viasna on patreon

Жлобін: палітвязняў, якія адбываюць пакаранне, ізноў асудзілі. На гэты раз за абразу дзяржаўных сімвалаў

2021 2021-10-21T11:06:45+0300 2021-10-21T11:38:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shmigelski-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілля Патрушаў і Віктар Шмігельскі

Ілля Патрушаў і Віктар Шмігельскі

У судзе Жлобінскага раёна 21 кастрычніка вынесены прысуд па крымінальнай справе за абразу дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК РБ). На лаве падсудных - двое мясцовых жыхароў: палітвязні Ілля Патрушаў і Віктар Шмігельскі.

Справу разглядала суддзя Наталля Качалава, дзяржабвінаваўца – пракурор Сямён Фядорчанка.

Яшчэ 3 жніўня 2021 года стала вядома, што з месца адбыцця папярэдняга пакарання абвінавачаных перавялі ў СІЗА-3 горада Гомеля.

Па два з паловай гады гады калоніі прысудзіў суд актыўным удзельнікам акцыі пратэсту ў Жлобіне

10 жніўня вечарам ў Жлобіне маладыя людзі сталі ў счэпку і разам з іншымі нанеслі удары па шчытах супрацоўнікаў міліцыі, а таксама кінулі камяні ў іх бок.

Беларускай праваабарончай супольнасцю Ілля Патрушаў і Віктар Шмігельскі былі прызнаныя палітзняволенымі.

Згодна з матэрыяламі абвінавачвання, у верасні 2020 года, уначы, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, Ілля Патрушаў і Віктар Шмігельскі разам з неўстаноўленымі асобамі знаходзіліся каля Жлобінскага аддзялення РУПП “Белпошта”. Заўважылі на будынку дзяржаўны сцяг.

Патрушаў ускочыў на аконны выступ і садраў палотнішча разам з дрэўкам. Затым яны зайшлі ў бліжэйшы двор на вуліцы Першамайскай і “працягвалі абразлівыя дзеянні ў дачыненні да дзяржаўнага сімвала”: спрабавалі спачатку яго парваць, затым спаліць з дапамогай запальнічкі. Калі гэта не атрымалася – пачалі таптаць палотнішча а потым “здзейснілі на сцяг мочаспусканне”.

Пры гэтых дзеяннях абвінавачаных прысутнічалі сведкі.

Частка з іх ў суд не з’явілася, астатнія блыталіся ў паказаннях, спасылаліся на тое, што прайшло шмат часу ад моманту здзяйснення злачынства.

Абвінавачаныя аформілі “яўку з павіннай” і прызналі сваю віну.

Абвінавачванне таксама заявіла пра матэрыяльны зыск у памеры 90 рублёў за сапсаваны сцяг.

Суд прызнаў іх вінаватымі і прызначыў пакаранне: абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год кожнага.

Па сукупнасці пакаранняў, шляхам частковага іх складання, канчаткова прызначыць Іллю Патрушаву і Віктару Шмігельскаму пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады і восем месяцаў. Такім чынам, да ранейшага пакарання дадалося яшчэ два месяцы калоніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства