viasna on patreon

Палітвязня Арцёма Карачуна прызналі вінаватым і прысудзілі тры гады «хіміі»

2021 2021-11-09T12:08:50+0300 2021-11-09T19:56:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/karachun_artiom.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Арцем Карачун

Арцем Карачун

Арцём Карачун быў затрыманы 5 жніўня 2021 года. Дома ў яго прайшоў ператрус. Пасля 10 сутак у ІЧУ на Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА-1. Затрыманаму 1995 года нараджэння прад’явілі абвінавачванне па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса РБ – «Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Арцёма асудзілі за яго грамадзянскую пазіцыю. Яго пераслед, пазбаўленне волі і абвінавачванні праваабаронцы расцэньваюць як «палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй свабод мірных сходаў і выказвання свайго меркавання з нагоды вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года».

8 лістапада ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска прайшоў суд. Арцёма прызналі вінаватым. У якасці пакарання суддзя Алёна Бушава прысудзіла палітвязня да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 3 гады. Такую меру стрымання, па словах абвінаваўцы, «суд палічыў дастатковай для выпраўлення з улікам таго, што да крымінальнай адказнасці Арцём Карачун прыцягваецца ўпершыню і мае станоўчыя характарыстыкі».

На Арцёма «будуць накладзеныя абавязкі, якія абмяжоўваюць яго свабоду». Простымі словамі, сваё пакаранне ён будзе адбываць у папраўчай установе адкрытага тыпу, дзе будзе працаваць паводле вызначанага раскладу, вяртацца ў папраўчую ўстанову па раскладзе, бачыцца з роднымі ў строга дазволеныя дні.

Таксама суд пастанавіў, што «дзеянні падсуднага, яго відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням прадстаўнікоў улады пацягнула за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту, у выніку чаго «Мінсктранс» мае права падаць пазоў аб спагнанні з Арцёма Карачуна сумы прынесенай ім шкоды».

Грошы (50 рублёў і 10 еўра), сродкі з рахунку Арцёма ў «Белінвестбанку», тэлефон, два ноўтбукі, якія былі ў яго канфіскаваныя, суд пастанавіў пакінуць пад арыштам.

Самога палітвязня суддзя пастанавіла вызваліць з-пад варты ў зале суда, узяўшы з яго падпіску аб нявыездзе да моманту ўступлення прысуду ў сілу. Тэрмін адбыцця пад вартай з 5 жніўня да 8 кастрычніка суддзя пастанавіла залічыць у тэрмін адбыцця пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу з разліку 1 дзень у СІЗА да двух дзён адбыцця пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства