viasna on patreon

Ні дня без затрыманняў. Хроніка палітычнага пераследу 5 лістапада Дапоўнена

2021 2021-11-05T13:50:55+0300 2021-11-06T13:00:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pushkin_na_vystave.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 5 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на іх.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Бабруйску быў затрыманы Міхаіл Гвоздзь


У Гомелі ліквідаваны дабрачынны фонд "Разам тут". Яго мэтай было садзейнічанне ў вырашэнні праблем сацыяльнай ізаляцыі і адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, аднак, паводле Галоўнага упраўлення юстыцыі аблвыканкама, фонд "адхіляўся ад сваёй мэты і прадмета дзейнасці, не адзін раз груба парушыў закон і ўласны статут".

Прычынай ліквідацыі стала тое, што дырэктар "Разам тут" Андрэй Бардухаеў-Арол у жніўні мінулага года размяшчаў палітычныя паведамленні і рэпосты ў сацыяльных сетках фонду. Таксама фонд унёс не ўсе неабходныя дадзеныя ў дакументы аб зменах у структуры і кіраўніцтве, якія трэба падаваць кантралюючым органам.


Палітзняволеную Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву арыштавалі ў дзявяты раз на 15 сутак

Сёння асудзіла Анастасію па ч. 2 арт. 19.11 КаАП суддзя Ленінскага раёна Анастасія Ачалава. Анастасія павінна была выйсці яшчэ ўчора, але за дзве гадзіны да вызвалення дзяўчыну перавялі з ЦІПа ў ІЧУ і склалі новы пратакол.

Ейны муж Сяргей Крупеніч, які таксама быў прызнаны палітвязнем, сёння зноў не выйшаў на волю. Мужчыну арыштавалі на чарговыя 15 сутак.

На сям'ю ў чарговы раз участковыя Ленінскага РУУСа склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП за перасылку адзін адному ў прыватных паведамленнях навінаў з "экстрэмісцкіх" тэлеграм-каналаў. Суддзі неаднаразова адмаўлялі адвакатам, каб аб'яднаць пратаколы за розныя рэпосты ў адзін, таму за кожную навіну з "экстрэмісцкімі матэрыяламі", знойдзеную ў тэлефоны Анастасіі, сям'ю судзяць асобна адразу пасля заканчэння мінулага арышту.

На судзе над Анастасіяй адвакатка прасіла прызнаць абавязковым удзел у працэсе ўчастковага Зянкевіча і агледзець тэлефон Анастасіі, бо непасрэдна гэты ўчастковы даглядаў тэлефон падчас затрымання і не склаў пратакол на ўсе рэпосты, што пацягнула паступальнае з'яўленне новых пратаколаў і павелічэнне тэрміну.

Пры гэтым, у 30-дзённы тэрмін тэлефон павінен быць накіраваны для рэалізацыі ў даход дзяржавы. Аднак Зянкевіч утрымлівае тэлефон і складае новы пратакол зноў і зноў, што з'яўляецца парушэннем. У кожным з пратаколаў напісана, што тэлефон агледжаны ва ўключаным стане, што немагчыма, улічваючы што тэлефон знаходзіцца ўжо больш за 100 дзён пад арыштам, і батарэя не можа быць актыўнай так доўга. Але суддзя Ачалава не задаволіла хадайніцтвы адваката.

Анастасія правядзе агулам за кратамі 126 сутак, а Сяргей — 127.


З «Нафтана» звольнілі інжынера-канструктара Аляксандра Балонкіна.

Месяц таму яго затрымлівалі за фота з плакатам у падтрымку TUT.BY і асудзілі на 15 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмізму».

Пазней на працы мужчыну некалькі разоў прапанавалі звольніцца «па згодзе бакоў», але ён штораз адмаўляўся. Цяпер, менш чым за тры месяцы да заканчэння тэрміну кантракта Балонкіна звольнілі. Ягоны стаж на «Нафтане» складае 19 гадоў.


Праваабаронцам "Вясны" вядома, што ў Мінску быў затрыманы Міхаіл Зубкоў. Таксама вядома пра затрыманне А. Хацько.

А ў Слоніме затрыманы Іван Крывушын. Відавочцы паведамляюць, што затрыманне Івана было вельмі жорсткім і яго павезлі ў бок лесу. Дзе зараз знаходзіцца мужчына - невядома. Яшчэ 3 лістапада на працы з ужываннем сілы быў затрыманы Дзяніс Жукоўскі.


Мінюст ініцыяваў ліквідацыю "Беларускай асацыяцыі кёрлінгу". Разгляд справы адбудзецца ў Вярхоўным судзе 16 лістапада.

Верагодна, кёрлінгісты трапілі пад "зачыстку" праз сваю грамадскую пазіцыю. У ноч з 9 на 10 жніўня амапаўцы груба затрымалі капітана мікст-зборнай Дзмітрыя Баркана. Спартоўца адправілі ў турму ў Жодзіна, а праз двое сутак выпусцілі на хвалі масавых вызваленняў.

Неўзабаве Баркан падпісаў ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту. Свае подпісы пад гэтым лістом паставілі яшчэ сем беларускіх гульцоў і трэнераў узроўню зборных. Таксама пераможцы нацыянальнага адбору сфатаграфаваліся ў майках у падтрымку баскетбалісткі Алены Леўчанка.


Youtube-відэаролік “Малітва за Беларусь з Вячаславам Барком” прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі. Такое рашэнне прынята па заяве пракуратуры Расонскага раёна.


Алесь Пушкін. Фота: ПЦ
Алесь Пушкін. Фота: ПЦ "Вясна"

Палітзняволенаму мастаку Алесю Пушкіну працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 30 студзеня 2022 года.

Ён быў затрыманы 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы і абвінавачаны ў "наўмысных дзеяннях, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму" за намаляваны партрэт беларускага антысавецкага партызана пасляваенных часоў.


Спартоваму блогеру і футбалісту "Крумкачоў" Аляксандру Івуліну ў чарговы раз працягнулі тэрмін знаходжання пад вартай на адзін месяц.

Івулін знаходзіцца ў няволі з 3 чэрвеня і абвінавачваецца ў арганізацыі ці актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак.

Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства