
Прыняць удзел у конкурсе і тым самым выказаць салідарнасць з вясноўцам вельмі проста:
- намалюйце Ката: гэта можа быць апісаны Валянцінам сюжэт ці нешта сваё;
- запосціце яго ў сацсетках з хэштэгам #FreeViasna, альбо дасылайце малюнкі нам на пошту freeviasna@gmail.com да 4 лістапада;
- мы абярэм пераможцу і дашлем памятны прыз!
Марфа Рабкова: “Я вельмі хачу дадому. Калі я вярнуся дадому?”
Палітзняволенай праваабаронцы “Вясны” Марфе Рабковай дазволілі сустрэцца з мужам Вадзімам Жаромскім — гадзіннае спатканне праходзіла ў спецыяльных кабінках праз шкло і тэлефонныя трубкі.
Вадзім адзначае, што Марфа вельмі схуднела, выглядае выматанай і стомленай, а яе колер твару — попельна-бледны. А пасля перанесенага COVID-19 у яе баляць і павялічаныя лімфавузлы. Ёй таксама да гэтага часу адмаўляюць у стаматалагічным лячэнні.
Падчас сустрэчы яна некалькі разоў паўтарала фразу: “Я вельмі хачу дадому. Калі я вярнуся дадому?”
Як гэта — упершыню за 13 месяцаў пабачыць жонку ўсяго на гадзіну? Вадзім Жаромскі падзяліўся ўражаннямі з “Нашай Нівай” палітзняволенай Марфы Рабковай.
Сама Марфа Рабкова піша ў лістах, што верагодна следства па яе справе завяршыцца ў канцы кастрычніка:
“Наконт справы – цішыня, але нібыта трохмесячная прадлёнка павінна быць апошняй. Следства скончыцца і наперадзе будуць цікавыя падзеі ў выглядзе азнаямлення з матэрыяламі справы і суды. Артыкулы будуць страшныя, але молат цяпер і не куе іншыя”.
Марфа Рабкова: "Артыкулы будуць страшныя, але молат цяпер і не куе іншыя"
За мінулы тыдзень не было навінаў ад Андрэя Чапюка.
Дасылайце лісты ці паштоўкі Марфе ды Андрэю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |
На Радыё Рацыі выйшаў рэпартаж пра Алеся Бяляцкага
Вядомы ў Беларусі і па-за яе межамі лідар праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прысвяціў сваё жыццё нацыянальнаму адраджэнню Беларусі, стварыў праваабарончы цэнтр “Вясна”, пасля выбараў 2010 года адпакутаваў за кратамі 3 гады нібы за нявыплату падаткаў у буйным памеры, пасля выбараў 2020 зноў заключаны за краты і зноў прад’яўляюць тое самае.
Алесь Бяляцкі і яго „Вясна”
Пра Алеся Бяляцкага ў рэпартажы Радыё Рацыя распавядаюць яго калегі з "Вясны".
Дасылайце ліст ці паштоўку Алесю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму |
Для Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы пракуроры запрасілі па 3 гады калоніі
Стала вядома, што ў судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля пракуроры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў запатрабавалі пакаранне палітзняволеным праваабаронцам: для Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы — па тры гады пазбаўлення волі, Марыі Тарасенка — два з паловай гады пазбаўлення волі. Марыя знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, а Леанід і Таццяна — пад вартай з 18 і 21 студзеня 2021 года адпаведна. Прысуд будзе абвешчаны суддзём Сяргеем Салоўскім у хуткім часе.
Нагадаем, суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі “Вясны” Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка распачаўся 3 верасня. Усіх іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). Разгляд справы суддзя Сяргей Салоўскі па прапанове пракурораў Яўгена Фартушняка і Кірыла Вышнякова праводзіць у закрытым рэжыме.
Дасылайце лісты ці паштоўкі Леаніду ды Таццяне:СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Леаніду Леанідавічу Судаленку |
Працягваем збіраць адкрытыя лісты ў падтрымку зняволеных "вясноўцаў"
Дасылайце вашыя лісты салідарнасці ў падтрымку зняволеных "вясноўцаў" нам на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім іх “вясноўцам”, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.