Вынікі судовых разглядаў адміністрацыйных спраў за 18-22 кастрычніка
У раённых судах Мінска і рэгіёнаў на працягу тыдня з 18 па 22 кастрычніка па адміністрацыйных справах да арышту асудзілі не менш за 12 чалавек. Людзей прыцягвалі да адказнасці за "дробнае хуліганства", "непадпарадкаванне міліцыі" і "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Так, 20 кастрычніка ў судзе Полацкага раёна прайшоў суд над 43-гадовым актывістам руху “За Свабоду” Аляксеям Панамаровым. Пратакол на яго склалі па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) за тое, што мужчына зрабіў рэпост са старонкі канала Бе*сат на сваю асабістую старонку ў «Вконтакте». Суд прызнаў Панамарова вінаватым і пакараў яго 7-сутачным арыштам.
20-гадовую Соф’ю Маргунову затрымалі яшчэ 5 кастрычніка пасля спробы патрапіць на разгляд апеляцыйнай скаргі па «справе студэнтаў» у Мінгарсудзе. На суд яе не пусцілі, а праз некаторы час Соф’я перастала выходзіць на сувязь. На наступны дзень суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна арыштавала дзяўчыну па арт. 24.23 КаАП на 15 сутак. 21 кастрычніка Маргунова на волю так і не выйшла — на яе склалі новы пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Суддзя Таццяна Полулех пакарала дзяўчыну 15-сутачным арыштам. Агулам Маргунова правядзе на Акрэсціна 30 сутак.
Палітзняволеныя Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч павінны былі выйсці на волю 22 і 23 кастрычніка пасля амаль 100 сутак на Акрэсціна. Аднак 21 кастрычніка над імі прайшлі чарговыя суды па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). У Ленінскім РУУСе на мужа і жонку бесперапынна працягваюць складаць пратаколы за перасыл адзін адному навінаў з тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі.
21 кастрычніка справы Сяргея і Анастасіі разглядзела суддзя Таццяна Шоцік. Не ўлічыўшы ўсе памылкі ў матэрыялах справы, суддзя зноў арыштавала Сяргея і Анастасію на 13 сутак кожнага. Муж і жонка агулам правядуць на Акрэсціна 112 і 111 сутак адпаведна.
Падрабязнасці з судоў у табліцы і ў тэлеграм-канале "Вясна назірае".
*Карыстайцеся пошукам і сарціроўкай, каб хутка знайсці інфармацыю.