#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”
17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.
Ужо чатыры месяцы як старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца за кратамі ў СІЗА-1. «Вясна» распавядае, у чым абвінавачваюць праваабаронцаў, хто вядзе крымінальную справу супраць іх і чаму пераслед нашых калегаў з'яўляецца палітычна матываваным.
Паводле версіі абвінавачвання, "Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Зміцер Салаўёў(знаходзіцца за межамі Беларусі) і іншыя неўстаноўленыя асобы на тэрыторыі Мінска, у іншых населеных пунктах Беларусі і за яе межамі пасля ліквідацыі ў адпаведнасці з рашэннем Вярхоўнага суда ад 28.10.2003 года праваабарончай арганізацыяй "Вясна" ў парушэнне прынятага судом рашэння, кіравалі арганізацыяй і працягнулі ажыццяўленне гэтай арганізацыяй дзейнасці на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку па выкананні работ (паслуг), за якую асобам, якія выканалі, у перыяд з 2013 па 2020 год, вышэйпаказанай арганізацыяй выплачана матэрыяльнае ўзнагароджанне на агульную суму не менш 879 887 рублёў.
У парушэнне нормаў Грамадзянскага і Падатковага кодэксаў, Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч, Зміцер Салаўёў не зарэгістравалі арганізацыю, якой яны кіруюць, ва ўстаноўленым парадку ў якасці юрыдычнай асобы, а таксама ў якасці падаткаплацельшчыка, і не прадставілі адпаведныя звесткі ў падатковыя органы, чым схавалі ад падатковых органаў звесткі аб ажыццяўлёных выплатах, асобаў, якія выплацілі ад імя арганізацыі працы (якія аказалі паслугі) і ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам і выканання яго абавязкаў.
Сваімі дзеяннямі Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч і Зміцер Салаўёў здзейснілі ўхіленне ад выплаты сум падаходнага падатку, якія падлягаюць падліку, утрыманню ў падаткаплацельшчыка і пералічэнню ў бюджэт падатковым агентам, шляхам утойвання падатковай базы за перыяд з 2013 па 2020 год у агульнай суме не менш за 113 428 рублёў, што складае 3911 базавых велічыняў і пацягнула прычыненне шкоды дзяржаве ў буйным памеры".
"Ухіліліся ад прызнання «Вясны» падатковым агентам": за што чатыры месяцы ўтрымліваюць за кратамі трох вясноўцаў
Алесь Бяляцкі: “У мяне як у назве рамана Аляксандра Дзюмы “Десять лет спустя”
Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, якога ўтрымліваюць у СІЗА-1, даслаў з-за кратаў ліст да каляжанкі:
“Навінаў мала, бо дні цякуць аднастайна ад ранішняй праверкі да вячэрняй, ад пад’ёму да адбою, ад сняданку да абеда, ад абеда да вячэры. Як бы нічога не адбываецца, але ўсё і не апішаш. Увогуле, у мяне як у назве рамана Аляксандра Дзюмы “Десять лет спустя”.
Алесь распавёў, што праглядае газеты “Краязнаўчы весьнік”, “Наша слова”, “Каталіцкі веснік”, “Белорусы і рынок”. У “Культуры” ён прачытаў, што ў Юравічах адчынілі музей-стаянку першабытнага чалавека, але Алесь убачыў, што вялікая шыльда каля музея зробленая па-руску:
“А гэта ж самае сэрца Палесся! Беларускай мовай грэбаюць ці што”.
У студзені плануе пісаць заяву на паўторную прышчэпку ад COVID-19. У CІЗА-1 магчыма прышчапіцца на выбар “Спутнікам” ці кітайскай вакцынай.
Дасылайце лісты ці паштоўкі Алесю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму |
Валянцін Стэфановіч: “Мы павінны рабіць сваю праваабарончую справу, калі нават няма надзеі, што хутка стане лепш”
Палітзняволены Валянцін Стэфановіч даслаў з-за кратаў ліст, у якім разважае пра праваабарончую дзейнасць, калегаў-вясноўцаў і будучыню:
“Шмат думаю пра тое, што робіцца. Гляджу навіны па ТВ, чытаю газеты і пасля складаю ў галаве з гэтых абрыўкаў больш менш цэльную карціну… Шкадую, што не з вамі зараз, я б вам дакладна сумаваць не даў. Ніхто не ведае, што нас чакае. Але адно я ведаю: праца наша годная і патрэбная людзям. Вельмі па ўсіх сумую”.
“Як і што будзе з краінай, з намі – мы не ведаем. Я не ведаю, колькі гадоў мне наканавана лёсам правесці ў лагерах. Адно я ведаю, што мы павінны проста рабіць сваю праваабарончую справу, рабіць, калі нават няма надзеі, няма спадзяванняў на тое, што хутка стане лепш. Як казалі нашыя савецкія папярэднікі: “Рабі, што можаш, і будзе тое, што будзе”.
Праваабаронца адзначыў, што не хварэе і ў яго ўсё нармальна:
“Я мушу трымацца, берагчы сілы і здароўе, бо не маю права сканаць тут, я абавязаны вярнуца жывы да сваіх дзетак і сям’і”.
Дасылайце лісты і паштоўкі Валянціну:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Стэфановічу Валянціну Канстанцінавічу |
Уладзь Лабковіч прыдумляе новыя казкі для сваіх дзяцей
Маці Уладзіміра Лабковіча паведаміла “Радыё Свабода”, што вельмі перажывае за праваабаронцу, лічыць яго ні ў чым не вінаватым.
“Адчуваю, што яму там цяжка. Ён вельмі добры сын, вельмі добры муж і бацька, і я разумею, як яму складана без сям’і, без дзетак”, – кажа Людміла Уладзіміраўна пра сына.
Маці Уладзя ўспамінае, што 16 кастрычніка ўнукі-блізняты адзначалі дзень народзінаў, але побач не было таты і сямейнае свята істотна адрознівалася ад ранейшых. Але, як адзначае маці палітвязня, Уладзь працягвае выхаванне дзяцей, толькі цяпер дыстанцыйна:
“Уладзь выдатна прыдумляе казкі. Да арышту ён расказваў малодшым казкі ўголас, а цяпер дасылае іх у лістах. Прыдумляе новыя прыгоды для Карлсана альбо для парасяці Пэпы. Дзеці ў захапленні, яны слухаюць гэтыя казкі з турэмных лістоў таты, быццам ён побач”.
Жанчына наракае на нерэгулярнасць ліставання з сынам. Паводле яе звестак, не ўсе яе лісты перадаюць Уладзю, а таксама яму зусім мала лістоў даходзіць ад сяброў і незнаёмых людзей.
“Уладзь просіць, каб пісалі яму больш, не забываліся пра яго. Перакананая, што яго не забываюць, проста не ўсе лісты яму перадаюць. Перадаю ад яго просьбу пісаць яму паболей”, – кажа маці Уладзя Лабковіча.
Пра здароўе сына Людміла Уладзіміраўна ведае, што яму ў СІЗА зрабілі ўжо другую прышчэпку ад каранавірусу і пасля прышчэпак ён адчувае сябе нармальна.
“Але ў яго значна садзіцца зрок. Спрабуем перадаць яму мацнейшыя акуляры”, – расказала жанчына.
Паводле словаў маці праваабаронцы, сітуацыя з харчаваннем на“Валадарцы” прымальная:
“Харчовыя перадачы на “Валадарцы” прымаюць, і мы з жонкай Уладзя па чарзе рэгулярна яму нешта перадаём: садавіну, печыва, іншае, што патрэбна. Але бываюць і абмежаванні. Планавала на дзень народзінаў перадаць торт, але сказалі, што не прымуць, давялося абмежавацца печывам. Яшчэ піцу, якую сама выпякаю, не прынялі. Па-рознаму бывае”.
Шмат часу Уладзімір Лабковіч праводзіць за кнігамі, якія атрымлівае ў турэмнай бібліятэцы.
Дасылайце лісты ці паштоўкі Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 |
Марфа Рабкова: “Самае галоўнае, што змены адбываюцца ў людзях. І гэтыя змены ўжо не спыніць”
Каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны" Марфа Рабкова даслала паштоўку з-за кратаў для адной са сваіх адрасатак. У ёй праваабаронца дзякуе за дасланы ліст і паштоўкі.
“Дзякуй за цудоўныя паштоўкі, асабліва ўразіў домік на востраве. Такое ціхае і спакойнае месца, так і хочацца там апынуцца, забыўшыся пра ўсе нягоды. Вы маеце рацыю, што ўсё вакол мяняецца. А самае галоўнае, што змены адбываюцца ў людзях. І гэтыя змены ўжо не спыніць. Я ўпэўненая, што ўсё ў рэшце рэшт будзе добра. Трэба не губляць аптымізму і захаваць сябе насуперак усяму. Сіл, цярпення і стойкасці я жадаю ўсім нам".
Таксама дзяўчына жадае ўсім здароўя і выказвае хваляванні наконт новай хвалі распаўсюду COVID-19:
“У мяне самой усё ў парадку, не хварэю і трымаюся. Захварэла шмат блізкіх, перажываю з гэтай нагоды і стараюся думаць пазітыўна. Бо думкі матэрыяльныя, пра гэта не варта забываць".
За тыдзень не было ніякіх навінаў пра валанцёра Андрэя Чапюка.
Дасылайце лісты і паштоўкі:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |
Марыя Тарасенка пра крымінальную справу: "Надыдзе час — і Леанід зойме сваё годнае месца ў Беларусі"
3 лістапада праваабаронцу "Вясны" Леаніду Судаленку і яго валанцёрцы Таццяне Ласіцы вынеслі прысуд — тры і два з паловай гады калоніі адпаведна. Судовы працэс над імі распачаўся 3 верасня — у той жа дзень яго зрабілі закрытым, а ўдзельнікі мелі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў крымінальнай справы. Таму звестак пра тое, як жа праходзіў суд, было мала.
Памочніца праваабаронцы Леаніда Судаленкі - Марыя Тарасенка ўсё яшчэ застаецца пад падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў крымінальнай справы. Аднак яна пагадзілася распавесці "Вясне" пра тое, як праходзіў суд над Леанідам Судаленкам і Таццянай Ласіцай.
"Выснова адна: дапамагаць людзям, займацца праваабаронай — гэта ў Беларусі ўжо зрабілася злачынствам.
Гэта вельмі сумна і страшна, што Беларусь увязла ў прававым бязладдзе. Руйнуюцца ўсе нормы — і чалавечыя, і прававыя, і грамадскія, проста ўсё руйнуецца. І такія людзі, як Леанід Судаленка, самыя годныя людзі — вымушаныя сядзець за кратамі.
Для любой краіны, калі ў цябе жыве такога ўзроўню юрыст — гэта гонар. Але пакуль не ў нас. Але я веру: надыдзе час — і Леанід зойме сваё годнае месца ў Беларусі".
“Наварочваліся слёзы, калі слухала сведку”. Марыя Тарасенка распавяла, як праходзіў закрыты суд над Судаленкам і Ласіцай
Дасылайце лісты ці паштоўкі Леаніду ды Таццяне:СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Леаніду Леанідавічу Судаленку |
Падвялі вынікі конкурсу "Кот на Валадарцы". Дзякуй за ўдзел!
За месяц - з 4 кастрычніка па 4 лістапада - мы атрымалі 19 ілюстрацый для конкурса "Кот на Валадарцы" ад людзей рознага ўзросту і з розных краінаў: малюнкі дасылалі і дзеці, і студэнты з Італіі і з Расіі, і нават палітзняволеныя. Прынялі ўдзел у конкурсе мастачка Вольга Якубоўская і мастак Уладзіслаў Бохан.
Малюнкі выкананыя ў розных тэхніках, але кожны з іх своеасаблівы і яскравы.
Мы дзякуем усім удзельнікам конкурса за салідарнасць і падтрымку Валянціна Стэфановіча. Ён быў прыемна здзіўлены, калі пачаў атрымоўваць Катоў у лістах.
"Кот на Валадарцы": Падводзім вынікі конкурса ілюстрацыі
Напішы адкрыты ліст у падтрымку зняволеных "вясноўцаў"
Дасылайце вашыя адкрытыя лісты салідарнасці ў падтрымку зняволеных "вясноўцаў" нам на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім іх “вясноўцам”, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.