Новая "перамога" ўчастковага Комара: гэтым разам 3 гады "хатняй хіміі" за каментар пад ягоным здымкам далі 50-гадовай мінчанцы
Яшчэ нядаўна мы пісалі пра суд над 62-гадовай Наталляй Кавалёвай з Клімавічаў. 15 лістапада яе прызналі вінаватай у абразе ўчастковага з Бабруйска Андрэя Комара за абразлівы каментар пад ягоным здымкам у "Аднакласніках", асудзілі да 1,5 года "хатняй хіміі" і спагналі 1000 рублёў на карысць пацярпелага ў якасці маральнай шкоды. 18 лістапада ў Мінску за аналагічнае злачынства ў дачыненні да таго ж участковага вінаватай прызналі ўжо 50-гадовую Марыну Снытко. Усяго ж Kомар падаў парадку 50 пазоўных заяваў у суд аб абразе яго ў "Аднакласніках".
Разгляд крымінальнай справы Марыны Снытко пачаўся 10 лістапада. Судовае пасяджэнне вяла суддзя Анастасія Ачалава. Бок абвінавачвання падтрымліваў пракурор Вялікі.
Марыну Снытко вінавацілі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Летась пад пастом карыстальніцы Вольгі Карач у "Аднакласніках", у якім была размешчаны фотаздымак участковага Комара, жанчына пакінула абразлівы каментар з ненарматыўнай лексікай з нагоды знешнасці міліцыянта.
Сам пацярпелы на пасяджэнне суда не з'явіўся, але даслаў заяву з просьбай разгледзець крымінальную справу ў яго адсутнасці, дзе растлумачыў, што сведчанні, дадзеныя ім падчас следства, ён падтрымлівае ў поўным аб'ёме, і што дадаць па справе яму няма чаго. Комар настаяў на прыцягненні абвінавачанай да крымінальнай адказнасці і заявіў пазоўнае патрабаванне ў памеры 1000 рублёў "у сувязі з тым, што пакінутым каментаром Марына Снытко зняважыла і абразіла ягоны гонар і годнасць не толькі як прадстаўніка ўлады, але і як чалавека". Пацярпелы падкрэсліў, што праз пакінуты падсуднай каментар пад ягоным здымкам у "Аднакласніках" ён неаднаразова сутыкаўся з нянавісцю і недаверам да яго з боку грамадзян падчас нясення сваёй службы.
"Сваім каментаром абразіць не хацела"
Падчас судовага пасяджэння стала вядома, што Марына Снытко даглядае хлопчыка з інваліднасцю 1 групы. Раней жанчына ніколі не прыцягвалася да крымінальнай адказнасці. Прадстаўляць свае інтарэсы ў зале суда Марына Снытко вырашыла без дзяржаўнага абаронцы, бо ў выпадку прызнання віны аплаціць давядзецца ў тым ліку паслугі дзяржаўнага адваката.
Падсудная распавяла, што Андрэя Комара асабіста яна не ведае.
"Проста пабачыла здымак поўнага хлопца ў міліцэйскай форме і пакінула пад ім каментар", — растлумачыла Марына Снытко.
Паводле жанчыны, яна нават не ўчытвалася ў сутнасць допіса. Ён трапіўся ёй на вочы толькі таму, што хтосьці з яе сяброў раней яго лайкнуў. Таксама падсудная выказала сваю нязгоду з тым, што сваім каментаром яна абразіла Комара.
У пракурора да падсуднай было шмат пытанняў. У прыватнасці, ён настойліва цікавіўся тым, што ў сваіх каментарах пад здымкам Комара пісалі іншыя карыстальнікі. А калі Марына Снытко адказала, што іншыя каментары яна не чытала і ў сутнасць публікацыі не паглыблялася, той прымусіў зачытаць яе апісанне допіса з выявай пацярпелага.
"Там што, знешнасць апісваецца?" — настойліва задаў сваё пытанне падсуднай пракурор. Жанчына выглядала вельмі разгубленай і яшчэ раз удакладніла, што сваім каментаром яна ахарактарызавала знешнасць Андрэя Комара, але не абражала яго.
"Вы што, малюначкі, як у дзіцячым садку, глядзіце? Не чытаеце тэкст на ім?" — гэтым разам задала пытанне суддзя, пасля чаго жанчыну зноў прымусілі чытаць чужыя каментары пад тым самым пастом.
На пачатку судовага пасяджэння падсудная заявіла хадайніцтва аб выкліку у якасці сведкі па справе Таццяны Плехавец — маці хлопчыка з ДЦП, якога Марына Снытко даглядае. Суд яе хадайніцтва задаволіў.
Падчас апытання сведкі жанчына распавяла, што "Марына вельмі харошы і добры чалавек, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, увесь час ездзіць у паліклінікі з маім дзіцем-інвалідам. Без яе дапамогі мне не ўправіцца".
На судзе разгледзелі і пісьмовыя матэрыялы справы. Сярод іх былі шматлікія ліставанні Марыны Снытко, размешчаныя допісы на ейнай старонцы ў сацсетках, у тым ліку петыцыя за адстаўку Лукашэнкі. Суддзя паведаміла, што дадзеныя з перапіскі Марыны Снытко яны запытвалі ў Расійскай Федэрацыі.
Паводле высноваў эксперта, каментар, які падсудная пакінула пад здымкам Андрэя Комара, утрымоўвае ненарматыўную лексіку абразлівага характару.
"Гэтыя сем месяцаў жыву як у страшным сне"
Пасля перапынку суд яшчэ раз запытаўся ў падсуднай пра абаронцу. Аднак жанчына ад яго зноў адмовілася. Суд адмову ад абаронцы не прыняў. Наступнае судовае пасяджэнне па справе Марыны Снытко адбылося толькі 17 лістапада. Яго вяла ўсё тая ж суддзя Анастасія Ачалава, аднак пракурор ужо быў іншы: бок абвінавачвання прадстаўляў пракурор Вердыш. А ў падсуднай ужо быў дзяржаўны адвакат — Андрэй Кляшчонак.
Пацярпелы на пасяджэнне суда зноў не з'явіўся. Яго паказанні зачыталі:
"Дзесьці ў траўні 2020 года Вольга Карач у сетцы "Аднакласнікі" размясціла маё фота з фразай "Гэта я сведчу супраць невінаватых". Апроч усіх каментароў, пад маім фота таксама быў каментар абвінавачванай "Ну і рожа".
"Не лічу, што гэты каментар абразлівы, — запярэчыла Марына Снытко. — Гэта мой паўсядзённы выраз, магчыма, заснаваны на моцным эмацыйным хваляванні. Бо гэта ж проста канстатаванне факту — пацярпелы сапраўды з'яўляецца буйным чалавекам. Намеру зняважыць гонар і годнасць супрацоўніка міліцыі не было. У формавым абмундзіраванні не разбіраюся, толькі марака магу вызначыць".
Падчас судовых спрэчак бок абвінавачвання заявіў, што вінаватасць падсуднай даказаная. У якасці пакарання пракурор запатрабаваў абмежаванне волі тэрмінам на 3 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, спагнаць на карысць пацярпелага Комара маральную шкоду ў памеры 1000 рублёў, дзяржмыту ў даход дзяржавы ў памеры 87 рублёў, мабільны тэлефон Марыны Снытко канфіскаваць у даход дзяржавы.
Адвакатка падсуднай акцэнтавала ўвагу на тым, што "канструкцыя дадзенага складу злачынства прадугледжвае, што чалавек павінен ведаць, каго ён абражае. У нашым выпадку падсудная пацярпелага на ведала".
"Паводле лінгвістычнай экспертызы, негатыўнае адценне яе каментара можна інтэрпрэтаваць як "несімпатычны чалавек". Прашу заўважыць, што гэтая характарыстыка не з'яўляецца абразай у сувязі са службовымі абавязкамі. Бо на працу ў міліцыю не прымаюць паводле крытэру сімпатычны чалавек ці не", — дадаў бок абароны.
Падчас апошняга слова падсудная выказала сваё раскаянне:
"Гэтыя сем месяцаў я жыву як у страшным сне. Ніколі не думала, што вось гэтай фразай магу нанесці абразу чалавеку і сапсаваць жыццё сабе, сваім блізкім і людзям, якім патрэбная мая дапамога. Прашу ўлічыць маё раскаянне і не караць сурова. Я была законапаслухмянай усе свае 50 гадоў…"
18 лістапада суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў Марыну Снытко вінаватай у здзяйсненні злачынства паводле артыкулу 369 КК РБ ("Абраза прадстаўніка ўлады") і прысудзіў да абмежавання волі тэрмінам на 3 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. На карысць пацярпелага Андрэя Комара суд спагнаў з Марыны Снытко маральную шкоду ў памеры 1000 рублёў, а таксама дзяржмыту ў даход дзяржавы ў памеры 87 беларускіх рублёў. Мабільны тэлефон падсуднай як сродак злачынства суд канфіскаваў у даход дзяржавы.