viasna on patreon

Працягваюць абражаць прэзідэнта: вынікі разгляду дыфамацыйных крымінальных спраў за тыдзень

2021 2021-11-13T17:26:01+0300 2021-11-14T13:43:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/jaromski-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы і валанцёры "Вясны" працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні

Міжнародныя арганізацыі па правах чалавека разглядаюць дыфамацыю ў кантэксце права на выказванне меркавання і права на свабоду слова. Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый.

 Чарговы прысуд за "абразу Лукашэнкі": 2 гады "хіміі", да суда мужчыну трымалі ў СІЗА

У панядзелак, 8 лістапада, Маскоўскі суд Берасця ў асобе суддзі Таццяны Лаўранюк прысудзіў Мікалая Яромскага да 2 гадоў "хіміі" (абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ). Дзяржабвінавачанне прадстаўляў Андрэй Манько.

Злачынства, па версіі следства і абвінавачання, Мікалай здзейсніў так: у чэрвені 2020 апублікаваў "абразлівы" каментар у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Гэта прызналі злачынствам па частцы 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

14 кастрычніка 2021 года Мікалая змясцілі пад варту. Да суда ён прасядзеў у СІЗА-7. Пасля абвяшчэння прысуду мужчыну адпусцілі.

А тэлефон Яромскага, паводле прысуду суда, будзе звернуты ў даход дзяржавы як "прылада здзяйснення злачынства".

Бабруйчаніну замянілі "хімію" на калонію за абразу Лукашэнкі

25 жніўня гэтага года суддзя суда Бабруйскага раёна Антон Дудаль вынес рашэнне ў дачыненні да Рамана Стацэвіча. Асудзілі яго па ч. 1 арт. 368 (публічная абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Рашэннем суда мужчына атрымаў пакаранне ў выглядзе двух гадоў "хіміі" з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Дзяржабвінаваўца Ірына Хадневіч прасіла больш жорсткае пакаранне - год калоніі, піша  MAYDAY

Нагадаем, што ў пачатку траўня Раман у відэа-чаце "Рулетка" вёў дыялог з выпадковым суразмоўцам і неасцярожна выказаўся ў адрас Аляксандра Лукашэнкі. Па нешчаслівай выпадковасці яго суразмоўцам апынуўся былы супрацоўнік міліцыі, які ў 1997 годзе быў вымушаны звольніцца з органаў па стане здароўя, але ідэю "барацьбы са злом" не пакінуў і цяпер «дапамагае АУС выкрываць асоб, якія распаўсюджваюць ідэі падарваць аўтарытэт прадстаўнікоў улады і ідэю адукацыі хаосу і хваляванняў у нашай Рэспубліцы Беларусь». Ён стварыў ютуб-канал «Дзед Барадзед», дзе спрабуе распавядаць аб дэмакратыі, стабільнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь.

Менавіта туды і трапіў відэазапіс размовы з Раманам Стацэвічам. Пасля чаго была заведзеная крымінальная справа.
MAYDAY стала вядома, што пракурор не згодная з рашэннем суддзі Дудаль і настойвае на прапанаваным ёй пакаранні. У канцы верасня Раман атрымаў пракурорскі пратэст, 9 лістапада, у судзе Магілёўскай вобласці, судовай калегіяй у складзе суддзяў Мазурава, Гладкага і Кічыгіна, Стацэвічу зрабілі больш жорсткім пакаранне - замест двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ, мужчыну давядзецца правесці год у калоніі агульнага рэжыму.

Палітвязня асудзілі да трох гадоў "хатняй хіміі" паводле падзей у жніўні 2020 года

12 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска вынеслі прысуд 24-гадоваму палітвязню Кірылу Волаху. Яго прызналі вінаватым паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі".

Назваў "упыром" супрацоўніка калоніі, пацягнула на тры гады "хатняй хіміі"

Суд Лепельскага раёна 10 лістапада разгледзеў крымінальную справу па абвінавачванні двойчы судзімага за нявыплату аліментаў 43-гадовага эканаміста Алега Шкеціка, які абвінавачваецца ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Васюк, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала старшы памочнік пракурора Лепельскага раёна Яўгенія Банеўская.

Пацярпелы - Ігар Пятроў, начальнік аддзялення па выхаваўчай рабоце са спецкантынгентам папраўчай калоніі №1 УДВП Віцебскай вобласці.
Паводле абвінавачвання, Алег Шкецік 26 лютага гэтага года не пазней за 20 гадзін 06 хвілін, раней судзімы, апошні раз адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам 1 год і 3 месяцы паводле ч. 3 арт. 174 КК, знаходзячыся па месцы жыхарства, маючы намер на публічную абразу Ігара Пятрова ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, выкарыстоўваючы планшэт Lenovo, пакінуў абразлівы каментар у супольнасці "Беларуская турма" сацыяльнай сетцы "Вконтакте" у дачыненні да пацярпелага, чым учыніў злачынства, прадугледжанае арт. 369 КК.
Абвінавачаны прызнаў віну ў здзяйсненні злачынства ў поўным аб'ёме, прынёс на судзе свае прабачэнні пацярпеламу, які адмовіўся іх прыняць. У сувязі з прызнаннем віны, судовае следства праходзіла ў скарочаным парадку-даследаваліся паказанні абвінавачанага, абвяшчаліся пісьмовыя матэрыялы крымінальнай справы (высновы экспертызы, характарыстыка абвінавачанага і медыцынскае заключэнне аб неабходнасці накіравання абвінавачанага на прымусовае лячэнне ад алкагалізму).

На пытанне дзяржабвінаваўцы ці знаёмы ён з пацярпелым, Алег Шкецік адказаў сцвярджальна, патлумачыўшы, што ведае пацярпелага з моманту адбыцця ім пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ў ПК №1 г. Наваполацка, дзе Ігар Пятроў знаходзіўся ў званні начальніка атрада па выхаваўчай працы. Алег Шкецік паведаміў, што «на той момант нічога прыемнага не было» (гаворка пра стаўленне адміністрацыі калоніі, адкуль абвінавачаны вызваліўся ў кастрычніку мінулага года – заўв.).

Абвінавачаны растлумачыў суду, што ў перыяд здзяйснення інкрымінуемых яму дзеяньняў ён даглядаў бацьку, які паміраў ад анкалагічнага захворвання, таму знаходзіўся ў прыгнечаным стане. "Абразіць не хацеў" - так патлумачыў свае паводзіны Алег Шкецік.
Пацярпелы суду растлумачыў, што публікацыя знаходзіцца ў адкрытым доступе для неабмежаванага кола карыстальнікаў сацыяльнай сеткі, а гэта значыць, што нехта яшчэ можа паддацца эмоцыям, можа скласціся няправільнае меркаванне пра яго. Ігар Пятроў папрасіў суд "прымусіць грамадзяніна выдаліць гэты запіс, паколькі ён знаходзіцца ў вольным доступе і нясе негатыўнае стаўленне да супрацоўніка. Таксама гэта чытаюць сваякі асуджаных і іншыя і часам робяць высновы не заўсёды верныя".

Ігар Пятроў на пытанне суддзі аб тым, якія фразы былі размешчаныя ў дачыненні да яго, растлумачыў, што абвінавачаны размясціў фразы «упыр, недакапітан», а таксама тое, што ён выкарыстоўвае свае службовыя паўнамоцтвы і здзекуецца над старымі, што не з'яўляецца праўдаю і ганіць яго як афіцэра.

Згодна з заключэннем экспертызы, у тэксце каментара маецца негатыўная ацэнка пацярпелага. Як паказана ў медыцынскім заключэнні, у Шкеціка маецца захворванне - сіндром залежнасці ад алкаголю, у сувязі з чым ён мае патрэбу ва ўжыванні прымусовых мер бяспекі і лячэння.

У ходзе спрэчак дзяржабвінаваўца адзначыла, што змякчальнай акалічнасцю неабходна прызнаць чыстасардэчнае раскаянне абвінавачанага, абцяжваючай віну акалічнасцю - здзяйсненне злачынства асобай, раней судзімай, калі не скончыліся тэрміны даўнасці і не знятая.

Яўгенія Банеўская папрасіла суд прызнаць наяўнасць у дзеяннях абвінавачанага рэцыдыву злачынстваў і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 3 гады, а таксама прызначыць прымусовае лячэнне ад алкагалізму па месцы жыхарства. Планшэт, з якога размяшчаўся каментар, канфіскаваць у даход дзяржавы, спагнаць працэсуальныя выдаткі за паслугі абаронцы і не адмяняць арышт на маёмасць да выканання прысуду ў частцы выдаткаў на паслугі абаронцы.

Адвакат абвінавачанага акцэнтавала ўвагу суда на тым, што ў яго выказваннях эксперты не ўгледзелі прыкмет вербальнай агрэсіі, пагрозы ў адносінах да пацярпелага, негатыўная інфармацыя выкладзеная ў форме ацэначнага меркаванні. Адвакат папрасіла суд прызначыць Шкеціку пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу або папраўчых работ, не аспрэчваючы, што яму неабходна прайсці лячэнне.

У апошнім слове абвінавачаны сказаў, што "хацеў трошкі закрануць пацярпелага, але не абразіць". На думку Алега Шкеціка, слова "упыр" ён ужыў у значэнні "крывапіўца". На наступны дзень, 11 лістапада, суд вынес менавіта такі прысуд, як і запытвала пракурор – тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія").

Будзе дапоўнена.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства