viasna on patreon

#WeStandBYyou: Новыя “хросныя” для беларускіх палітвязняў

2021 2021-11-12T14:16:58+0300 2021-11-12T15:26:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/renataalt.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся новыя дэпутаты парламентаў краінаў ЕС і Вялікабрытаніі. Сімвалічныя хросныя з’явіліся ў Вольгі Лойка, Сяргея Маўшука, Аляксандра Івуліна, Вольгі Маёравай, Максіма Вінярскага і Ірыны Злобінай. Акрамя таго, новыя “хросныя” з’явіліся ў Івана Комара і Уладзіміра Дударава.

Сімвалічным хросным Вольгі Лойка стаў дэпутат шатландскага парламента Вілі Рэні. Ён заявіў:

“Жахлівае падаўленне медыя, а таксама неправамерныя затрыманні і гвалт у дачыненні да журналістаў з боку аўтарытарнай дзяржавы ў Беларусі шакуюць. Абвінавачанні, высунутыя супрацоўнікам незалежнага інтэрнэт-сайта Tut.by, абсалютна абсурдныя, і я маю гонар стаць “хросным” і заклікаць вызваліць яго рэдактарку Вольгу Лойка. … Я далучаюся да сваіх калег –абраных прадстаўнікоў ліберальных дэмакратаў, як у Шатландыі, так і астатняй Еўропе, і заклікаю ўрад Беларусі спыніць далейшы гвалт і паважаць асноўныя правы чалавека беларускага народа і яго права на свабоду прэсы”.

colm-markey.jpg

Дэпутат Еўрапарламента ад Ірландыі Колм Маркі пракаментаваў сваё рашэнне падтрымаць Сяргея Маўшука:

“Сяргей Маўшук — палітвязень, які адбывае пакаранне ў Беларусі працягласцю шэсць з паловай гадоў за тое, што браў ён удзел у мірнай дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе. Ён, як і яго жонка Алена, якая адбывае аналагічнае пакаранне па той жа прычыне, мусіць быць неадкладна вызвалены, каб уз'яднацца з сям'ёй. Ганебна, што людзі гадамі зняволеныя проста таму, што карыстаюцца правам на мірныя сходы”.

liam-mcarthur_ausschnitt.png

Ліам Макартур з'яўляецца дэпутатам шатландскага парламента. Узяўшы на сябе абавязкі “хроснага” Аляксандра Івуліна, ён заявіў:

“Зняволенне Аляксандра і сотняў такіх, як ён у Беларусі, абсалютна агіднае. …Я заклікаю беларускі ўрад паважаць асноўныя правы чалавека беларускага народа і вызваліць усіх тых, хто быў незаконна затрыманы”.

Прыска Зайлер Граф, дэпутатка Нацыянальнай рады Швейцарыі, будзе “хроснай” Вольгі Маёравай. Яна заявіла:

“Як “хросная” Вольгі Маёравай і дэпутатка Нацыянальнай рады ад сацыял-дэмакратаў я патрабую неадкладнага вызвалення яе і ўсіх палітвязняў у Беларусі. Лукашэнка павінен сысці ў адстаўку, а новыя выбары павінны прайсці хутка і сумленна! Правы чалавека з'яўляюцца асновай канстытуцыйнай дзяржавы і не падлягаюць абмеркаванню”.

tomvanderlee.jpg

Том ван дэр Лі, дэпутат нідэрландскага парламента, узяў на сябе абавязкі “хроснага” Максіма Вінярскага.

“Я заклікаю Лукашэнку вызваліць Максіма Вінярскага і ўсіх іншых палітвязняў у Беларусі. Яны маюць поўнае права супрацьстаяць аўтарытарызму. Я падтрымліваю кампанію #WeStandBYyou”.

Джон Хаўэл – дэпутат ад кансерватараў у брытанскім парламенце. Сп. Хаўэл патрабуе вызвалення Ірыны Злобінай:

“Я заклікаю ўлады Беларусі вызваліць Ірыну Злобіну. Усё, што яна зрабіла, —збірала добраахвотныя ахвяраванні, каб дапамагчы аплаціць штрафы за ўдзел у мірных сходах. Нідзе гэта не было б расцэнена як злачынства, і яна павінна быць неадкладна вызваленая”.

max-luchs.jpg

Макс Лукс – дэпутат нямецкага Бундэстага ад Партыі зялёных. Ён стаў “хросным” Івана Комара, пасля таго як Маргіт Штумп пакінула парламент. Ён заявіў:

“Я рашуча асуджаю палітычна матываванае зняволенне актывістаў у Беларусі. Замест таго, каб гарантаваць Івану Комару судовы працэс у рамках вяршэнства закона, яму пагражалі расправай, запалохвалі і ў канчатковым выніку ілжыва пасадзілі ў турму. Я вельмі салідарны з беларускай грамадзянскай супольнасцю і заклікаю вызваліць Івана Комара і ўсіх іншых палітвязняў”.

Дэпутатка Бундэстага ад Свабоднай дэмакратычнай партыі, былая сябра камітэта па замежных справах Рэната Альт пераняла абавязкі “хроснай” Уладзіміра Дударава ад Юргена Мартэнса. Яна патлумачыла сваё рашэнне наступным чынам:

“Як дакладчыца сваёй парламенцкай групы па Усходняй Еўропе, я вельмі ўважліва назірала за сітуацыяй у Беларусі яшчэ да фальсіфікацыі выбараў. Мірныя акцыі пратэсту, іх добрая арганізацыя, гатоўнасць людзей дапамагаць адно аднаму і стаяць адзін за аднаго – усё гэта выклікае ўва мне глыбокую павагу і вялікае захапленне пратэстным рухам. З іншага боку, тая жорсткасць, з якой самаабвешчаны прэзідэнт Лукашэнка задушыў пратэсты, проста жахлівая. Нават калі, аб'ектыўна кажучы, у нас цяпер мала ўплыву на рэжым у Мінску, мы не павінны выпускаць з-пад увагі сітуацыю ў Беларусі. Вельмі важна, каб палітвязні адчувалі, што пра іх не забыліся, што іх не пакінулі. Даць ім бачнасць – гэта самае меншае, што мы можам – і павінны – зрабіць. Я – як і ўсе дэмакраты – ніколі не стамляюся заклікаць вызваліць такіх палітвязняў, як Уладзімір Дудараў. Мы не павінны дапусціць, каб усе змірыліся з сітуацыяй у Беларусі”.


Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства