viasna on patreon

“Змрок акунае нашую краіну, але цемра святла не згасіць”. Пра што ў лістах на волю піша Валянцін Стэфановіч?

2021 2021-10-23T15:04:21+0300 2021-10-25T18:13:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/jakubouskaia_kotiki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За апошнія дні ад праваабаронцы “Вясны” Валянціна Стэфановіча некалькі чалавек атрымалі лісты. У іх Валянцін дзякуе за віншаванні з Днём народзінаў, які ён адзначыў 14 кастрычніка, піша, што ў яго ўсё добра, а таксама выказвае надзею на хуткія змены ў лепшы бок.

“У мяне ўсё нармальна, настрой добры, у тым ліку дзякуючы падтрымцы знаёмых і незнаёмых, але такіх родных людзей.

Я перакананы, што ўсё будзе добра, што ўсе вельмі хутка апынуцца на волі. А пакуль проста набрацца сілаў і вытрымаць усе гэтыя часовыя нязручнасці”.

У лісце да іншай адрасаткі Стэфановіч адзначае:

Таксама дзякуй за такія натхняльныя і цёплыя словы. Цяпер я проста мушу быць героем.

Сумна, што край наш усё болей апынаецца ў цемры. Але нельга падаць духам. У ніякім разе! Нашая салідарнасць - нашая сіла. Мы ўсе зараз мусім падтрымліваць адзін аднаго. Я перакананы, што Вясна надыдзе незваротна.

Праваабаронца не сумняецца ў сваіх сябрах і калегах, што апынуліся за кратамі:

Упэўнены, што і мае сябры, і калегі, якія апынуліся ў зняволенні, трымаюцца годна і не сумуюць. Я ў іх упэўнены, бо ведаю іх шмат гадоў і прайшлі мы разам, плячо ў плячо з імі на гэтых сцежках і шляхах разам.

У яшчэ адным лісце Валянцін падзяліўся ўражаннямі пра сітуацыю ў краіне:

“Я не ведаю, як там па-за межамі нашай субмарыны, мне адсюль усё падаецца жахлівей. Змрок акунае нашую краіну, але, як вядома, цемра святла не згасіць”.

Жонка праваабаронцы Аліна Стэфановіч напісала ў сябе ў фэйсбуку, што Валянцін здзіўлены, што яму дасылаюць коцікаў.

stefanovich_facebook.jpg

Тым часам конкурс ілюстрацый “Кот на Валадарцы” працягваецца!

У конкурсе ў падтрымку палітзняволенага Валяціна Стэфановіча прыняла ўдзел вядомая беларуская мастачка Вольга Якубоўская. Сваю працу Вольга назвала “Вяртанне ката Валянціна” і растлумачыла чаму:

“Я лічу, што лепшае месца для ўсіх коцікаў — гэта іх дом, дзе чакаюць родныя і любімыя. Я вырашыла намаляваць момант вяртання ката Валянціна да сваёй сям'і... Яго вельмі чакаюць жонка Аліна, сын і дзве дачкі, а яшчэ тры ката... Веру, што ўсе коткі абавязкова вернуцца да сябе дамоў! Пахне чабор!”

jakubouskaia_kotiki.jpg
Малюнак Вольгі Якубоўскай

Прыняць удзел у конкурсе вельмі проста:

  • намалюйце Ката,
  • запосціце яго ў сацсетках з хэштэгам #FreeViasna, альбо дашліце малюнак нам на пошту freeviasna@gmail.com да 4 лістапада,
  • потым мы абярэм пераможцу і дашлем памятны прыз!

Дасылайце вашыя малюнкі і лісты салідарнасці Валянціну:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Стэфановічу Валянціну Канстанцінавічу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства