viasna on patreon

Жонка палітвязня Аляксандра Велясніцкага: "Падтрымлівае вера ў тое, што муж вернецца дадому"

2021 2021-11-11T12:17:22+0300 2021-11-11T13:21:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/veliasnicki_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітвязня Аляксандра Велясніцкага затрымалі 29 верасня за каментар па "справе Зэльцэра". З тых часоў мужчына ўтрымліваецца пад вартай у Жодзіне: яму, як і іншым затрыманым па гэтай справе, не перадаюць лісты і тэлеграмы, для яго не прымаюць перадачы. Больш за месяц ён знаходзіцца ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі ад знешняга свету, Яго адзінае злучнае звяно — адвакат, які знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошанні, таму можа выключна апісаць агульны стан палітвязня і перадаць сям'і спіс неабходных яму рэчаў — якія, хутчэй за ўсё, яму не перадаюць.

Жонка Аляксандра Аксана распавяла "Вясне" пра яго сумесныя заняткі з сынам, захапленне рыбалкай і тое, чаму яна ганарыцца сваім мужам.

Аксана пачынае размову пра мужа з апісання яго характару: "Ён вельмі добры, справядлівы добры і вясёлы. Мой муж сумленны і неканфліктны чалавек".

Сярод прыкметных якасцяў Аляксандра — гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Яна выяўляецца ў падтрымцы сяброў і сям'і: напрыклад, ён заўсёды дапамагае жонцы па хаце — умее гатаваць, бавіць час з сынам за заняткамі над маўленнем, шпацырамі, гульнёй у машынкі. Ён досыць строгі бацька, але рэдка павышае голас на дзіця. Пакуль Аксана не расказала хлопчыку, дзе яго тата.

"Першае, што мне прыйшло ў галаву, — сказаць сыну, што тата ў рэйсе. Ён дальнабойнік, таму часта ад'язджаў на месяц-два, — распавядае Аксана. — Але я параілася з дзіцячым псіхолагам, і цяпер паволі рыхтую яго да таго, каб ён пачуў праўду. Бо ён бачыў затрыманне, бачыў, як тату адводзіла міліцыя, і цяпер ён усё часцей пачынае пытацца, калі тата вернецца. Я разумею, што ён усё роўна даведаецца праўду, таму не хачу хаваць яе. Але ў першую чаргу характарызую для яго бацьку з добрага боку".

Аляксандр часта дапамагае жонцы не толькі па хатніх, але і па працоўных справах: кансультуе яе ў юрыдычных пытаннях. Акрамя гэтага, сям'я цяпер будуе дом, які пакуль гатовы менш чым напалову: некаторую працу — напрыклад, заліць падмурак, пакласці мур — палітвязень ўмее рабіць сам.

Некалькі гадоў таму Аляксандр сышоў з афіцэрскай службы: гэта стала для яго няпростым рашэннем. Ён доўга разважаў, раіўся з усімі, але ў той момант сям'я стала будаваць дом, жонка знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, таму востра стаяла грашовае пытанне. Тады Аляксандр і Аксана купілі ў крэдыт грузавую машыну і заняліся грузаперавозкамі. Аднак пандэмія ўнесла карэктывы, заробак упаў, кошты на эксплуатацыю машыны пачалі расці, і яе давялося прадаць. Аляксандр уладкаваўся на працу кіроўцам-міжнароднікам па месцы жыхарства.

"Яму падабаецца такая праца, — кажа Аксана. — Ён стаў спакайнейшы, бо на службе апошнім час зрабілі больш жорсткім патрабаванні, адпавядаць ім станавілася ўсё складаней, яго часта выклікалі на працу. Я бачыла яго прыгнечаным і стомленым, але асабліва не лезла ў яго справы".

Пасля выбараў-2020 Аляксандр запісаў відэазварот, у якім асудзіў гвалт з боку сілавікоў. Жонка ведала пра намер мужа і падтрымала яго, хоць і вельмі перажывала за яго. Зараз Аксану падтрымлівае салідарнасць блізкіх і незнаёмых людзей. Яна распавядае, што за Аляксандра хвалююцца, пытаюцца, якія ў яго навіны, падтрымліваюць яе маральна.

"Першы час было вельмі цяжка, — кажа яна. — Я ўвесь час была на супакаяльных, таму што трэба было гэта прыняць. Але цяпер, акрамя салідарнасці людзей, мяне падтрымлівае разуменне таго, што ў мяне ёсць дзіця, якое трэба гадаваць. І вера ў тое, што муж вернецца дадому. Адцягваць увагу дапамагае і праца. Я стараюся менш думаць аб дрэнным, хоць страшыць нявызначанасць — але ў любым выпадку мы заўсёды будзем яго чакаць. Я веру ў яго, ён моцны мужчына, які павінен справіцца. Я ганаруся, што ў мяне ёсць такі муж. Хацелася б, каб такіх людзей было больш".

Аксана распавядае, што яны з мужам ніколі не абмяркоўвалі пытанне ад'езду з Беларусі — тут іх сям'я, дом. Яна просіць пісаць Аляксандру што-небудзь пра добрае і светлае, пра тое, што ўсё будзе добра і ён вернецца да сям'і, якая чакае, любіць, шануе і перажывае за яго.

На момант публікацыі ні перадачы, ні пасылкі для Аляксандра так і не перадалі. Для падтрымкі здароўя страўніка яму неабходна прымаць таблеткі. Ці даходзяць яму і іншым затрыманым па справе Зэльцэра лісты і тэлеграмы — невядома.

Падтрымаць Аляксандра лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе:

Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А

Аляксандр Рыгоравіч Велясніцкі

Дапамагчы сям'і:

5536 0800 1170 1335

10/22

AKSANA VELIASNITSKAYA

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства