viasna on patreon

Жонка палітвязня Андрэя Баранава: «Ён ніколі не здзяйсняў учынкаў, за якія можа быць сорамна»

2021 2021-10-22T19:17:34+0300 2021-10-22T20:40:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/baranau_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітвязня гарадзенца Андрэя Баранава затрымалі месяц таму ў рамках справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Раней Андрэй працаваў на прадпрыемстве "Гродна Азот", ён любіць гістарычную літаратуру, спорт і падарожжы. Дома Андрэя чакае сям'я: праз два тыдні пасля затрымання ў палітвязня нарадзілася дачушка Маша. Тата дагэтуль бачыў яе толькі на фотаздымках.

Жонка Андрэя Таццяна распавядае, што па характары ён — вельмі добры і спагадны чалавек, які ў той жа час не трывае падману і несправядлівасці. "У наш час у гэтай краіне такім людзям невыносна цяжка, але ён ніколі не здзяйсняў учынкаў, за якія можа быць сорамна ці пра якія можна шкадаваць. Ніхто з людзей, якія хоць раз з ім размаўлялі, не скажа пра Андрэя дрэннага слова", — упэўненая яна.

"Андрэй — усебакова развітая асоба"

Таццяна апісвае мужа як інтэлігентнага і адукаванага мужчыну, які ў вольны час шмат чытае. Яна адзначае, што асабліва ён любіць гістарычную і навукова-папулярную літаратуру па сучасных навуках, а яшчэ — кнігі па мастацтве.

"Андрэй — усебакова развітая асоба, лёгка праходзіць адборачныя туры на інтэлектуальныя гульні накшталт "Адзін супраць усіх" або "Хто хоча стаць мільянерам". Яго цікава слухаць, з ім ёсць аб чым пагаварыць. Андрэй быў бы выдатным настаўнікам гісторыі, кім і павінен быў стаць па адукацыі, калі б змог працаваць у гэтай сістэме. Але для яго заўсёды былі важныя прынцыпы, ён не можа ісці на пагадненне з сумленнем", — адзначае Таццяна.

Акрамя гэтага, палітвязень захапляецца спортам, гуляе ва ўсе камандныя віды — ад баскетбола да футбола.

"Працуючы на прадпрыемстве "Гродна Азот", ён не раз атрымліваў званне лепшага спартсмена, — успамінае жонка Андрэя. — Але больш за ўсё ён любіць баскетбол і валейбол. Лічыць баскетбол самай дынамічнай і інтэлектуальнай гульнёй — таму і самай прыгожай".

У апошнія гады Андрэй захапіўся садам — клімат у Гродне стаў спрыяць вырошчванню экзатычных гатункаў дрэў: хурмы, персікаў і кізіла.

"Напэўна, гэтая цікавасць мае карані з дзяцінства, калі кожны год яго разам з сёстрамі і іншымі сваякамі бацькі вазілі на моры ў Крым, — разважае Таццяна. — Яны заўсёды адпраўляліся ў адпачынак вялікай сям'ёй. І зараз захавалася традыцыя бавіць час у коле сям'і, гуляць у настольныя або рухомыя гульні на вуліцы: гэта вельмі збліжае. Андрэй вельмі сямейны чалавек, хоць цяжка назваць яго рамантыкам — за яе ў нас у сям'і я адказваю. Я прашу адправіцца ў падарожжа — а ён з лёгкасцю складае маршруты, шукае недарагія квіткі і гасцініцы. Так разам мы наведалі каля 20 краін".

"Дачка нарадзілася праз два тыдні пасля затрымання Андрэя"

Потым грымнула пандэмія, падзеі ў краіне таксама не давалі спакою.

"І тут мая цяжарнасць, — дадае Таццяна. — Мы 11 гадоў разам, 6 з іх — у шлюбе, а дзіця з'явілася менавіта цяпер. Здавалася, што больш благога моманту складана было прыдумаць. Але апынулася (гэта ясна стала толькі цяпер), што наша дачушка — гэта выратаванне, гэта тое, што дае сілы вытрымаць любыя выпрабаванні. Наша дачка Маша нарадзілася праз два тыдні пасля затрымання Андрэя. Цяпер ёй месяц, а бацька да гэтага часу не бачыў свайго доўгачаканага дзіцяці.

Вядома, нам вельмі цяжка ў эмацыйным плане, бо мы ніколі не расставаліся так надоўга. Але калі маладое пакаленне бачыць і разумее ўсё, што адбываецца, то больш старэйшым складана зразумець, як такі добры інтэлігентны чалавек можа быць арыштаваны ні за што. У Андрэя застаўся бацька, які сам не свой ад перажыванняў за адзінага сына. Насіць перадачы ў турму і фатаграфіі нованароджанай унучкі — гэта не тое, чым павінен займацца чалавек на пенсіі. І мне складана знайсці для яго словы падтрымкі".

Жанчына адзначае, што работнікі турмы ставяцца да сітуацыі адэкватна, падказваюць нешта — у адрозненне ад ІЧУ, дзе стаўленне работнікаў і ўмовы ўтрымання пагоршыліся, у параўнанні з мінулым годам.

"Пасля смерці маіх бацькоў я ў жыцці навучылася разлічваць толькі на сябе, — кажа Таццяна. — Але ўсё ж зусім не так я ўяўляла сабе сямейнае жыццё пасля нараджэння дзіцяці. Арышт, адвакаты, перадачы, слёзы — усё гэта не ўваходзіла ў нашы планы. Гэта вельмі несправядліва. Зараз я кажу не толькі аб нашай сям'і, ведаю, што мы не першыя, хто апынуўся ў такой гідкай сітуацыі. І мы стараемся падтрымліваць адзін аднаго. Столькі добрых слоў прыходзіць ад людзей! Таму я прашу накіраваць словы падтрымкі і Андрэю ў турму №1 г. Гродна.

Лісты — гэта тое, што ў такіх месцах трэба, як паветра. Я з дзіцем не паспяваю пісаць столькі, колькі хацелася б. Таму прашу падтрымкі — пішыце лісты, расказвайце ў іх навіны, дзяліцеся ўражаннямі аб кнігах і падарожжах, спартыўных спаборніцтвах — пра што заўгодна. Я ўдзячная ўсім, хто адгукнецца".

Падтрымаць Андрэя лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1

Андрэю Яўгенавічу Баранаву

baranau_list1.jpg
Ліст Андрэя да жонкі
baranau_list.jpg
Ліст Андрэя да жонкі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства