viasna on patreon

Праграміст з душой друіда: гісторыя палітвязня Алега Гармазінскага

2021 2021-11-06T16:39:24+0300 2021-11-06T17:23:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/garmazinski_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволены тэхнік-праграміст з Сеніцы Алег Гармазінскі быў узяты пад варту ў зале суда тры тыдні назад. 13 кастрычніка 2021 года суддзя Аляксей Крапачоў пазбавіў яго волі на два гады: паводле версіі абвінавачвання, мужчына размясціў у тэлеграм-канале некалькі негатыўных паведамленняў "зняважлівага характару" на адрас Лукашэнкі.

Жонка палітвязня распавяла "Вясне", чаму сябры завуць яго друідам, у чым палягае ментальная сувязь паміж Алегам і дачкой, і як за тры тыдні яго захапіла чытанне.

Друід

Паводле жонкі, Алег — спакойны і стрыманы чалавек, які любіць усё жывое. Ладную частку часу сям'я бавіць на дачным участку, дзе маладыя людзі даглядаюць 25 сотак сваёй зямлі і 10 — суседскай.

"Мы неяк пажартавалі, што ён "крепкий хозяйственник", — усміхаецца дзяўчына. — А сябры нават завуць яго друідам, бо ён не можа жыць без зямлі: шмат каму такое наша захапленне падаецца дзіўным. Яшчэ калі ў іншых сем'ях звычайна дзеці прыносяць палячыць жывёлін дадому, то ў нас гэта рабіў муж: неяк мы абходжвалі нават варону. Я жартам заву лецішча Ноевым каўчэгам: Алег прыцягвае жывёл, як магніт".

Праца на гародзе для сям'і Гармазінскіх ахоплівае значна больш звыклых для беларусаў праяваў. Напрыклад, у Алега ёсць свой пчальнік: сям'я адмовілася ад ужывання цукру і цалкам перайшла на свой мёд. Цяпер жонка Алега думае, што з ім рабіць. Акрамя гэтага, сёлета палітвязень захапіўся мікалогіяй і пачаў вырошчваць грыбы: на стале сям'і з'явіліся свае вешанкі, а яшчэ мужчына хацеў вырасціць зімовыя апенькі і шыітаке ў наступным годзе

Таксама сям'я вырошчвае дыні і кавуны, а ў будучыні плануе адкрыць экакраму: на іх лекавым гародзе растуць мацярдушка, кацямятка, меліса, мята, мята перачная, ісоп, шалфей, эстрагон, чабор, лафант тыбецкі, чорны кмен, растаропша, календула і іншыя расліны.

garmazinski_2.jpg
Алег на фоне свайго пчальніка

Да падзеяў гэтага года ў сям'і была свая слімаковая ферма: Алег гадаваў слімакоў, а жонка — гатавала іх. Але сёлета праз затрыманне мужчыны ў чэрвені маладыя людзі вырашылі адмовіцца ад гэтага занятку на карысць вольнага часу для сям'і.

"Любоў да зямлі ў яго з дзяцінства, — распавядае жонка палітвязня. — Напэўна, назіраў за мамай. Калі ён на лецішчы, ён заўсёды на зямлі: сустракаемся мы толькі за сталом і ўжо ўвечары. Мне сорамна казаць гасцям, але ўсе пакаёвыя кветкі вырошчвае Алег. Ён не падпускаў мяне да іх, казаў, што будзе паліваць іх сам, бо там шмат нюансаў наконт догляду. Цяпер займаюся імі самастойна. А ў лісце ён папрасіў мяне не забыцца пасадзіць зімовы часнык".

Але нават калі на зямлі няма працы, Алег не можа сядзець без справы: у рэдкі вольны час ён глядзіць лекцыі па мікалогіі, вывучае апітэрапію, а яшчэ — імуналогію і будову чалавечага цела. Аднойчы паглядзеў лекцыі пра шкоду алкаголю для арганізма і цалкам адмовіўся ад яго.

Муж і бацька

Жонка палітвязня кажа, што разам з усім гэтым ён вельмі добры і праніклівы, з радасцю дапамагае іншым і спагадліва клапоціцца пра сваю сям'ю. Нават агарод сям'я завяла ў 2017 годзе пасля нараджэння дачкі — каб на стале заўсёды былі прадукты без ГМА і "хіміі". Доўга выбіралі правільны ўчастак побач з ракой і спыніліся на мясцінах, дзе нарадзіўся Якуб Колас.

"Дачка таксама маленькі друідзік, — усміхаецца жанчына. Ёй хутка 7 гадоў, і яна вельмі падобная да бацькі і вонкава, і па характары, і па інтарэсах. У іх з мужам ментальная і эмацыйная сувязь: яна настолькі моцная, што часам я ёй зайздрошчу. Яны з Алегам вельмі любяць адно аднаго і ўмеюць знаходзіць агульную мову ў розных сітуацыях. Ён умее данесці ёй думку хутка, выразна, а яна без лішніх словаў прымае яго пазіцыю. Дачцэ цікавыя ўсе незвычайныя татавы інтарэсы: ён купіў ёй адмысловы ахоўны шлемік, і яны разам ходзяць на пчальнік і глядзяць фільмы пра Сусвет, зоркі, планеты".

Пакуль дзяўчынка з бабуляй, але маці збіраецца сказаць ёй праўду пра тое, дзе цяпер знаходзіцца тата: жанчына не хоча, каб дачка потым расчаравалася ў тым, што ёй хлусілі.

"І муж ён цудоўны, — працягвае жонка Алега. — Мы разам 10 гадоў, і для мяне на гэтым этапе жыцця няма бліжэйшага чалавека. Нядаўна ў лісце я пісала яму, што ў цэлым свеце няма ніводнага чалавека, з якім я магла б размаўляць на ўсе тэмы так, як з ім. Я магу распавядаць яму нават нейкую жаночую дробязь, а ён слухае і падтрымлівае. Мы заўсёды імкнёмся размаўляць з ім, прасякацца перажываннем. Мы з дачкой шчасліўчыкі, нам пашанцавала".

garmazinski_12.jpg
Алег — заўзяты грыбнік

Пасля таго як на Алега завялі крымінальную справу, але адпусцілі з ІЧУ да суда, сям'я імкнулася бавіць час разам і не губляць ні хвілінкі, але да апошняга не страчвалі надзею на тое, што пакаранне не будзе звязанае са зняволеннем.

"Мы рыхтаваліся да таго, што можа быць рэальны тэрмін, але ўсё адно прысуд зрабіўся для ўсіх шокам і нечаканасцю, — узгадвае дзяўчына. — На судзе ў мяне ўвесь час перахапляла дыханне і білася сэрца. Але ўсё ж надзея памірае апошняй для нас яна памерла 14 кастрычніка. Я нават уявіць сабе не магла, што настолькі не магу без яго. Мне не хочацца ні з кім размаўляць, калі разумею, што побач няма чалавека, з якім я магу ўсё падзяліць. І мяне няма побач з ім. Нездарма кажуць: каб зразумець, як ты ставішся да чалавека, уяві, што яго няма. Гэта сітуацыя паказала нам, наколькі мы важныя адно аднаму. Магчыма, гэта ўсё адбылося, каб мы паглядзелі на гэта пад такім вуглом. Але, тым не менш, мы ніколі не задумваліся з'ехаць: як Алег можа кінуць сваю зямлю і пчол?"

Палітвязень

Цяпер Алег знаходзіцца ў Магілёве: сям'я чакае рашэння апеляцыйнага суда. Жонка піша яму праз дзень, лісты ідуць каля 10-11 дзён. У іх пара абмяркоўвае побытавыя моманты, як наладзіць жыццё ў такіх умовах, разважае наконт сямейных навінаў і дачкі. Палітвязень піша, што ўмовы ўтрымання можна назваць добрымі: у камерах цёпла, кормяць хай не звыклымі хатнімі прадуктамі, але цалкам цярпіма. Астатняе жонка намагаецца давозіць у перадачах.

"Як філолага мяне цешыць, што ён пачаў больш чытаць, — усміхаецца дзяўчына. — Цяпер, напрыклад, распавёў, што яму спадабалася "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча, якім ён не расчуліўся ў школе. Але гэта значыць, што мне зараз трэба "даганяць" яго ў праглядзе савецкіх фільмаў, якія ён так любіць. І я ўпэўненая, што хутка ён вернецца, і мы будзем сядзець увечары на лецішчы каля пчальніка, а ён будзе распавядаць мне пра прачытаныя кнігі, а я яму пра савецкія фільмы".

Падтрымаць Алега лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе:

Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Гармазінскі Алег Віктаравіч

Дапамагчы сям'і:

5127 2292 3653 8767

07/23

HARMAZINSKAYA ALENA

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства