За заклікі да блакіроўкі вуліц мінчука прысудзілі да трох год "хатняй" хіміі
Суд Фрунзенскага раёна Мінска 27 кастрычніка вынес прысуд па крымінальнай справе Дзяніса Бацяна, па абвінавачванні яго ў арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК РБ).
Справу разглядала суддзя Юлія Крэпская, дзяржабвінаваўца – Хаваўка.
Дзяніса Бацяна затрымалі 5 жніўня 2021 года і змясцілі на трое сутак у ІЧУ. Пазней ён быў адпушчаны пад асабістае паручальніцтва.
Па матэрыялах следства, агучаных ў судзе 25 кастрычніка, Дзяніс Бацян 8 верасня 2020 года апублікаваў у інтэрнэце заклікі да дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, учынілі перашкоду ў працы грамадскага транспарту, з дапамогай публікацый у экстрэмісцкіх чатах паведамляў пра перамяшчэнне сілавікаў у Мінску.
Так, у тэлеграм-чаце “Мінск97%” з дапамогай мабільнага тэлефона пакінуў наступнае паведамленне публіцыстычнага зместу:
“Тэрмінова, кіроўцы на Машэрава! Блакуйце рух, не дайце сілавікам сабрацца, дапамажыце пратэстоўцам!”.
“Тэрмінова, кіроўцы на Машэрава! Блакуйце рух, не дайце сілавікам сабрацца”
У судовых спрэчках пракурор заявіў, што віна Бацяна даказаная цалкам у поўным аб’ёме і просіць суд пакараць абвінавачанага абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.
Суддзя Юлія Крэпская вынесла прысуд, які запрашваў пракурор: абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.