viasna on patreon

Супольная заява ў сувязі з прысудам дваім сябрам беларускага праваабарончага цэнтра "Вясна"

2021 2021-11-03T12:05:27+0300 2021-11-04T10:34:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudalenka_lasica1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца

Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца

Праваабарончыя арганізацыі заклікаюць улады Беларусі спыніць крымінальны пераслед паводле палітычных матываў.

У сераду, 3 лістапада, Цэнтральны раённы суд Гомеля вынес прысуд па палітычна матываванай крымінальнай справе ў дачыненні да дваіх праваабаронцаў мясцовага аддзялення праваабарончага цэнтра "Вясна". Кіраўнік гомельскага аддзялення Леанід Судаленка быў асуджаны да трох гадоў калоніі, а валанцёрка Таццяна Ласіца — да двух з паловай.

18 праваабарончых арганізацый заклікаюць улады Беларусі неадкладна адмяніць гэты абуральны прысуд і зняць усе абвінавачванні як з Судаленкі і Ласіцы, гэтак і з яшчэ пецярых праваабаронцаў "Вясны", якія ў гэты час знаходзяцца за кратамі паводле палітычна матываваных абвінавачванняў.

"Палітычна матываваны крымінальны пераслед сябраў і валанцёраў "Вясны" ажыццяўляецца ў межах "зачысткі" грамадзянскай супольнасці, абвешчанай Аляксандрам Лукашэнкам. Няма сумневаў, што ўлады пераследуюць "Вясну" ў помсту за яе 25-гадовую выбітную бясстрашную працу па абароне правоў чалавека", — гаворыцца ў сумеснай заяве праваабарончых арганізацый.

13 кастрычніка абвінавачванне запатрабавала для Судаленкі і Ласіцы па тры гады пазбаўлення волі ў межах справы аб "арганізацыі і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". "Доказная база" выглядае абсурдна: у прыватнасці, абвінавачванне спасылаецца на допіс Судаленкі ў Facebook, у якім ён прапануе дапамагчы з дровамі сям'і аднаго з абвінавачваных у "масавых беспарадках" у сувязі з мірнымі пратэстамі 2020 года.

Судаленка і Ласіца знаходзяцца пад вартай больш за дзевяць месяцаў (яны былі арыштаваныя 18 і 21 студзеня адпаведна). Суд распачаўся на пачатку верасня і праходзіў у закрытым рэжыме.

18 студзеня праваахоўныя органы таксама затрымалі валанцёрку "Вясны" Марыю Тарасенка ў межах крымінальнай справы супраць Судаленкі і Ласіцы, але праз тры дні адпусцілі яе пад падпіску аб нявыездзе. Тарасенка пакінула Беларусь пасля таго, як у кастрычніку абвінавачванне запатрабавала для яе два з паловай гады калоніі.

У гэты час пад вартай паводле палітычна матываваных абвінавачванняў знаходзяцца яшчэ пяцёра праваабаронцаў "Вясны": заснавальнік і старшыня праваабарончага цэнтра Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка валанцёрскай службы Марфа Рабкова і валанцёр з Мінска Андрэй Чапюк.

Умовы ўтрымання праваабаронцаў у СІЗА выклікаюць сур'ёзную занепакоенасць: яны зазнаюць жорсткае і зневажальнае годнасць абыходжанне і абмежаванні ліставання. 13 кастрычніка мужу Марфы Рабковой упершыню за 13 месяцаў дазволілі спатканне, пасля якога ён паведаміў, што жонцы не аказваецца медыцынская дапамога, па якую яна неаднаразова звярталася.

Каля 100 праваабаронцаў і валанцёраў "Вясны", а таксама члены іх сем'яў, былі дапытаныя ў якасці сведак у межах крымінальных спраў у дачыненні да іх калегаў. Прынамсі сямёра знаходзяцца ў статусе падазраваных.

Беларускія праваахоўныя органы працягваюць рэгулярныя допыты па справах у адносінах да сябраў "Вясны", у тым ліку выклікаюць у Следчы камітэт актывістаў іншых грамадскіх арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў.

Крымінальныя справы ў дачыненні да сябраў "Вясны" і іншых праваабаронцаў абкружаныя заслонай сакрэтнасці, суды адбываюцца ў закрытым рэжыме, адвакатаў пад пагрозай пазбаўлення ліцэнзіі прымушаюць даваць падпіску аб неразгалошванні любых акалічнасцяў справы. 12 кастрычніка Міністэрства юстыцыі да завяршэння дысцыплінарнай вытворчасці адвольна адхіліла ад працы Наталлю Мацкевіч — адвакатку Марфы Рабковай.

17 верасня 23 міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі абвясцілі пра пачатак кампаніі #FreeViasna, патрабуючы неадкладнага вызвалення праваабаронцаў. Мы па-ранейшаму заклікаем улады Беларусі:

  • У поўнай ступені выконваць міжнародныя абавязанні ў галіне павагі свабоды асацыяцыі, свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў для ўсіх людзей у краіне, як таго патрабуе Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельнікам якога з'яўляецца Беларусь.
  • У поўнай ступені паважаць дзейнасць праваабаронцаў і адвакатаў, забяспечыўшы кожнаму магчымасць, не асцерагаючыся наступстваў, выказваць прэтэнзіі да дзеянняў і палітыкаў службовых асобаў і дзяржаўных органаў.
  • У рэчышчы гэтых абавязанняў неадкладна вызваліць Таццяну Ласіцу, Леаніда Судаленку, Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка, зняць усе абвінавачванні з супрацоўнікаў і валанцёраў "Вясны", у тым ліку Марыі Тарасенка, і іншых праваабаронцаў і забяспечыць ім права на прававую абарону ў сувязі з адвольным затрыманнем і неабгрунтаваным крымінальным пераследам.

Amnesty International

Article 19

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Беларускі Хельсінкскі камітэт

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Center for Civil Liberties

Civil Rights Defenders

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) у межах Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў                 

Front Line Defenders

Helsinki Foundation for Human Rights

Human Rights House Foundation       

Human Rights Watch

Міжнароднае партнёрства за правы чалавека (IPHR)

Libereco — Partnership for Human Rights                

Нарвежскі Хельсінкскі камітэт

Ostgruppen — Шведская ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека

Right Livelihood

Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT) у межах Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства