Чарговага ўдзельніка Маршу адзінства судзяць у Гродне
3 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна распачаўся разгляд крымінальнай справы аб грубым парушэнні грамадскага парадку ў дачыненні да 48-гадовага Сяргея Ключанскага.
Старшынюе па справе суддзя Маргарыта Ланцэвіч, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Ганна Кароль.
Паводле агучанага абвінавачвання, летась 6 верасня ад 14-й да 17-й гадзіны Сяргей Ключанскі на тэрыторыі горада Гродна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак, спалучаліся з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады і пацягнулі парушэнне працы транспарту, пры наступных акалічнасцях. Такім чынам, ён, дакладна ведаючы пра планаванае правядзенне групавога несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, з мэтай непасрэднага ўдзелу ў ім, аказання відавочнага непадпарадкавання законным патрабаванням прадстаўнікам улады — супрацоўнікам органаў унутраных спраў, 6 верасня 2020 года а 14-й гадзіне прыбыў у цэнтральную частку горада, усведамляючы супрацьпраўны характар сваіх дзеянняў, натхняў сваімі паводзінамі іншых удзельнікаў на правядзенне мітынгу, а на патрабаванні супрацоўнікаў АУС аб спыненні супрацьпраўных дзеянняў не рэагаваў. Ключанскі сам узяў актыўны ўдзел у групе асобаў паводле папярэдняй змовы з іншымі невысветленымі падчас следства асобамі несанкцыянаваным мерапрыемстве — масавым вулічным шэсці, рухаючыся на праезнай частцы ад плошчы Савецкай па вул. Маставая, Янкі Купалы, перашкаджаў руху транспарту, замахваўся на грамадскі спакой, парушаў умовы адпачынку і побыту грамадзян, у выніку чаго Аўтобуснаму парку Гродна прычыненая шкода на суму 20 рублёў 10 капеек, Гродзенскаму тралейбуснаму ўпраўленню прычыненая шкода на 51 рубель 59 капеек, а ўсяго — на агульную суму 71 рубель 69 капеек. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі Ключанскі здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 342 КК.
Абвінавачаны прызнаў віну цалкам, за выключэннем заклікаў аб прычыненні гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.
У адносінах да сведак — супрацоўнікаў АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама — прынятыя меры бяспекі ў выглядзе невыдавання звестак пра іх асобы.
Падчас судовага пасяджэння былі апытаныя тры сведкі, якія знаходзіліся за шторкай. Канкрэтных паказанняў пра тое, што менавіта Ключанскі рабіў, яны не далі. Яшчэ трое сведак не з'явіліся, паколькі знаходзяцца на лістку непрацаздольнасці, а адзін — у службовай камандзіроўцы.
Адвакат абвінавачванага папрасіла суд далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы дакументы, якія пацвярджаюць, што абвінавачваны з'яўляецца адзіным атэставаным спецыялістам у маленькай па штаце арганізацыі, і калі да яго будзе ўжытае пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, арганізацыя будзе не ў стане выконваць падрадныя працы.
Судовае пасяджэнне працягнецца 4 лістапада.