Траіх мінчукоў, якія скінулі з балкона дзверы на міліцыянтаў падчас пратэстаў, асудзілі да двух і трох гадоў калоніі
У судзе Фрунзенскага раёна 11 лістапада вынеслі прысуд мінчукам, якія 11 жніўня мінулага года падчас акцыі пратэсту скінулі драўляныя дзверы з балкона 11-га паверху на супрацоўнікаў міліцыі. Абвінавачаныя ўбачылі, як яны затрымлівалі і збівалі мужчыну ў двары на "Каменнай Горцы". Ніхто тады не пацярпеў, аднак на судзе пацярпелымі выступалі два супрацоўнікі, верагодна, са змененымі прозвішчамі. Маральную і матэрыяльную шкоду яны не заяўлялі. Суддзя Дзмітрый Лукашэвіч асудзіў Яўгена Коржаля і Цімафея Мажанкова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму, а Аляксея Ігнаценку – да трох гадоў і аднаго месяца калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запатрабавала дзяржабвінаваўца Аксана Саковіч.
У чым іх абвінавацілі?
Паводле версіі абвінавачання, 11 жніўня мінулага года ў Мінску на вуліцы Прытыцкага абвінавачаныя скінулі з агульнага балкона вышыннага паверху на міліцыянтаў драўляныя дзверы.
"У той вечар у раёне станцыі метро "Каменная Горка" ўспыхнулі масавыя беспарадкі. Праваахоўнікі з мэтай спынення супрацьпраўных дзеянняў затрымлівалі ўдзельнікаў, якія спрабавалі схавацца ў дварах і пад'ездах шматпавярховак. Пры затрыманні аднаго з парушальнікаў у пары метраў ад міліцыянераў з вышыні зваліліся дзверы. Ніхто не пацярпеў".
Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваныя паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэкса як пагроза ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах перашкаджэння ягонай законнай дзейнасці з помсты за выкананне службовай дзейнасці.
Абвінавачаныя 24-гадовы Яўген Коржаль і 23-гадовыя Цімафей Мажанкоў і Аляксей Ігнаценка былі затрыманыя сёлета 11 жніўня.
Да затрымання Цімафей Мажанкоў працаваў кіроўцам хуткай медыцынскай дапамогі ў гарадской станцыі.
Аляксей Ігнаценка быў раней асуджаны па артыкуле 147 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання) да трох гадоў "хатняй хіміі".
"Яны збівалі мужчыну". Што казалі абвінавачаныя на судзе?
Падчас допыту Коржаль распавядаў, што яны ўбачылі, як супрацоўнікі накіраваліся да мужчыны, які курыў ля пад'езда, і пачалі яго затрымліваць з ужываннем сілы. На балконе 12-га паверху стаялі прыхіленыя да сцяны дзверы, і мужчыны вырашылі скінуць іх.
Аляксей Ігнаценка на судзе распавёў, што 11 жніўня мінулага года каля 21-й гадзіны сустрэўся з Коржалем і Мажанковым, каб пагутарыць. Згодна з ягонымі словамі, ён не браў удзелу ў масавых беспарадках, працаваў да 20-й гадзіны.
"Вельмі шмат людзей было. Мы вырашылі, каб нас не затрымалі, сысці ў бяспечнае месца. Я прапанаваў Яўгену і Цімафею падняцца на 11-ы паверх, дзе пражывае мая жонка (Прытыцкага, 150).
Дзіця малое спала, таму не пайшлі адразу да яе, каб не будзіць.
На 11-м паверсе сталі назіраць, што адбываецца каля метро "Каменная Горка". У 21:40 з'явілася шмат супрацоўнікаў. Яны пачалі выбягаць з аўтазакаў і затрымліваць людзей.
Супрацоўнікі, прыкладна 15 чалавек, пачалі забягаць у двары. Тым часам спускаўся мужчына ў белай цішотцы з другога пад'езда. Супрацоўнікі пачалі яго збіваць.
Дакладна не памятаю, што было, але памятаю, што мы схапіліся за дзверы. Мы нічога не крычалі, крычалі людзі з суседніх дамоў. Дзверы стаялі каля сцяны на агульным балконе. Былі знятыя, чырвонага колеру, драўляныя, не вельмі цяжкія. Скінулі".
На судзе ён заявіў, што "было зроблена гэта з мэтай перашкаджэння законнай дзейнасці супрацоўнікаў, бо яны збівалі мужчыну".
"Супрацоўнікі паглядзелі ўверх. Мы прыселі на кукішкі. Прапанаваў забегчы ў кватэру да жонкі. Хвілінаў 30-40 там праседзелі. Дакладна не памятаю, што распавядаў жонцы, але пра тое, што дзверы скінулі, распавёў. Праз пару дзён пасля гэтага жонка скінула відэа таго, што здарылася".
Ігнаценка распавёў, што яго дапытвалі ў ГУБАЗіКу, дзе яму пагражалі, а ён баяўся набаяць на сябе.
"Невядома, што магло яшчэ зваліцца там". А што казалі пацярпелыя?
Пацярпелымі па справе выступілі Іваноў Ігар Мікалаевіч і Пятроў Іван Аляксандравіч. Гэтыя звесткі супрацоўнікаў, верагодна, змененыя.
На судзе пацярпелы Пятроў Іван Аляксандравіч распавёў, што браў удзел у спыненні масавых беспарадкаў у 2020 годзе.
Па акалічнасцях справы ён адзначыў, што ў той вечар затрымлівалі мужчыну. Не звяртаў увагі, ці быў хто на балконах. Славесных пагроз не чуў. Было шумна. Калі штосьці звалілася ў метрах трох ад яго, то ўсе адбеглі метраў 20-30. Асабіста ён не бачыў, як падаюць дзверы: толькі гук пачуў.
Усе баяліся, што штосьці яшчэ зваліцца можа, таму ўсе сышлі. Дзверы скінулі на супрацоўнікаў, якія менавіта затрымлівалі. Ён адчуваў пагрозу, але маральную шкоду вырашыў не заяўляць. Ніхто не пацярпеў.
Другі пацярпелы, Іваноў Ігар Мікалаевіч, распавёў, што 11 жніўня паступіла інфармацыя, што ў раёне дома 150 па вуліцы Прытыцкага збіраюцца грамадзяне на несанкцыянаваныя мітынгі. У раёне 21-й гадзіны прыехалі туды. Было пэўнае скопішча грамадзян.
"Яны нас убачылі і пачалі ўцякаць у двары дамоў. Мы пабеглі за імі".
Пачалі затрыманне аднаго грамадзяніна, які стаяў і выкрыкваў лозунгі. Сталі ўжываць фізічную сілу ў дачыненні да яго і тады міліцыянт пачуў, як зверху штосьці гучна звалілася. Убачыў, што дзверы зваліліся на пад'езд, а затым на зямлю. Не звярнуў увагі, што за дзверы, адразу даў каманду адыходзіць.
Паводле пацярпелага, мужчыну каля пад'езда затрымалі. Як казаў на судзе супрацоўнік, дзверы зваліліся невядома адкуль:
"Невядома, што магло яшчэ зваліцца там, таму вырашылі адыходзіць"..
Асцерагаўся за сваё жыццё і за жыццё сваіх падначаленых. Пазоўныя патрабаванні заяўляць не стаў.
Коржаль на судзе ўстаў і асабіста папрасіў прабачэння:
"Паважаны супрацоўнік міліцыі, я хацеў бы асабіста ў вас папрасіць прабачэння за свой учынак. Шчыра раскайваюся і прашу мне дараваць".
Прынёс выбачэнні і Аляксей Ігнаценка.
Чым усё скончылася?
У судовых спрэчках пракурорка Аксана Саковіч запатрабавала ў суда пакаранне для траіх: Яўгена Коржаля і Цімафея Мажанкова асудзіць да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму, а Аляксея Ігнаценку – да трох гадоў і аднаго месяца калоніі агульнага рэжыму. У апошнім слове ўсе абвінавачаныя раскаяліся і прызналі сваю віну, прасілі прабачэння ў пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі і сваіх родных за прынесеныя праблемы ў жыцці. Суддзя Дзмітрый Лукашэвіч прызначыў менавіта такое пакаранне, пра якое прасіла дзяржабвінавачанне.