viasna on patreon

100 дзён за кратамі “вясноўцы” Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч

2021 2021-10-22T14:42:27+0300 2021-10-22T15:32:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/100days_prison.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння – 100 дзён, як праваабаронцы “Вясны” Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца ў зняволенні за сваю праваабарончую дзейнасць. Яны былі затрыманыя 14 ліпеня па абвінавачванні ў арганізацыі актыўных дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама нясплаце падаткаў і з той пары ўтрымліваюцца ў СІЗА-1. За гэтыя 100 дзён блізкія, сябры і калегі Алеся, Валянціна і Уладзіміра не так шмат атрымалі ад іх лістоў і вестак, аднак “вясноўцы” застаюцца непахіснымі ў сваіх поглядах і каштоўнасцях нават за кратамі.  

Прыводзім вытрымкі з ранейшых інтэрв’ю нашых калегаў, якія не губляюць актуальнасці і сёння.  

Заснавальнік і старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі быў адным з першых, хто паўстаў на абарону правоў грамадзянаў у Беларусі і прысвяціў сваё жыцця праваабарончай дзейнасці.

“Варта адзначыць, што наша праца і ўвогуле праваабарончая дзейнасць ва ўсім свеце будуецца на міжнароднай салідарнасці і супрацоўніцтве. Дзякуючы гэтаму мы павялічылі эфектыўнасць сваёй працы, маючы сяброў і шматгадовых партнёраў у розных краінах Еўропы і свету, якія дапамагаюць нам ставіць пытанні Беларусі, напрыклад, у такіх інстытуцыях, як ААН, Савет Еўропы, Еўрасаюз. Міжнародная праваабарончая супольнасць садзейнічае таму, што “Вясна” фігуруе як значная праваабарончая сіла, якая ўспрымаецца вельмі сур'ёзна, што дазваляе нам, у сваю чаргу, уздымаць праблемы Беларусі на розных узроўнях.

У прынцыпе, я задаволены вынікамі нашай працы. Мы шмат зрабілі для разумення важнасці правоў чалавека палітыкамі і грамадскасцю Беларусі — тых людзей, якія пасля змянення сітуацыі будуць арыентавацца на гэтыя правілы і стандарты ў сваёй дзейнасці, у адрозненне ад цяперашняй улады. Гэта вельмі важна. А другі момант — гэта тое, што мы з'яўляемся важным фактарам успрымання грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, бо наша праваабарончая інфармацыя і ацэнкі займаюць годнае месца і ўспрымаюцца вельмі сур'ёзна”.

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Валянцін Стэфановіч далучыўся да праваабарончай дзейнасці па настойліваму асабістаму запрашэнню Алеся Бяляцкага ў 1998 годзе.

“Я заўсёды быў прыхільнікам таго, каб “Вясна” была наймацнейшай арганізацыяй, своечасова рэагавала на ўсе выклікі, была на вастрыі ўсіх падзеяў. А гэта, зразумела, не застаецца па-за ўвагай адпаведных органаў. Таму заўсёды адчуваецца моцны прэсінг: затрыманні, асаблівы рэжым пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы, бясконцыя фінансавыя праверкі мяне і маёй сям'і, брудныя дыфамацыі ў дзяржаўных СМІ. А з іншага боку адчуваецца вялікая адказнасць за тое, што мы робім.

Думаю, што пасля змены рэжыму у нас будзе яшчэ больш працы, але працаваць давядзецца на іншым узроўні — з дзяржавай як з партнёрам. Свае высілкі мы пачнем скіроўваць на трансфармацыю існуючых прававых і іншых сістэм: гэта і пенітэцыярная сістэма, і рэформа судоў, і рэформа адвакатуры. У нас назапашаны шматлікія напрацоўкі, наш вопыт можна будзе паспяхова выкарыстоўваць. А яшчэ важна стварыць механізм грамадскага кантролю над дзейнасцю сілавых структур, каб праваабаронцы маглі ўваходзіць у адмысловыя рады. Заўсёды ж ёсць канфлікт нейкіх інтарэсаў: грамадскіх, дзяржаўных — таму без працы не застанемся. Праваабаронцы не проста крытыкуюць уладу, добрую альбо дрэнную, — яны бароняць людзей”.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч стаў сябрам “Вясны” ў 2001 годзе і так адказаў на пытанне, чаму звязаў свой лёс з праваабаронай:

У першую чаргу таму, што на той момант, калі я рабіў свой выбар, гэта была арганізацыя аднадумцаў, арганізацыя, якая разглядала і разглядае правы чалавека менавіта як частку нацыянальных каштоўнасцяў, а гэта важна для дзяржавы. Потым, канечне, з'явілася і пачуццё сяброўства, якое я вельмі-вельмі цаню. І на той момант, і зараз “Вясна” — тая арганізацыя, у якой людзі гавораць пра адно, і гавораць на адной мове”.

Таксама для мяне шмат асабістага звязана з “Вясной”: калі я ад нашага Праваабарончага цэнтра назіраў за прэзідэнцкімі выбарамі ва Украіне ў 2004-ым годзе, падчас трэцяга тура (паўторны другі тур — рэд.) працаваў разам з дзяўчынай, якая была не з Беларусі. Потым яна стала маёй жонкай. Атрымліваецца, што я і ў асабістым жыцці стаў шчаслівым, дзякуючы сваёй праваабарончай дзейнасці”.

Сёння Уладзіміру Лабковічу спаўняецца 43 гады, але свой Дзень народзінаў ён сустрэне за кратамі.

З Днём народзінаў, Уладзімір!

Прадстаўнікі розных праваабарончых арганізацый дасылаюць свае віншаванні Уладзіміру Лабковічу з розных краін свету.

Мы заклікаем працягваць падтрымліваць нашых калегаў паштоўкамі і лістамі салідарнасці!

Дасылайце лісты і паштоўкі "вясноўцам": 

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Бяляцкаму Аляксандру Віктаравічу
Стэфановічу Валянціну Канстанцінавічу
Лабковічу Уладзіміру Мікалаевічу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства