Да трох з паловай і чатырох гадоў калоніі асудзілі яшчэ двух фігурантаў "пінскай справы"
У судзе Ленінскага раёна Брэста 21 кастрычніка вынеслі прысуды двум фігурантам "пінскай справы". Палітзняволенага Іллю Бохана і Сцяпана Дразда суддзя Андрэй Грушко прызнаў вінаватым па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) і асудзіў да трох з паловай і чатырох гадоў калоніі адпаведна. Менавіта такое пакаранне запрасіла для іх пракурорка Алена Ціхановіч. Гэта ўжо трэцяя асуджаная група па "пінскай справе" — агулам за ўдзел у акцыях пратэсту ў Пінску з 9 на 10 жніўня пазбавілі волі 26 чалавек. "Вясна" распавядае, што вядома пра суд над трэцяй групай фігурантаў гэтай гучнай справы.
Спрабаваў зламаць дрэва. У чым абвінавацілі Бохана і Дразда?
Як піша "Брэсцкая вясна", паводле версіі абвінавачвання, Сцяпана Дразда абвінавацілі ў замахах (але не ўдарах) рукамі, адным удары па міліцэйскім шчыце, які ў сваю чаргу зачапіў нагу супрацоўніка АУС Паліводы. Згодна з зачытаным на судзе вынікам медэкспертызы ад 12 жніўня 2020, у Паліводы "выяўленая рана на левай назе даўнасцю ад 2 да 6 сутак". Дзяржабвінавачванне заявіла, што "не выключае яе ўтварэнне ад удару Драздом па шчыце і пасля па гэтай назе". Відэа з ударам нагой па шчыце мелася ў матэрыялах справы.
На судзе Дрозд тлумачыў, што хацеў прайсці міма, але міліцыя са шчытамі перагарадзіла дарогу. У нейкі момант яго штурхнулі шчытом, упаў, рассек калена і пайшла кроў. Дразда паднялі людзі, што стаялі побач. Дрозд ускідваў рукі ў абурэнні, і адзін раз рэзка паправіў рукаў — па версіі абвінавачанага, менавіта гэта можа быць падобна на кідкі на знятым з-за спін міліцыянтаў відэароліку.
Ілля Бохан, якому ў жніўні 2020 яшчэ не было 18 гадоў, паводле версіі абвінавачвання, удзельнічаў у "масавых беспарадках" тым, што кінуў у строй міліцыі алюмініевую бляшанку з-пад энергетыка. Аднак канкрэтны міліцыянт, у каго даляцела бляшанка, дзяржабвінавачаннем на называецца. І з міліцыянтаў ніхто Бохана ў судзе не пазнаў. Таксама Бохану ставіцца ў віну, што ён падышоў да дрэва, пачаў схіляць яго ў бок каб зламаць — але нічога не выйшла. У зале суда супрацоўнік "Зелянбуда" растлумачыў, што дрэва выжыла, не зламалася. Тым не менш, яго арганізацыя падрыхтавала пазоў, кошт дрэва ацэнены бухгалтэрыяй у 117 беларускіх рублёў.
Зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне. Пра што казалі ў апошнім слове абвінавачаныя?
У сваім апошнім слове Сцяпан Дрозд быў кароткі:
"Я казаў, што не згодны з тым, што мне прад'явілі. Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў я не здзяйсняў. Я проста не магу зразумець, як дзеці будуць расці без мяне. Чалавека пакараць можна за нейкія імгненні, але гэта пакаранне — яно неабгрунтаванае. Я лічу, што Высокі суд неяк улічыць гэта і вынесе правільны прысуд. Мне больш сказаць няма чаго".
Ілля Бохан жа сказаў больш доўгую прамову, у якой нават зрабіў прапанову рукі і сэрца сваёй дзяўчыне:
"Высокі суд, я прашу Вас аб'ектыўна разабрацца ў дадзенай сітуацыі і праявіць міласэрнасць у знак спагады да маіх родных, каханай дзяўчыны, даць мне шанец на выпраўленне. Я глыбока ўсё ўсвядоміў і мне вельмі сорамна за ўчынак, які я здзейсніў. Калі б можна было вярнуць час назад... Прашу строга не караць мяне, улічыць, што я быў непаўнагадовы, не абдумваў свае ўчынкі. Раней не судзімы. Я праўда не хацеў прычыніць нікому боль, я не ішоў з думкай кагосьці біць, кідаць палкі.
Я ў чымсьці вінаваты, так. У тым, што кінуў гэтую бутэльку, што спрабаваў зламаць дрэва — і ўсё. Прашу прабачыць мне за гэты ўчынак і паставіцца справядліва. Прашу прабачэння за нейкія нязручнасці, якія прадаставіў, у пракурора і ў вас, Высокі суд.
Я вельмі ўдзячны бацькам, што падтрымліваеце мяне, дапамагаеце, чакаеце мяне. Я вас вельмі моцна люблю. У вас усё будзе добра, я веру, абяцаю, усё выпраўлю. Я разумею, колькі на вашы плечы ўпала. Я вінаваты перад вамі, мне вельмі сорамна. Шчасця, здароўя, дабрабыту".
Суддзя Андрэй Грушко перапыняе прамову Бохана:
"Па сутнасці справы ёсць яшчэ нешта? Гэта не спатканне, што вы так размаўляеце".
Пасля гэтага абвінавачаны Бохан звярнуўся да сваёй дзяўчыны:
"Яна, [..] у мяне ёсць ты. Кахаеш мяне? — Так. — І ў любым выпадку дачакаешся? — Так. — Прабач, што тады накрычаў на цябе. Я цябе вельмі моцна кахаю. Я ўдзячны Богу, што сустрэў цябе. Я хачу зрабіць табе прапанову. Янка, выходзь за мяне замуж. Прабач яшчэ раз за ўсё".
Чым усё скончылася?
Іллю Бохану дзяржабвінавачанне 5 кастрычніка запрасіла 3 гады 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму, Сцяпану Дразду — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Андрэй Грушко 21 кастрычніка прызначыў менавіта такое пакаранне.
14 палітвязняў "пінскай справы" пазбавілі волі на тэрміны ад 5,5 да 6,5 гадоў