viasna on patreon

Дзяўчыну, затрыманую перад судом над Вольгай Залатар, збілі ў Фрунзенскім РУУСе і арыштавалі на 15 сутак

2021 2021-11-18T13:27:08+0300 2021-12-02T16:29:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudovaja_admin_erohina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У панядзелак, 15 лістапада, у Мінгарсудзе затрымалі 32-гадовую Таццяну Батуру. Яна хацела патрапіць на суд над палітзняволенай Вольгай Залатар. Але пасля кантролю на рамках перад залай суда яе затрымалі людзі ў цывільным. Доўгі час сваякі Таццяны не маглі яе знайсці, бо ў Фрунзенскім РУУСе казалі, што яе там няма. Бліжэй да вечара адвакат змог даведацца, што на ноч да суда дзяўчыну пакінуць у РУУСе, але больш ніякай інфармацыі не далі. На наступны дзень у судзе Фрунзенскага раёна пачалі разглядаць адміністрацыйную справу супраць дзяўчыны за дробнае хуліганства ў судзе (арт. 19.1 КаАП). Таццяна на судзе заявіла пра збіццё ў Фрунзенскім РУУСе — яе ўдарылі галавой аб шафу, у бальніцы дыягнаставалі ўдар галавы, але суддзя Марыя Ярохіна заявіла, што "гэта не мае дачынення да справы" і арыштавала дзяўчыну на 15 сутак. Распавядаем, як праходзіў суд над Таццянай Батура.

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Суддзя Марыя Ярохіна. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Ударылі галавой аб шафу ў Фрунзенскім РУУСе

Падчас размовы з адвакатам яшчэ да пачатку судовага паседжання Таццяна Батура заявіла пра збіццё ў Фрунзенскім РУУСе. Яна мяркуе, што яе збіў намеснік начальніка Фрунзенскага РУУСа. Яна паспела распавесці адвакату, што той моцна ўдарыў яе галавой аб шафу, таму яна дрэнна сябе адчувае і ёй неабходная медыцынская дапамога. Адвакат падкрэсліў, што падчас размовы Таццяна хісталася з боку на бок.

Адвакат дзяўчыны заявіў хадайніцтва аб выкліку хуткай дапамогі ў РУУС і суддзя зрабіла перапынак для аказання медыцынскай дапамогі. Адвакат з маці Таццяны засталіся ў судзе чакаць вынік. Сакратарка суддзі цягам трох гадзін казала, што ў РУУС была выклікана хуткая дапамога і лекары аглядаюць дзяўчыну, але падрабязнасцей ім не давала. Праз некаторы час сваякі высветлілі, што хуткую дапамогу наогул у РУУС не выклікалі, а сакратарка не ведае, дзе знаходзіцца Таццяна. Пазней у РУУСе адвакату адказалі, што дзяўчыну ўжо адвезлі ў ЦІП на Акрэсціна, а ёй нібыта зрабілі МРТ.

У бальніцы дыягнаставалі «ўдар галавы»

На наступны дзень, 16 лістапада, судовае паседжанне было адноўленае. Адвакату Таццяна паведаміла, што хуткую ёй не выклікалі, але той, хто яе збіў, даставіў яе ў 26-ю паліклініку па месцу прапіскі, дзе ёй дыягнаставалі «удар галавы» і паказалі яе неўролагу.

Шматлікія парушэнні па справе

У РУУСе на Таццяну склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) нібыта за тое, што яна на чацвёртым паверсе Мінгарсуда каля 14:20 «паводзіла сябе агрэсіўна і задзірліва, гучна крычала, нецэнзурна лаялася, на заўвагі не рэагавала». Віну дзяўчына не прызнала.

Падчас суда Таццяна і яе адвакат заяўлялі каля дзесяці хадайніцтваў. Суддзя Ярохіна задаволіла з іх толькі тры. Таццяна двойчы заяўляла адвод суддзі праз недавер, а таксама зацікаўленасць суддзі ў тым, каб яе асудзіць, але гэтае хадайніцтва не было задаволена.

У матэрыялах справы адсутнічалі арыгіналы дакументаў, а замест іх былі толькі копіі. Адвакат звярнуў увагу суддзі на тое, што копія подпісу міліцыянта ў пратаколе — недапушчальнае парушэнне. Але суддзя Ярохіна пачала спрачацца і даказваць, што ўсе гэтыя дакументы арыгінальныя. Яна заявіла, што рэгістрацыйны нумар пратаколу, які заўсёды павінен быць чырвоным колерам, а з зваротнага боку яго павінен быць вадзяны знак, па новых правілах ужо чорны, а міліцыянт проста падпісваў ручкай чорнага колеру. Яна прапанавала адвакату азнаёміцца з новымі правіламі. Адвакат жа заявіў, што на зваротным баку адсутнічае вадзяны знак, а да пратаколу прылеплены белы аркуш паперы.Але суд гэта не прыняў да заўвагі.

Што казала дзяўчына на судзе?

Па словах Таццяны, яна прыйшла ў 14.10 да залы №9, каб патрапіць на суд да палітзняволенай Вольгай Залатар. Яна прайшла кантроль на рамках перад залай суда, але невядомы у цывільным перад уваходам у залу спыніў Таццяну, каб праверыць яе дакументы. Яна паказала яму пасведчанне кіроўцы, тады ён палез у кішэню, дастаў адтуль нейкія дакументы, паглядзеў у іх і зачыніў дзверы ў залу. Потым зноў папрасіў паказаць пасведчанне і сказаў дзяўчыне «Пройдёмте». Батура здзівілася яго дзеянням, запытала ў яго, ці з’яўляецца ён супрацоўнікам міліцыі і папрасіла паказаць пасведчанне. На гэтае патрабаванне ён дастаў дакумент, але азнаёміцца з ім не даў, толькі дадаў, што яна абавязана прайсці з ім. У гэты момант да іх падышоў яшчэ адзін невядомы ў цывільным, які таксама не паказаў пасведчанне. Гэта фактычна з’яўлялася затрыманнем, але Таццяну аб гэтым ніхто не папярэдзіў. Акрамя гэтага, яна пяць разоў агучыла сваё патрабаванне, каб яны прадставіліся і паказалі свае пасведчанні, як таго патрабуе Закон, але ўсё гэта было праігнаравана невядомымі.

Да таго, як яе пасадзілі ў шэры бус, невядомыя неаднаразова запытвалі, ці «адмаўляецца яна добраахвотна прайсці з імі», што сама Таццяна ўспрымае як пагрозу, бо яна не аказвала ім ніякага непадпарадкавання. Па прыездзе ў РУУС дзяўчыну сустрэлі два супрацоўніка ўпраўлення ў цывільным. Яе правялі ў кабінет, дзе адзін з міліцыянтаў забраў яе заплечнік, падняў яго і выкінуў усе яе рэчы разам з тэлефонамі на падлогу. Яна папрасіла, каб ён акуратней абыходзіўся з яе асабістымі рэчамі. У адказ на гэта ён толькі сказаў: «Я табе рот парву». На гэтым суддзя Ярохіна спыніла Таццяну, бо "гэта не мае дачынення да справы", а калі ёю быў зафіксаваны факт парушэння з боку міліцянтаў, то хай адвакат затрыманай звяртаецца ў адпаведныя органы з заявай.

Каля 20 разоў прасіла выклікаць адваката

У пратаколе Таццяны пазначана, што яна адмовілася яго падпісваць, хаця на самой справе яна каля 20 разоў прасіла выклікаць адваката, каб разам з ім азнаёміцца з матэрыяламі справы і падпісаць пратаколы. Але міліцыянты парушылі яе права на абарону і напісалі, што яна проста адмовілася падпісваць яго. Гэта з’являецца сур’ёзным парушэннем заканадаўства, таму адвакат заяўляў, што суд не можа разглядаць справу пры такіх сур’ёзных парушэннях Закону.

Сведка з боку абароны, якая бачыла момант затрымання, пацвердзіла словы Батуры. Сведка-міліцыянт на судзе наогул пераблытаў дакумент, які Таццяна паказвала, перад затрыманнем: ён сцвярджаў, што Батура паказвала копію пашпарту, але на самой справе пры ёй было толькі пасведчанне кіроўцы. Сама затрыманая сцвярджае, што сведка не затрымліваў яе, бо не апазнала яго.

Міліцыянты былі ў Мінгарсудзе ў сувязі з «магчымымі злачынствамі»

Суддзя Ярохіна задавала міліцыянту навадныя пытанні, на якія ён толькі адказваў «Так». Згодна з яго паказаннямі, яны абаранялі будынак, бо ім паступіла інфармацыя аб «магчымых злачынствах», а ад кіраўніцтва паступіў загад быць апранутымі ў цывільнае адзенне. Па яго словах, Таццяна вельмі агрэсіўна сябе паводзіла, чым вызвала абурэнне супрацоўнікаў суда. І так гучна крычала, што на крык нават выйшла сакратарка суддзі. Але ў матэрыялах справы адсутнічаюць зафіксаваныя скаргі, таму адвакат кажа, што доказы віны дзяўчыны адсутнічаюць. На думку міліцыянта, судовае паседжанне па справе Вольгі Залатар на момант затрымання ўжо пачалося, таму Таццяну і не пусцілі, хаця насамрэч яна прыйшла за пяць хвілін да пачатку. Сведка кажа, што Таццяна спрабавала трапіць за зачыненыя дзверы, але дзяўчына гэта адмаўляе. Амаль усе пытанні адваката, якія маюць дачыненне да справы суддзя Ярохіна здымала.

Чым усё скончылася?

Суддзя адхіліла хадайніцтва аб тым, каб выняць відэа з камер назірання ў Мінгарсудзе і з нагрудных камер міліцыянтаў без тлумачэння прычынаў свайго рашэння. У выніку, нягледзячы на заяву пра збіццё, на парушанае права на абарону і адсутнасць арыгінальных дакументаў у справе, суддзя Марыя Ярохіна прызнала Таццяну Батуру вінаватай у дробным хуліганстве і арыштавала яе на 15 сутак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства