viasna on patreon

Мінчука, якога збілі падчас леташніх пратэстаў у Фрунзенскім РУУС, асудзілі па крымінальным артыкуле. Экс-палітвязень распавядае, што яму давялося перажыць

2021 2021-11-08T11:59:34+0300 2021-11-08T11:59:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lazouski_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28-гадовы Дзяніс Лазоўскі быў затрыманы 10 жніўня мінулага года пасля мітынгу. Тады яму давялося шмат што перажыць: збіванні і жорсткае абыходжанне ў спартзале Фрунзенскага РУУС (кадры жорсткага абыходжання сілавікоў з затрыманымі пасля выбараў 9 жніўня ў гэтым РУУС апублікаваныя BYPOL), "калідор" з сілавікоў перад ІЧУ у Жодзіне. Праз год Дзяніса зноў затрымалі за ўдзел у леташніх пратэстах — пад ціскам яго прымусілі запісаць "пакаяльнае відэа", распачалі крымінальную справу і на два з паловай месяцы змясцілі пад варту. 2 лістапада пасля суда палітвязень выйшаў на волю: суд Маскоўскага раёна асудзіў яго да трох гадоў "хіміі". Дзяніс распавёў "Вясне" пра свае два затрыманні і ўсё, што яму давялося перажыць за два з паловай месяца за кратамі. 

"Апрытомнеў у РУУС — пад галавой лужынка крыві": год назад Фрунзенскае РУУС

"Вяртаўся я дадому з мітынгу 10 жніўня. Ужо каля дома пад'язджае аўтобус: вылятаюць людзі ў балаклавах і затрымліваюць мяне. Мяне адключылі пару ўдарамі. Я апрытомнеў у РУУС на падлозе: ляжу на жываце, рукі ў кайданках за спінай, галава пабітая, пад галавой невялікая лужынка крыві. Нам усім сказалі паварочваць галаву налева, каб паміж сабой не размаўлялі. Пры гэтым галава ў мяне была пабітая справа. Кожны раз, як я паварочваў галаву, каб не ляжаць на гематоме, то падыходзіў які-небудзь міліцыянт і мог стаць берцамі на шыю ці проста патаптацца па нас.

Калі памянялася змена, то ўсіх паднялі, хто ляжаў на падлозе. Нас усіх паставілі да сцяны на калені, ілбом у падлогу, рукі за спінай у кайданках. Я адразу адмовіўся станавіцца на калені, сядзеў проста на падлозе. Але да мяне пару разоў падышлі, у тым ліку дзяўчына Карына (але не памятаю дакладна, як яе звалі), з пытаннем, чаму не станаўлюся на калені. Я казаў, што не хачу. На эмоцыях я пачаў крычаць: "Ды дастань ствол і стрэль мне ў галаву!" Яна паглядзела на мяне, махнула рукой і пайшла.

Потым прыйшоў нейкі начальнік у грамадзянскім. Ён да мяне таксама падышоў і сказаў: "Што ты не становішся?" Я яму адказаў, што не хачу. Ён мне пачаў наносіць нагой удары ў галаву. Удараў 10-15 нанёс. Пасля гэтага я ўстаў, як усе: на калені, ілбом у падлогу. Хадзілі далей і прабівалі ўсіх дубінкамі. Прымушалі ўсіх хорам казаць, што мы раскайваемся, і тым часам усіх дубасілі дубінкамі.

Яшчэ прымушалі крычаць: "Наш прэзідэнт — самы лепшы прэзідэнт у свеце". А хто не казаў гэта, то білі дубінкай.

Калі ў мяне зазваніў тэлефон у РУУС, то падбегла гэтая Карына і разбіла яго, пачала паказальна шпурляць яго кудысьці.

Увогуле, у РУУС збівалі нас нармальна так. Перавозілі ў Жодзіна нас на аўтазаку. Калі ўсіх змясцілі туды, то АМАП пералічваў нас па галовах дубінкай: "раз, два, тры… сямнаццаць, васямнаццаць". І потым так па-новай. Ім было весела. Калі прыехалі ў Жодзіна, то там быў "калідор". Калі мы ішлі праз яго, то нас прабівалі з двух бакоў".

Тады Следчы камітэт адмовіў Дзянісу ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіванняў.

Другое затрыманне праз год. Па дарозе ў ГУБАЗіК білі, пытаючыся пра палітычныя погляды

Другі раз Дзяніса затрымалі амаль праз год — 17 жніўня — каля сёмай раніцы каля пад'езда, калі ён выходзіў на працу.

"Найперш забралі тэлефон. На ім быў мой здымак з мітынгу. Пасля гэтага прывезлі ў ГУБАЗіК. Па дарозе туды білі далонямі па галаве і па шыі, задаючы пытанні, якія тычацца маіх палітычных поглядаў. Я адказваў на іх шчыра: казаў, што не падтрымліваю дыктатуру і што раней хацеў прагаласаваць за Валерыя Цэпкалу, але зрабіць гэтага не змог, таму прагаласаваў за Ціханоўскую, і на мітынг пайшоў, таму што палічыў, што мой голас скралі".

Пад ціскам здымалі "пакаяльнае відэа" 

У будынку ГУБАЗіКа яго спыталі, ці ён на фотаздымку з мітынгу. Дзяніс апазнаў сябе. Пасля гэтага сілавікі паехалі да яго на ператрус:

"Перавярнулі ўсю кватэру, але ў мяне дома нічога не было кшталту сцягоў і іншай сімволікі. Потым прыехалі зноў у ГУБАЗіК і пад ціскам пачалі здымаць відэа з маім раскаяннем. Наогул, мяне адразу збілі, потым сказалі: "Крый божа табе сказаць што-небудзь не так", — і пачалі здымаць відэа. З мэтай атрымання меней цяжкай шкоды для свайго здароўя я вырашыў казаць тое, што ад мяне хацелі пачуць. На відэа прыйшлося сказаць, што ўдзельнічаў у масавых беспарадках, але пры гэтым разумеў, што ні ў якіх пагромах і падпалах я не ўдзельнічаў".

Пасля прызнання віны адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна

Пасля гэтага Дзяніса павезлі ў Следчы камітэт:

"Следчы перш за ўсё яшчэ раз паказаў мне маю фатаграфію і раздрукоўку з геалакацыяй тэлефона за тыя дні, калі я быў на мітынгу. Ён задаў пытанне, ці прызнаюся я. Адказаў, што прызнаюся. Ад адваката адмовіўся, бо вырашыў, што ён мне ўжо асабліва не дапаможа, і распавёў усю праўду, дзе і калі быў на мітынгу, падпісаў свае паказанні і тое, што прызнаю сваю віну. Пасля гэтага мяне адвезлі на ІЧУ на Акрэсціна. Паколькі люблю казаць праўду, дадам, што быў вельмі напалоханы".

Дзесяць дзён на Акрэсціна: холад, клапы, тэмпература ва ўсёй камеры

Да выстаўлення абвінавачванняў Дзяніс першыя дзесяць дзён правёў у ІЧУ на Акрэсціна.

"Мае родныя ўсё ж такі нанялі адваката. Ён прыйшоў адзін раз у ІЧУ і пераканаў мяне, што ён можа быць карысны. Адмаўляцца ад яго больш я не стаў.

У ІЧУ было халодна, асабліва пад раніцу. Апрануты я быў лёгка: у тым жа адзенні, што і затрымлівалі. Спальныя прыналежнасці (матрац, падушку, коўдру) мне не выдавалі, святло ў камеры было уключанае кругласутачна, што замінала спаць, апроч гэтага кусалі клапы.

Праз пару дзён захварэлі ўсе людзі, якія знаходзіліся ў камеры, нас было чалавек сем-восем у шасцімеснай камеры. Ва ўсіх была высокая тэмпература: градусаў 38-39. Медыцынскую дапамогу аказвалі: прыходзіў доктар і выдаваў таблеткі. Кармілі тры разы на дзень.

Праз пару дзён прыйшоў нейкі начальнік у грамадзянскім адзенні і спытаў нас, ці ўсё ў нас добра і ці ёсць у нас якія-небудзь скаргі і прапановы. Мы распавялі яму пра клапоў, ён сказаў, што тут будзе праведзеная дэзінфекцыя, і нас перавялі ў іншую камеру. Клапы нас больш не турбавалі.

Шчыра кажучы, мой эмацыйны стан у гэтыя першыя дзесяць дзён быў не вельмі, не мог паверыць, што ўсё гэта адбываецца са мной. У камеры амаль усе людзі былі па артыкулах, звязаных з палітыкай. Два чалавекі былі па іншых артыкулах.

Калі астатнія хлопцы (палітвязні) пачалі прыходзіць ад адвакатаў і паведамляць, што часцей за ўсё людзі ў нашай сітуацыі атрымліваюць па тры гады калоніі ці "хіміі" з накіраваннем, то я зразумеў, што справы мае ідуць не вельмі. Да гэтага мне наогул здавалася, што, мабыць, давядзецца пару месяцаў пад арыштам правесці і выплаціць які-небудзь звышвялізны штраф у 1000 ці 2000 рублёў".

Першыя дні на "Валадарцы"

Пасля дзесяці дзён у ІЧУ Дзяніса перавезлі ў СІЗА-1 па вуліцы Валадарскага, дзе яго ўтрымлівалі наступныя два з паловай месяцы да суда.

"Я адразу правёў дні тры ў адзіночнай камеры. Потым трапіў у камеру, дзе сядзелі, на маю думку, адэкватныя людзі. Хлопцы адразу ж пацікавілася, ці ўсё ў мяне ёсць з неабходнага: станкі для галення, адзенне, мыла і г. д. На той момант у мяне ўжо ўсё было. Калі мяне перавялі ў СІЗА-1, родныя мне перадалі перадачку. Адносіны з сукамернікамі былі нармальныя: размаўлялі адзін з адным культурна, прытрымліваючыся этыкету зносінаў. Стаўленне з боку начальства і аховы таксама было нармальным, звярталіся да зняволеных на "вы", прадузятага стаўлення да палітвязняў не было. Першыя часы ў камеры быў тэлевізар, але начальства вырашыла яго забраць на склад, бо з'ехаў чалавек, які з'яўляўся яго гаспадаром. У камеры было каля дзесяці чалавек, але хтосьці заязджаў, а хтосьці выязджаў".

Побыт у СІЗА-1

"Дзень праходзіў прыкладна так: з раніцы пад'ём, сняданак, прыборка камеры (дзяжурылі па чарзе), паверка, шпацыр да абеду, пасля шпацыру вольны час, потым абед, пасля абеду вольны час, потым вячэра, пасля вячэры зноў вольны час, потым вячэрняя паверка, потым адбой. У вольны час гулялі ў гульні: шашкі, шахматы, нарды. Займаліся фізічнымі практыкаваннямі, напрыклад, адціскаліся. Таксама займаліся сабой: стрыгліся, галіліся, мылі адзенне, размаўлялі адзін з адным на нейтральныя тэмы, чыталі кнігі. Я чытаў падручнік па гісторыі Беларусі. Я яшчэ вельмі часта судоку разгадваў, якія мне дзяўчына выпісала".

Пра падтрымку і надзеі

"Тое, што я патраплю ў такія месцы і стану палітвязнем, ніколі ў жыцці не меркаваў. Наогул, я ў сваім жыцці закон стараўся не парушаць, да ўсяго гэтага я толькі пару разоў хуткасць перавысіў на 10 км/г, таму ніколі не думаў, што патраплю ў турму.

У СІЗА я атрымліваў перадачы і лісты ад родных і блізкіх. Больш за ўсё мне пісала мая дзяўчына: лісты ад яе прыходзілі нават часцей, чым раз на тыдзень.

Таксама атрымаў ліст і паштоўку ад незнаёмага мне чалавека са словамі падтрымкі і выказваннем салідарнасці, мне стала вельмі прыемна, адчуваў, што ў гэтым свеце я не адзін.

Тое, што мяне адпусцяць пасля суда, няхай і на кароткі прамежак часу, я не чакаў, думаў, што пасля "Валадаркі" адразу паеду далей на хімію ці на лагер. Быў вельмі рады ўбачыць родных і блізкіх".

"Проста ўсярэдзіне нейкая пустэча". Пра стан і планы на будучыню

Политзаключенный Денис Лозовский в первые минуты на свободе
Палітзняволены Дзяніс Лазоўскі ў першыя хвіліны на волі

Да затрымання Дзяніс быў самазанятым, ён планаваў адкрыць сваю справу, але і ў найблізкай будучыні ён зможа рэалізаваць свае ідэі:

"Хуткім часам паеду адбываць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Мой стан цяпер норма: мне ні добра, ні дрэнна, эмоцый няма ніякіх, і няма ўжо даўно, страху няма таксама, проста ўсярэдзіне нейкая пустэча".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства