viasna on patreon

"Настолькі дрэнна, што ў суд выклікалі хуткую дапамогу". Марыя Тарасенка распавяла пра здароўе Таццяны Ласіцы

2021 2021-11-05T19:00:13+0300 2021-11-05T19:22:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lasica_gomelnews.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Памочніца Леаніда Судаленкі Таццяна Ласіца, асуджаная разам з ім 3 лістапада, сур'ёзна захварэла падчас свайго знаходжання ў СІЗА. На закрытым двухмесячным судовым працэсе Таццяна адчувала моцныя болі, аднак суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі не звярнуў на гэта належнай увагі. Пра гэта "Вясне" паведаміла Марыя Тарасенка.

Таццяна Ласіца. Фота: Гомельские ведомости
Таццяна Ласіца. Фота: Гомельские ведомости

"Вясна" не прыводзіць назву дыягназу Таццяны, аднак ведае пра яго (са слоў Марыі Тарасенка, якая прысутнічала на судзе). Акрамя таго, у Таццяны зменшыўся гемаглабін і яна пакутуе ад анеміі.

"І вось уявіце сабе ўсё, колькі доўжыліся судовыя пасяджэнні, а гэта каля двух месяцаў, Таццяна ўвесь час сядзела і пацірала нагу, у якую аддаваў боль, — распавяла Марыя Тарасенка. — Ёй патрэбнае аперацыйнае ўмяшанне, як відаць. Але ва ўмовах СІЗА ніхто гэтым займацца не хоча. Ёй далі таблеткі. Не ведаю, ці давалі наогул абязбольвальныя. Ніякага сур'ёзнага абследавання ва ўмовах стацыянару ці лякарні не рабілася".

Таццяна Ласіца пра свой стан заяўляла суду, распавядае Марыя Тарасенка. Сяргей Салоўскі дазволіў ёй не ўставаць падчас судовага працэсу. У пасяджэнні рабілі перапынкі па просьбе Таццяны, паколькі праз стан здароўя яна вымушаная была наведваць прыбіральню.

Таксама Марыя Тарасенка ўзгадвае, што ў першы дзень судовага працэсу (пятніца, 3 верасня) Таццяне было настолькі дрэнна, што ёй выклікалі хуткую дапамогу. Але, акрамя ўколаў, нічога не было зроблена, і ў панядзелак (6 верасня) судовы працэс з удзелам Таццяны працягнуўся.

"На першыя два ці тры пасяджэнні ў суд прыходзіла фельчарка СІЗА, а потым суддзя сказаў, што вы адрываеце ад працы персанал СІЗА, фельчарка павінна выконваць іншыя свае службовыя абавязкі і не можа тут увесь час знаходзіцца ў судзе. Потым перад пачаткам судовага пасяджэння Таццяну і Леаніда аглядалі і пісалі даведкі пра тое, што яны могуць прысутнічаць на судзе", — кажа Марыя.

Тарасенка распавяла і пра стан Леаніда Судаленкі падчас судовага працэсу:

"Леанід трымаўся трошкі лепш, але ў яго цукровы дыябет, і таму ён таксама мае патрэбу ў дадатковым аглядзе. Яму дазвалялі ва ўмовах СІЗА ляжаць. Але ўсё адно складана знаходзіцца ва ўмовах СІЗА з такім дыягназам. Ён шмат разоў падаваў хадайніцтва на змену меры стрымання ў сувязі са станам здароўя але суд быў глухі. Яны не пайшлі насустрач.

Леанід нават прасіў у суда адзін дзень перапынку ў працэсе, таму што хацеў адпачыць яму цяжка было ўсё выседжваць. Бо судовыя пасяджэнні ішлі кожны дзень: пачыналіся а 10-й гадзіне і працягваліся да 16-17-й гадзіны. Было два дні, калі судовыя пасяджэнні былі толькі да абеду: напрыклад, першае пасяджэнне з-за самаадчування Таццяны".

Таццяна Ласіца таксама хадайнічала аб змене меры стрымання, але суд сцвярджаў, што на гэта няма падставаў. Аргументам было тое, што яна спрабавала з'ехаць з краіны 21 студзеня — тады яе і затрымалі ў мінскім аэрапорце.

"І менавіта таму суд казаў: "Мы не можам змяніць ёй меру стрымання яна ж спрабавала выехаць". Але ж на той момант, 21 студзеня, яна была вольным чалавекам, на яе не былі накладзеныя ніякія абмежаванні ў перасоўванні. І Леанід таксама казаў на судзе: "Якія былі падставы для затрымання Таццяны? Бо ў яе не было ні падпіскі аб нявыяздзе, яна не знаходзілася пад хатнім арыштам…" Хоць у яе правялі ператрус 5 студзеня, але ніхто нічога тады не накладаў", — распавяла Марыя Тарасенка.


Нагадаем, праваабаронцу "Вясны" Леаніда Судаленку затрымалі 18 студзеня 2021 года, а Таццяну Ласіцу — 21 студзеня. З тых часоў яны знаходзяцца ў СІЗА-3. Трэцяга верасня ў судзе Цэнтральнага раёна горада Гомеля пачалося пасяджэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да Леаніда Судаленкі і яго дзвюх памочніц: Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенка. Судовы працэс зрабілі закрытым. Усіх абвінавачвалі паводле часткі 1 (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і часткі 2 (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак) артыкулу 342 КК РБ. 13 кастрычніка дзяржабвінавачванне запатрабавала для Леаніда тры гады калоніі, а для Таццяны і Марыі — па два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Марыя Тарасенка знаходзіцца пад падпіскай аб нявыяздзе, а таксама пад падпіскай аб невыдаванні матэрыялаў крымінальнай справы. Аднак пасля 13 кастрычніка яна пакінула Беларусь і цяпер у бяспечным месцы. Яе крымінальную справу вынеслі ў асобную вытворчасць. А Судаленка і Ласіца былі асуджаныя на тыя тэрміны, якія прасіла абвінавачванне.

18 праваабарончых арганізацый заклікалі ўлады Беларусі неадкладна адмяніць гэты абуральны прысуд і зняць усе абвінавачванні як з Судаленкі і Ласіцы. Праваабарончы цэнтр "Вясна" у сваёй заяве адзначыў, што гэтая справа ад самага пачатку суправаджалася самавольствам і парушэннем агульнапрызнаных правоў і свабод. 

Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца прызнаныя палітзняволенымі.

Заклікаем падтрымаць нашага калегу Леаніда і валанцёрку Таццяну лістамі салідарнасці:

Адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку
Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства