viasna on patreon

Былая настаўніца сустрэне сваё 68-годдзе ў турме: распавядаем пра палітзняволеную пенсіянерку з Мёраў

2021 2021-11-03T17:06:05+0300 2021-11-03T17:09:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stepulenok_903.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эму Сцепулёнак затрымалі сёлета 29 верасня ў межах крымінальнай "справы Зельцэра". За каментары ў сацсетках ёй выставілі абвінавачванне паводле артыкулаў 369 і 130 Крымінальнага кодэкса і змясцілі ў следчую турму №8 у Жодзіне. Цяпер ёй пагражае да 12 гадоў зняволення. Вядома, што ўжо месяц для затрыманых па гэтай справе доўжыцца "карантын", праз які для іх не прымаюць перадачы і не пускаюць адвакатаў. 7 лістапада Эме Антонаўне спаўняецца 68 гадоў, але свой Дзень народзінаў жанчына правядзе за кратамі, а не ў коле сяброў. Былыя калегі Эмы распавялі "Вясне" гісторыю жанчыны і заклікаюць усіх неабыякавых павіншаваць яе з Днём народзінаў з дапамогай паштовак, лістоў, тэлеграм і пасылак.

Эмма Антоновна Степулёнок
Эма Антонаўна Сцепулёнак

"На апошніх званках вучні задорвалі кветкамі"

Эма Антонаўна Сцепулёнак нарадзілася, вырасла і працавала ў горадзе Мёры на Віцебшчыне. Яна скончыла сярэднюю школу №1 з залатым медалём і інстытут з чырвоным дыпломам, вучылася ў аспірантуры. Паводле адукацыі яна настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.

Некаторы час Эма Антонаўна працавала завучам па навучальнай працы ў сярэдняй школе №3, а затым, да выхаду на пенсію, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

"Яе заўсёды на апошніх званках вучні проста задорвалі кветкамі ў знак падзякі за веды, якія яна давала ім. Вельмі дасведчаная, эрудзіраваная спецыялістка. Пра гэта кажуць поспехі яе вучняў, якія займалі неаднаразова першыя месцы ў рэспубліканскіх алімпіядах па беларускай мове, не кажучы ўжо пра поспехі ў абласных і раённых алімпіядах", — распавядаюць былыя калегі са школы.

Таксама Эма Сцепулёнак абіралася дэпутаткай раённага савета. На момант затрымання яна была на пенсіі.

Эмма Антоновна Степулёнок в школе на «Колядках», 1990-е
Эма Антонаўна Сцепулёнак у школе на "Калядках", 1990-я

"Эма Антонаўна — унікальны чалавек"

Як кажуць знаёмыя, жанчына жыве адна:

"Але як кранальна клапацілася Эма Антонаўна пра сваю маці, асабліва ў апошнія гады ейнага жыцця, і пра пляменнікаў, якія жылі ў яе і хадзілі у школу ў Мёрах".

Былыя калегі вельмі кранальна распавядаюць пра Эму як пра творчага чалавека, са шматлікімі хобі і ўлюбёнымі заняткамі. Яны паказалі нам фотаздымак Эмы з дываном, які яна сама вышыла.

stepulenok_901.jpeg
Эма Антонаўна Сцепулёнак з дываном, вышытым крыжом уласнымі рукамі

"Эма Антонаўна — унікальны чалавек. Яна здольная выканаць любую працу, прычым не толькі жаночую, але і мужчынскую. Яна ўмее вязаць, шыць, вышываць, пячы. Яна і рамонт у хаце робіць сама, і лазню пабудуе, і ваду правядзе, і праводку адрамантуе, і дарожкі заліе.

Выдатны кветкавод. Які парадак у яе каля дома, кветкі пахнуць з ранняй вясны да позняй восені! Эма Антонаўна — творчы чалавек: яна і маляваць умее, шрыфтам валодае, пісала віншаванні ў вершах калегам да святаў і не толькі на беларускай мове. Можа не толькі верш напісаць — паэму! А як кранальна чытала яна вершы са сцэны, удзельнічаючы ў мастацкай самадзейнасці! Машыну водзіць дагэтуль. Працаголік па жыцці. Разумная, адказная, справядлівая".

Як адзначаюць калегі, калі хтосьці захоча спазнаць нюансы вывучэння і разумення беларускай мовы ці літаратуры, лепшай кансультанткі, чым Эма Антонаўна, не знайсці. 

Павіншаваць палітзняволеную з Днём народзінаў паштоўкамі, лістамі, тэлеграмамі і пасылкамі можна па адрасе: 

Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А

Эма Антонаўна Сцепулёнак

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства