viasna on patreon

"Калі не мы, то хто іх падтрымае?" Што матывуе беларусаў пісаць палітвязням Фота

2021 2021-10-21T13:01:59+0300 2021-10-21T13:46:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/list_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя commarts.com

Ілюстрацыя commarts.com

У Беларусі на дадзены момант налічваецца 812 палітвязняў — людзей, якіх пазбавілі волі за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі. Самым простым і даступным для кожнага спосабам падтрымкі іх з’яўляецца напісанне лістоў салідарнасці. “Вясна” папрасіла дзвюх беларусак — шматдзетную маці і пенсіянерку, якія адправілі за краты дзясяткі лістоў і паштовак, — распавесці свае гісторыі: што іх матывуе пісаць, якія адказы прыходзяць ад палітвязняў і чаму гэты спосаб падтрымкі вязняў яны лічаць важным.

«Часам мне здаецца, што гэта не я іх падтрымліваю, а яны мяне». Напісала больш за 280 лістоў палітвязням

Шматдзетная маці з Мінска:

«Чаму я пішу вязням? Таму што гэта самае малое, што я магу для іх зрабіць. Мне сорамна, што яны сядзяць, а я нічога не магу з гэтым зрабіць — толькі даслаць ім ліст, паказваючы, што яны не забыты, што пра іх ведаюць і памятаюць. Доўгі час я не пісала, усё збіралася. Першыя мае лісты былі на 8 сакавіка. Я ўспомніла, што ў мяне дома ёсць адрыўныя паштоўкі з малюнкамі Гапчынскай і канверты. Села і напісала віншаванні. Іх было няшмат — менш за дзесяць. Потым я не пісала амаль паўтара месяца, бо не ведала, што пісаць. У мяне заўсёды было дрэнна з сачыненнямі, а пра сябе пісаць незнаёмаму чалавеку, мне здавалася, нецікава.

Паштоўка Анастасіі Булыбенка
Паштоўка Анастасіі Булыбенка

Натыкнулася аднойчы на групу ў фэйсбуку "Письма Солидарности Беларусь 2020", там быў пост пра віншаванні з Днём Нараджэння. З гэтых віншаванняў усё і пачалося. Набыла паштовак, канвертаў і марак і пачала віншаваць усіх вязняў са святамі. Калі нехта адказваў — пісала яшчэ ліст. За ўвесь час я даслала крыху больш за 280 лістоў, атрымала 60.

Паштоўка Максіма Знака
Паштоўка Максіма Знака

Цяпер кожны дзень правяраю паштовую скрыню, а часам і два разы на дзень, хаця раней месяцамі яе не адчыняла. Вельмі радасна атрымліваць адказы. Часам мне здаецца, што гэта не я іх падтрымліваю, а яны мяне. 

Паштоўка мінчанкі да палітвязня
Паштоўка мінчанкі да палітвязня

Акрамя віншаванняў, дасылаю вершы, навіны, цытаты, нейкія цікавыя факты, якія трапляюцца на вочы. Калі вязні пытаюцца дакладна пра мне, тады магу напісаць пра сваю сям'ю, працу, дзяцей, падзеі ў жыцці ці свае думкі».

«Для іх кожны ліст — гэта глыток са свабоды». Дасылае па 10-15 лістоў на тыдзень

Пенсіянерка з вёскі на Міншчыне:

«Цяпер за кратамі знаходзяцца тыя, хто хацеў, каб мы жылі свабодна і лепш. Палітвязні выходзілі за нас, а цяпер мы павінны аддзячыць ім. Калі не мы, то хто іх падтрымае?

Палітвязняў і іх адрасы я выбіраю на “Вясне”. На пастаяннай аснове пачала пісаць вязням пасля затрымання вясноўцаў 14 ліпеня — гэта стала паваротнай падзеяй. Раней я пісала слуцкаму блогеру Уладзіміру Няронскаму і каардынатарцы Валанцёрскай службы “Вясны” Марфе Рабковай, але адказаў ад іх так і не дачакалася... Цяпер у тыдзень адпраўляю каля 10-15 лістоў і паштовак. З некаторымі ўжо нават завязалася перапіска: з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, палітвязнем Валерыем Вішчэнем, вясноўцамі Уладзімірам Лабковічам і Леанідам Судаленкам. Ціханоўскі перадае ўсім прывітанне, Вішчэня дасылае малюнкі, Лабковіч піша пра важнасць лістоў за кратамі, а Судаленка распавядае пра суд.

listy_tihana_0.jpg
Паштоўка Сяргея Ціханоўскага

Памятаю, як у адным з лістоў Валерый Вішчэня папрасіў прабачэнне, што не даслаў мне малюнак, бо яму не аддавалі алоўкі з перадачы. А праз некаторы час, не дачакаўшыся майго адказу, ён, як і абяцаў, даслаў мне малюнак.

Малюнкі Валерыя Вішчэні
Малюнкі Валерыя Вішчэні

Адказаў ад палітвязняў у параўнанні з тым, колькі я адпраўляю лістоў, атрымліваю не вельмі шмат. Думаю, прычына ў тым, што некаторым не аддаюць лісты, да некаторых не даходзяць. Але, калі прыходзяць адказы, то адчуваю радасць, гонар за іх, што яны не здаюцца ды яшчэ і нас падтрымліваюць. Часам нават плачу, але на душы ўсё роўна радасна, і гэта мне падымае настрой. Ды наогул, якая розніца, ці атрымліваю я адказы — галоўнае, каб яны атрымлівалі мае лісты салідарнасці.

Калі пішу палітвязням, то ўзнікае адчуванне, што я зрабіла добрую справу. Я спадзяюся, што сваім лістом я падтрымліваю чалавека, дапамагаю яму. Цяжка думаць пра тых, хто за кратамі, пра ўсю сітуацыю, але думаць трэба. Палітвязні не бачаць цяпер простых рэчаў, даступных многім з нас: як жаўцее лісцік, як заходзіць сонейка. Таму стараюся гэта дасылаць хоць на паштоўках. Хто грыбы любіць збіраць — я паштоўку з грыбам дашлю, падабаюцца вожыкі — намалюю вожыка.

Лісты вязням
Лісты вязням

Яшчэ цікава, што ў камерах вязні чытаюць адзін адному гэтыя лісты, перамалёўваюць нашыя паштоўкі сваім родным, пустыя паштоўкі дасылаюць іншым людзям у знак падзякі за салідарнасць. Для іх кожны ліст — гэта глыток са свабоды».

Актуальны і поўны спіс палітвязняў з адрасамі і гісторыямі можна знайсці на адпаведным сайце «Вясны» prisoners.spring96.org.

"Хачу напісаць вязню!" Распавядаем, як гэта зрабіць

Мы падрыхтавалі інструкцыю, для тых, хто хоча дапамагчы такім людзям, але не ведае з чаго пачаць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства