Трыма гадамі "хатняй хіміі" пакаралі мінчука за ўдзел у масавым мерапрыемстве 9 жніўня мінулага года
У судзе Савецкага раёна Мінска 2 лістапада вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да афіцыянта Ігара Каранеўскага. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (арт. 342 КК РБ).
Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін, дзяржабвінаваўца – пракурор Рабаў.
З 14 верасня 2021 года Каранеўскі быў змешчаны пад варту ў СІЗА.
Па матэрыялах абвінавачвання, Каранеўскі ў перыяд часу з 16-00 да 22-00 9 жніўня 2020 года, знаходзіўся на праспекце Пераможцаў і Машэрава паблізу дамоў 41, 43, 45, груба парушаў грамадскі парадак. Прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з групай неўстаноўленых асоб. Публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў воплескі, адмовіўся выканаць распараджэнні супрацоўнікаў органаў улады. Блакаваў дарогу, чым выклікаў перашкоды ў працы грамадскага транспарту.
Хворага афіцыянта судзяць за счэпку 9 жніўня мінулага года
Пракурор запрасіў для Каранеўскага тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу — “хатняя хімія”.
Адвакат, са свайго боку, перакананы, што абвінавачванне неабгрунтаванае і шмат у чым заснаванае на домыслах, сумневах і непацверджанай інфармацыі.
Апроч гэтага Каранеўскі мае некалькі захворванняў, у яго змены ў паяснічных аддзелах пазваночніка, ён знаходзіўся на стацыянарным лячэнні з 17 па 21 верасня з дыягназам “гіпертэнзія”.
Тым не меней суддзя Якунчыхін прызнаў Каранеўскага вінаватым і пакараў абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.