viasna on patreon

Перажывала, што "недавучаная". Студэнцкі шлях Марфы Рабковай

2021 2021-11-17T18:08:59+0300 2021-11-17T20:08:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rabkova_2017_sarychau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Міжнародны дзень студэнта "Вясна" распавядае пра тое, які шлях прайшла праваабаронца Марфа Рабкова, каб вучыцца.

Беларускія ВНУ

Гісторыя студэнцтва Марфы Рабковай пачынаецца ў Беларусі. У 2012 годзе яна паступіла на спецыяльнасць "Біялогія і геаграфія" ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Максіма Танка ў Мінску. Аднак давучыцца ёй там не ўдалося: увосень 2015 года (у год чарговых прэзідэнцкіх выбараў) дзяўчыну затрымалі на невялікім маршы каля будынка ўніверсітэта. Праз гэта перад зімовай сесіяй на пачатку 2016 года кіраўніцтва ўніверсітэта прымусіла Марфу забраць дакументы. На той момант яна была на апошнім курсе навучання.

rabkova_2017_sarychau.jpg
Марфа Рабкова пасля адлічэння, 2016 год. Фота: Максім Сарычаў

У 2017 годзе Марфа паспрабавала аднавіцца на такую ж спецыяльнасць у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова. Аднак зрабіць гэта не атрымалася — пра гэтую гісторыю Марфа пасля распавядала сваім калегам з "Вясны":

Марфа паспяхова здала некалькі іспытаў ва ўніверсітэце, і заставаўся апошні. У чаканні яна сядзела ў калідоры, як раптам пачула гутарку за дзвярыма прыкладна наступнага зместу: "Зараз прыйдзе былая студэнтка з Мінска, якую адлічылі за палітыку. Ні ў якім разе нельга дапусціць яе залічэнне да нас — яе трэба любымі спосабам "заваліць" на здачы". Тады Марфа раззлавалася, увайшла ў кабінет і сказала, што ўсё чула. Яна выказала прэтэнзіі камісіі і адмовілася здаваць апошні іспыт.

У той час Марфа таксама не магла і працаваць: пасля тэлефанаванняў са спецслужбаў яе некалькі разоў звальнялі, а часам і проста на сумоўі казалі, што не могуць прыняць яе на працу, таму што ім тэлефанавалі "адтуль".

Рашэнне працягваць вучыцца

Сваімі няўдалымі спробамі вучыцца Марфа Рабкова падзялілася з праваабаронцай Настай Лойка — у 2017 годзе дзяўчыны ўжо былі знаёмыя і сябравалі:

"Памятаю, як Марфа моцна перажывала з-за таго, што пачула, як яе хочуць заваліць на іспыце... Яе ўсё гэта дзёргала, што яна "недавучаная", — расказала "Вясне" Наста Лойка.

Паступова да Марфы прыйшло рашэнне — дзякуючы парадзе Насты: 

"На той момант я ўжо адвучылася ў магістратуры ЕГУ і для мяне гэта быў вельмі карысны досвед, таму што там вучылі развіваць крытычнае мысленне, пісаць і аналізаваць. І я параіла Марфе пайсці у гэты напрамак, калі яна хоча атрымаць вышэйшую адукацыю. Адзінае — гэта адрознівалася ад таго, дзе яна дагэтуль вучылася, бо тут ўсё ж гуманітарны ўніверсітэт. Але тады ў Марфы ўжо была пэўная цікавасць да тэмы правоў чалавека — і таму яна абрала менавіта такі накірунак".

У 2017 годзе Марфа паступіла ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт на спецыяльнасць "Міжнароднае права і права ЕС".

ЕГУ быў першым універсітэтам у Беларусі, створаным на ўзор заходніх каледжаў і ўніверсітэтаў. У выніку спробаў беларускіх уладаў падарваць акадэмічныя свабоды і аўтаномію ўніверсітэта ЕГУ быў вымушаны спыніць сваю дзейнасць у Беларусі: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у 2004 годзе анулявала ліцэнзію ЕГУ на аказанне адукацыйных паслуг. У 2006 годзе ЕГУ аднавіў сваю дзейнасць у Вільні (Літва).

Навучанне ў ЕГУ

Чатыры разы на год Марфа прыязджала ў Вільню, а паміж сесіямі вучылася анлайн — у  межах  інтэрактыўнай працы са студэнтамі. Такія асаблівасці дыстанцыйнай (завочнай) формы навучання праграмы бесперапыннага навучання "Міжнароднае права і права ЕС".

На першых курсах сярод выкладчыкаў Марфы была Інэса Столпер, лектар Акадэмічнага дэпартамента сацыяльных навук. Яна распавяла, што вывучала Рабкова:

 “На першым курсе — гэта Computer-based Legal Research. Там мы вучымся, як працаваць з рознымі прававымі базамі, дзе знайсці прававую інфармацыю (напрыклад, рэгламенты і дырэктывы Еўрапейскага Саюза).

Таксама гэта Legal writing — прававое пісьмо. Маёй задачай на той момант было навучыць студэнтаў, як пісьменна скласці пазоўную заяву ў Міжнародны суд, трыбунал або квазі-судовы орган, напрыклад, Камітэт па правах чалавека ААН".

Некалькі прадметаў у Марфы вёў і прафесар ЕГУ Аляксандр Вашкевіч. Напрыклад, у межах "Гісторыі прававых вучэнняў" Рабкова пісала працу па працах французскага мысляра Жана-Жака Русо, а ў межах прадмета "Еўрапейскае права" яна рабіла прэзентацыю пра паўнамоцтвы Еўрапейскай камісіі. Гэта было на першым і другім курсе (2017/2018 і 2018/2019 навучальныя гады). Аляксандр Вашкевіч станоўча характарызуе Марфу як студэнтку:

"Сама Марфа — чалавек досыць сціплы, але ў той жа час адказны: яна ніколі не парушала тэрміны. Па маіх прадметах, якія я чытаў, яна атрымала па 9 балаў [паводле дзесяцібальнай сістэмы —  заўв. рэд.]. То бок Марфа — добрая і здольная студэнтка, яна добра вучылася і была годным чальцом студэнцкай сям'і".

Пры канцы 2019 гады Марфа Рабкова стала часткай праваабарончага цэнтра "Вясна", узначаліўшы Валанцёрскую службу.

"Марфа ніколі не пышылася праз то, дзе яна працуе. Яна мне запомнілася вельмі далікатнай. Што гэта значыць? Ёсць, напрыклад, такія студэнты, якія любяць шмат спрачацца. А Марфа — больш акуратная, уважлівая да пачуццяў іншых", — узгадвае Інэса Столпер.

Марфа Рабкова дапамагае на канцэрце
Марфа Рабкова дапамагае на канцэрце "Рок за жыццё", арганізаваным у межах Тыдня супраць смяротнага пакарання. Фота: Spring96.org

"Паўза"…

Новы навучальны год у ЕГУ пачынаецца з кастрычніка. А 17 верасня 2020 года Марфа Рабкова была затрыманая ў Мінску супрацоўнікамі ГУБАЗіКа.

Інэса Столпер даведалася пра гэта з сацыяльных сетак:

"Адзіная думка, якая прабегла, — гэта жах нейкі…  І [яшчэ адна думка] — як жа яна будзе вучыцца? Бо час будзе прапушчаны, трэба будзе даганяць… Бо звычайна як бывае: студэнты стараюцца [дагнаць прапушчанае], калі штосьці раптам здарылася, напрыклад хвароба… Я правяла аналогію [з хваробай], таму што да Марфы на нашай праграме "Права" не было такой сітуацыі, калі студэнты былі затрыманыя…"

Інэса кажа, што адразу падумала пра стварэнне індывідуальнага плану навучання для Марфы, каб студэнтка магла не выпадаць са сваёй групы. Аднак час паказаў, што "ніякага індывідуальнага плану не будзе". Бо меру стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту Марфе падаўжалі некалькі разоў. 

Выкладчыкі ЕГУ падпісвалі паручальніцтвы за змену меры стрымання Марфы Рабковой са змяшчэння пад варту на падпіску аб нявыездзе. Тады б Марфа змагла працягнуць навучанне дыстанцыйна. Сёння, 17 лістапада 2021, у Міжнародны дзень студэнта, спаўняецца 14 месяцаў, як Марфа знаходзіцца ў зняволенні.

"Марыя Рабкова паспяхова прайшла навучанне з першага па трэці курс. Сярэдні бал за ўвесь перыяд навучання — 9,11, без акадэмічных запазычанасцяў. [На гэты момант Марфа] застаецца ў ліку студэнтаў 4 курсу дыстанцыйнай формы навучання праграмы бесперапыннага навучання "Міжнароднае права і права ЕС", — паведаміла "Вясне" Ёланта Беляўскайтэ, кіраўніца Акадэмічнага дэпартамента сацыяльных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Падтрымайце палітзняволеную Марфу Рабкову лістамі салідарнасці!

Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства