viasna on patreon

"Працягвае верыць у дабро". Маці Арцёма Баярскага распавяла пра другое спатканне з сынам

2021 2021-10-19T12:53:27+0300 2021-10-19T12:58:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bayarski_arciom.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20-гадовы палітзняволены Арцём Баярскі ўтрымліваецца за кратамі ўжо амаль сем месяцаў. Справа супраць экс-студэнта другога курсу хімфака БДУ паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса перададзеная ў суд. Следчыя дазволілі палітвязню два спатканні з бацькамі: яны сустракаліся з ім дзве пятніцы запар. На другім спатканні Арцём спытаў у мамы, ці прыйдуць бацькі і ў наступную пятніцу, але адказ яго засмуціў. Вольга Баярская распавяла “Вясне”, як прайшло другое спатканне з сынам у СІЗА №1.  

Артём Боярский
Арцём Баярскі

"Калі мы з Арцёмам пачыналі плакаць, то адразу стараліся ўсміхнуцца"

Як распавядае Вольга, спатканне з Арцёмам было для яе эмацыйна цяжкім. Маці і сын у СІЗА маглі бачыць адно аднаго праз шкло і краты, а размаўляць — праз тэлефонную трубку.

"Спатканне з дзіцем, калі ты глядзіш на яго скрозь краты, а чуеш праз тэлефонную трубку, — гэта вельмі цяжкае эмацыйнае перажыванне.

Калі падчас спаткання мы з Арцёмам пачыналі плакаць, то адразу стараліся падбадзёрыць адно аднаго і ўсміхнуцца. І гэтая ўзаемная ўсмешка дапамагала нам спраўляцца з эмоцыямі".

Праз шкло і краты — малюнкі малодшага брата

malunki_903.jpg
Малюнкі малодшага брата Арцёма

На другім спатканні з сынам магла прысутнічаць толькі мама Арцёма. Хлопец расстроіўся, што ў ягонага бацькі не атрымалася трапіць на спатканне. У сям'і Баярскіх расце яшчэ адзін сын — 15-гадовы Саша. Ён перадаў праз маму малюнкі брату, каб тая паказала яму. Як распавядае Вольга, да затрымання брата яе малодшы сын не маляваў.

"На самым пачатку спаткання я выканала заданне малодшага брата — паказала праз шкло і краты ягоныя малюнкі. Гэта дазволілі зрабіць".

Арцём на спатканні распавёў, ад каго прыходзяць лісты. Павіншаваў маму з Днём маці.

"Арцём вельмі любіць распавядаць пра хімію"

"Вядома, мы не маглі не пагаварыць пра хімію. Арцём распавёў, пра якія адкрыцці навукоўцаў пра адэназінтрыфосфарную кіслату (АТФ) ён даведаўся з апошняга нумара "Навука і жыццё". Ён вельмі любіць распавядаць пра хімію. Навуковыя часопісы — гэта цяпер адзіная для яго крыніца атрымання ведаў. Бо ніякую літаратуру, у тым ліку навуковую, перадаваць нельга", — распавядае Вольга.

"Ён працягвае трымацца і верыць у дабро" 

Паводле слоў маці Арцёма, працяглае знаходжанне ў няволі ўжо візуальна адбіваецца на фізічным стане сына: ён зрабіўся бледным, пастава не такая прамая. За сем месяцаў пад вартай у СІЗА Арцём тры разы перахварэў на прастудныя захворванні, два разы спеў ячмень на воку. Больш за месяц яму не могуць залячыць зуб. Бацькі ўвесь час перадаюць Арцёму вітаміны для падтрымкі сардэчна-сасудзістай сістэмы.

На спатканні яны абмеркавалі, якія прадукты перадаваць у перадачы, каб падтрымаць здаровае харчаванне.

"Пры гэтым ён працягвае трымацца і верыць у дабро, стараецца не дазваляць сабе маркоціцца".

Як распавядае Вольга, Арцём цалкам прачытаў Святое Пісанне. Зараз плануе перачытваць другі раз Евангелле ад Матфея.

"Арцём спытаў, ці прыедзем мы на спатканне ў наступную пятніцу"

Наступная сустрэча Арцёма з бацькамі, верагодна, адбудзецца ўжо на судзе. Справа ўжо перададзена ў суд, неўзабаве павінны пачацца слуханні па ёй.

"Пры канцы спаткання Арцём спытаў, ці прыедзем мы на спатканне ў наступную пятніцу. Але адказам мне прыйшлося яго і сябе засмуціць. Але ў нас больш няма дазволаў на спатканне".


Нагадаем, Арцём быў студэнтам хімфака БДУ. Ён чатыры разы станавіўся стыпендыятам спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных студэнтаў і навучэнцаў. Мінулай восенню яго асудзілі на 15 сутак паводле “народнага" артыкулу 24.23 КаАП, а гэтай вясной — спачатку прысудзілі 25 сутак паводле таго ж артыкулу, а потым выставілі абвінавачванні ў "стварэнні або кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем". Каб атрымаць відэа для тэлеграм-канала Азаронка, дзе студэнт прызнаецца ў адміністраванні пабліка, Арцёма збілі: білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах.

Падчас прад'яўлення канчатковага абвінавачвання Арцёму інкрымінавалі яшчэ ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

4 чэрвеня стала вядома, што палітвязня адлічылі з хімфака БДУ. Але ў верасні Арцёма Баярскага залічылі на бакалаўрскую праграму "біятэхналогія" ў Каўнаскі ўніверсітэт Вітаўта Вялікага. Як толькі хлопец выйдзе на волю, ён працягне навучанне.

Падтрымайце Арцёма лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030,
Арцёму Юр'евічу Баярскаму

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства