viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2021 2021-11-08T14:37:02+0300 2021-11-08T15:54:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

Вынесены прысуд "вясноўцам" Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы

3 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да праваабаронцы “Вясны” Леаніда Судаленкі і валанцёркі арганізацыі Таццяны Ласіцы.

Суддзя Сяргей Салоўскі прызнаў Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК) і асудзіў Леаніда Судаленку на тры гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а Таццяну Ласіцу - на два з паловай гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Марыя Тарасенка, якая праходзіла па гэтай жа крымінальнай справе і для якой запрасілі 2,5 гады калоніі, была вымушаная з’ехаць з Беларусі. Пасля гэтага крымінальная справа ў дачыненні да яе была вылучаная ў асобную вытворчасць.

18 праваабарончых арганізацый выступілі з заявай і заклікалі ўлады Беларусі неадкладна адмяніць абуральны прысуд і зняць усе абвінавачванні як з Судаленкі і Ласіцы, гэтак і з яшчэ пецярых праваабаронцаў "Вясны", якія ў гэты час знаходзяцца за кратамі паводле палітычна матываваных абвінавачванняў.

Супольная заява ў сувязі з прысудам дваім сябрам беларускага праваабарончага цэнтра "Вясна"

Праваабарончыя арганізацыі заклікаюць улады Беларусі спыніць крымінальны пераслед паводле палітычных матываў.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіў у падтрымку Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы з асобнай заявай.

Мы, праваабаронцы "Вясны", заяўляем рашучы пратэст у сувязі з гэтым чарговым этапам ціску на арганізацыю, асуджаем выкарыстанне жорсткасці і адвольнага зняволення ў якасці інструментаў ціску на праваабаронцаў і на ўсе сегменты грамадзянскай супольнасці.

Мы патрабуем ад уладаў вярнуцца ў прававыя межы ў адносінах з грамадзянскай супольнасці, неадкладна адмяніць адвольны прысуд у дачыненні да Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы, вызваліць узятых пад варту іншых сябраў і валанцёраў ПЦ "Вясна" — Марфу Рабкову, Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Андрэя Чапюка; вызваліць іншых палітвязняў, пазбаўленых волі за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў, перагледзець прысуды іншых палітвязняў.

Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў сувязі з вынясеннем прысуду Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы

Крымінальны пераслед праваабаронцаў стаў адвольнай рэпрэсіўнай рэакцыяй уладаў на выключна легітымную, мірную і адкрытую дзейнасць па абароне, прасоўванні і заахвочванні правоў чалавека. 

Камісар па правах чалавека Савета Еўропы Дуня Міятавіч адрэагавала на прысуд праваабаронцам Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы.

"Прысуд двум сябрам Беларускага праваабарончага цэнтра "Вясна" — Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы, асуджаным адпаведна да трох і двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі, — яшчэ адна ілюстрацыя расправы над людзьмі, праваабаронцамі, якія адбываюцца ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года", — заявіла камісар Савета Еўропы па правах чалавека Дуня Міятавіч.

«Рэпрэсіі супраць беларускай грамадзянскай супольнасці павінны спыніцца!»

Беларускія ўлады нясуць поўную адказнасць за парушэнні правоў чалавека, асабліва калі яны здзяйсняюцца сістэматычна і ў буйным памеры.

Марыя Тарасенка распавяла пра стан здароўя Таццяны Ласіцы падчас суду:

"На першыя два ці тры пасяджэнні ў суд прыходзіла фельчарка СІЗА, а потым суддзя сказаў, што вы адрываеце ад працы персанал СІЗА, фельчарка павінна выконваць іншыя свае службовыя абавязкі і не можа тут увесь час знаходзіцца ў судзе. Потым перад пачаткам судовага пасяджэння Таццяну і Леаніда аглядалі і пісалі даведкі пра тое, што яны могуць прысутнічаць на судзе", — распавяла Тарасенка.

"Настолькі дрэнна, што ў суд выклікалі хуткую дапамогу". Марыя Тарасенка распавяла пра здароўе Таццяны Ласіцы

Памочніца Леаніда Судаленкі Таццяна Ласіца, асуджаная разам з ім 3 лістапада, сур'ёзна захварэла падчас свайго знаходжання ў СІЗА. На закрытым двухмесячным судовым працэсе Таццяна адчувала моцныя болі, аднак суддзя Сяргей Салоўскі не звярнуў на гэта належнай увагі.

Дасылайце лісты ці паштоўкі Леаніду ды Таццяне:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку
Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Алесь Бяляцкі пра восеньскую "Валадарку": "Вежа аж блішчыць ад сонца, слепіць вочы"

Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, якога ўтрымліваюць у СІЗА-1 амаль чатыры месяцы, даслаў з-за кратаў ліст да беларускі. У ім ён узгадвае восень, разважае пра кінатэрапію і дзеліцца сваімі думкамі з СІЗА:

"Вы так рамантычна і настраёва напісалі пра восень, і паштоўка, і верш. Усё — пра восень. Я таксама люблю верасень асабліва, і кастрычнік — сонечная і самотная пара. Пачынаеш лічыць кожны дзень. А вось лета, здаецца, бясконцае, і я заўсёды здзіўляюся, калі яно хутка, у адзін дзень сканчаецца".

"Фільмы апошнімі гадамі я гляджу, практычна, для адпачынку. І ў асноўным серыялы — англійскія, канадскія, амерыканскія, гэта ў апошнія 4-5 гадоў. Часта не запаміналася ні назваў, ні актораў, гэта своеасаблівая тэма — кінатэрапія. Бо эмоцыяў, падзяў, рэфлексіяў на падзеі хапае ў звычайным жыцці".

"Зараз перачытваю «Людзі на балоце» Івана Мележа і згадваю фільм Турава па гэтым рамане. Даўно ўжо не было прыстойных фільмаў па беларускай прозе - нармальнага ўзроўню. Урэшце, як і серыялаў".

"Прыгажосць кастрычніка была відна і з вакна. Вежа аж блішчыць ад сонца, слепіць вочы".

Дасылайце лісты ці паштоўкі Алесю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

Уладзь Лабковіч: "Вялікі дзякуй за столькі промняў цяпла"

Паштоўка, якую даслаў Уладзь Лабковіч
Паштоўка, якую даслаў Уладзь Лабковіч

Зняволены праваабаронца "Вясны" Уладзімір Лабковіч даслаў вестачку з-за кратаў. За гэты час так і не атрымалася наладзіць з ім паўнавартаснага ліставанне, таму ў сваіх адказах, якія прарываюцца на волю, Уладзь піша, што лісты для вязняў — глыток свежага паветра і натхненне.

"Вялікі Вам дзякуй за віншаванні з Днём народзінаў! Вы нават не ўяўляеце на колькі натхняе кожны ліст, які трапляе сюды. Гэта неверагодная падтрымка! Вялікі дзякуй за столькі промняў цяпла".

Дасылайце лісты ці паштоўкі Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Скончыўся конкурс ілюстрацый "Кот на Валадарцы"

4 лістапада скончыўся конкурс ілюстрацый “Кот на Валадарцы” ў падтрымку палітзняволенага праваабаронцы “Вясны” Валянціна Стэфановіча.

Апошняй на конкурс свой малюнак даслала дзяўчынка Сафія, якая назвала сваю працу "Кот Валянцін і дождж з сасісак".

malunak_kot1.jpg
Малюнак Сафіі

У хуткім часе падвядзем вынікі конкурсу і апублікуем усе дасланыя ілюстрацыі, а найяскравейшыя працы адзначыць памятнымі прызамі.

Нагадаем, ідэя конкурса ўзнікла пасля таго, як праваабаронца Валянцін Стэфановіч у лісце да жонкі Аліны распавёў, што намаляваў ёй прыгоды ката ў турме, але іх на волю не прапусціў цэнзар. Таму мы абвясцілі конкурс, каб Кот нарэшце пабачыў волю.

За мінулы тыдзень не было навінаў ад Валянціна Стэфановіча, Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка

Дасылайце ім лісты і паштоўкі:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Стэфановічу Валянціну Канстанцінавічу
Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Напішы адкрыты ліст у падтрымку зняволеных "вясноўцаў"

Дасылайце вашыя адкрытыя лісты салідарнасці ў падтрымку зняволеных "вясноўцаў" нам на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім іх “вясноўцам”, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства