Затрыманні, новае "экстрэмісцкае" фармаванне ў Беларусі: хроніка пераследу 16-18 кастрычніка Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 16-18 кастрычніка. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы, палітвязняў кідаюць у ШІЗА і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
МУС прызнала сайт з мапай дваровых чатаў dze.chаt "экстрэмісцкім фармаваннем"
Гэта першы падобны выпадак. Сайт аб’ядноўвае больш за 100 чатаў з Беларусі і за мяжой.
Пружанку Ганну Баран узялі пад варту па "справе карагодаў"
13 кастрычніка ў горадзе Пружаны Брэсцкай вобласці адбыўся шэраг ператрусаў і затрыманняў. Большую частку людзей пасля выпусцілі з падпіскай аб неразгалошванні. Як паведамляюць брэсцкія праваабаронцы, на волю не выпусцілі дзвюх фігурантак "справы карагодаў" Ганну Баран і Юлію Лаптановіч.
Вядома, што Ганну Баран змясцілі ў СІЗА-7. Яе ўжо наведала адвакатка.
Пры гэтым суд над 9-й групай абвінавачаных па "карагоднай" справе, дзе сярод абвінавачаных ёсць Баран, пачнецца ўжо праз тыдзень, 25 кастрычніка.
Фігурантам «карагоднай справы» масава дадаюць яшчэ адзін крымінальны артыкул. Ужо вядома мінімум пра чатыры такія выпадкі
Але як паведамляецца, Ганна Баран, Юлія Лаптановіч і сям'я Ганчаровых абвінавачваюцца па новым артыкуле, паводле якога ў іх адбыліся вобшукі. Цяпер, акрамя артыкула 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») людзям дадалі 369-ты крымінальны артыкул («Абраза прадстаўніка ўлады»). І калі першай справай займаўся ГУБАЗІК, то цяпер да працэсу падключыўся КДБ.
Так, 14 кастрычніка вобшук прайшоў дома ў сямʼі Лаптановічаў. Нагадаем, што па «карагоднай справе» на 2,5 года калоніі асуджаны бацька траіх дзяцей Ігар Лаптановіч, ягоная жонка Юлія – на 3 гады «хатняй хіміі». Цяпер затрыманая і Юлія, яна знаходзіцца ў берасцейскім СІЗА №7. Трое дзетак засталіся з бабуляй.
Па 369-м артыкуле праходзіць і сямʼя Ганчаровых. Уладзіміра Ганчарова тры супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі разам з жонкай і дзецьмі пяці ды васьмі гадоў. Падчас допыту аператыўнікі з УУС Маскоўскага раёна чатыры гадзіны трымалі дзяцей у калідоры. Пасля ўсіх перавезлі ў Следчы камітэт і там таксама дапытвалі чатыры гадзіны. Затым сям’ю адпусцілі, а Уладзіміра перавялі ў ІЧУ Кобрына, а адтуль – у Берасцейскі СІЗА, дзе ён застаецца з 14 ліпеня.
Цяпер Уладзіміра ды ягоную жонку Кацярыну будуць судзіць па двух крымінальных артыкулах. Судовы працэс па «карагоднай справе» супраць Баран і Ганчаровых пачнецца 25 кастрычніка.
Непаўналетняга Мікіту Залатарова, які хварэе на эпілепсію, 13 дзён трымалі ў СІЗА
Палітзняволенага 17-гадовага Мікіту Залатарова, які хворы на эпілепсію, 13 дзён трымалі ў штрафным ізалятары калоніі для непаўналетніх у Бабруйску. Пра гэта БелаПАН паведаміў бацька падлетка Міхаіл Лапуноў.
17 кастрычніка Мікіта патэлефанаваў з калоніі і распавёў, што спачатку ён атрымаў 7 сутак ШІЗА, затым яго вывелі ў калідор і завялі назад у ізалятар яшчэ на 6 сутак.
"Як я зразумеў, яго пазбавілі спаткання. Ён прасіў пасылку, цяпер збіраем", – дадаў Лапуноў.
Нагадаем, 2 кастрычніка маці Мікіты прыехала да яго ў калонію на запланаванае спатканне, але яе не пусцілі, перадачу для сына не прынялі.
У Крычаве міліцыя затрымала журналіста і былога рэдактара недзяржаўнай газеты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага
У кватэры журналіста прайшоў ператрус, сілавікі забралі кампутарную тэхніку. На самога Няроўнага склалі адміністрацыйны пратакол за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (19.11 КаАП), паведамляюць магілёўскія праваабаронцы. Журналіста пакінулі ў ізалятары да суда, які пройдзе ў панядзелак.
Палітзняволеную Вольгу Класкоўскую з ПКТ змяшчаюць у ШІЗА. Новая крымінальная справа перададзеная ў СК
Вольгу Класкоўскую зноў змяшчалі ў штрафны ізалятар на 10 сутак, хоць яна цяпер знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу ў гомельскай жаночай калоніі. Прычына пакарання невядомая. Тэрмін ШІЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ, таму адтуль яна выйдзе толькі 13 лістапада, а не трэцяга, як планавалася. Пра гэта паведамляе маці Вольгі Людміла. Па яе словах, “у карцары быў холад, і ўсе хваробы Вольгі зноў абвастрыліся: пагаршаецца зрок, ацякаюць ногі і болі ў пазванку”.
Таксама стала вядома, што ўзбуджаную 26 красавіка крымінальную справу па арт. 369 КК за абразу міліцыянта з Брэста супраць палітзняволенай накіравалі для расследавання ва ўпраўленне СК Мінска.
Затрыманне ў Гомелі
17 кастрычніка ў Гомелі затрымалі 25-гадовага супрацоўніка "Хімзавода" Станіслава Рушкоўскага. Сілавікі ламалі яму дзверы, калі ён іх адчыніў, то яго ўзялі ў кайданкі і затрымалі.
16 кастрычніка ўвечары ў Жыткавічах затрымалі Вольгу Чыжык — маці палітвязня Арсенія Чыжыка
Па інфармацыі «Вясны», позна ўвечары 16 кастрычніка да Вольгі прыехалі міліцыянты і павезлі на допыт. Вызвалілі яе толькі раніцай наступнага дня. У жанчыны забралі тэлефон і цішотку з надпісам «Жыве Беларусь!».
Арсеній Чыжык — палітзняволены сябра «Маладога Фронта». Быў затрыманы па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.