viasna on patreon

"Фашыст", "вырадак", "с*ка, герой!": за якія каментары ў сацсетках судзілі беларусаў на гэтым тыдні

2021 2021-11-19T12:53:33+0300 2021-11-19T15:10:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stashkevich.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы і валанцёры "Вясны" працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні

Міжнародныя арганізацыі па правах чалавека разглядаюць дыфамацыю ў кантэксце права на выказванне меркавання і права на свабоду слова. Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый.

Маладзечна: 1,5 гады "хатняй хіміі" за каментар пра ўчастковага 

18 лістапада ў судзе Маладзечна і Маладзечанскага раёна вынесены прысуд Сяргею Валканоўскаму. Суддзя Іна Каханоўская вынесла прысуд 34-гадоваму маладзечанцу, прызнаўшы яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса: 1,5 года “хатняй хіміі”. Таксама Валканоўскі мусіць выплаціць на карысць пацярпеламу 1000 рублёў. Бок абвінавачання падтрымала пракурорка Юлія Жук.

Пацярпелы – бабруйскі міліцыянт Андрэй Комар – на пасяджэнне не з’явіўся, але папрасіў тысячу рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Згодна з абвінавачаннем, Валканоўскі пакінуў каментар “Ублюдак” у “Аднакласніках” пад фотаздымкам Комара, чым яго абразіў. Мужчына прызнаў віну.

Пракурорка папрасіла пакараць мужчыну 1,5 гадамі “хатняй хіміі” – менавіта такі прысуд вынесла суддзя.

Новая "перамога" ўчастковага Комара: гэтым разам 3 гады "хатняй хіміі" за каментар пад ягоным здымкам далі 50-гадовай мінчанцы

Яшчэ нядаўна мы пісалі пра суд над 62-гадовай Наталляй Кавалёвай з Клімавічаў. 15 лістапада яе прызналі вінаватай у абразе ўчастковага з Бабруйска Андрэя Комара за абразлівы каментар пад ягоным здымкам у "Аднакласніках", асудзілі да 1,5 года "хатняй хіміі" і спагналі 1000 рублёў на карысць пацярпелага ў якасці маральнай шкоды.

Магілёў: 2,5 гады калоніі за расклейванне ўлётак

18 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Магілёва вынеслі прысуд Сяргею Батура. Мужчына быў асуджаны па ч. 2 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта). Судовыя паседжанні праходзілі ў закрытым рэжыме, таму, на жаль, падрабязнасці даведацца не ўдалося. Прычыны закрыцця таксама невядомыя.

Нагадаем, што затрымалі Сяргея ў пачатку чэрвеня 2021. Разам з ім была Наталля Яцкова, якая па заканчэнні 72 гадзін была адпушчаная пад падпіску аб нявыездзе. Але жанчыне ўдалося пакінуць межы Рэспублікі Беларусь і цяпер яна знаходзіцца ў бяспецы.

Затрыманыя яны былі пры расклейванне ўлётак з выявай Аляксандра Лукашэнкі. Які праязджаў міма супрацоўнік Дэпартамента аховы, заўважыў іх і выклікаў нарад міліцыі.

Судовы працэс пачаўся 1 лістапада. Дзяржаўным абвінаваўцам выступала Марыя Івуціна. Максімальнае пакаранне па ч. 2 арт. 368 КК РБ на дадзены момант прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Да ўнясення змяненняў, якія ўступілі ў сілу 19 чэрвеня, гэты артыкул прадугледжваў максімум 3 гады пазбаўлення волі. І судзілі Сяргея ў рамках старой рэдакцыі. У выніку суддзя Ксенія Нікіфарава вынесла рашэнне – 2 гады 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Практычна максімальны тэрмін.

Пінск: 2 гады "хатняй хіміі" і 1000 рублёў кампенсацыі за каментар у "Аднакласніках"

У судзе Пінскага раёна і г. Пінска 17 лістапада вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Дзяніса Стасевіча, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядала суддзя Вольга Лубнік, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляў Ілля Гузарэвіч. Пацярпелым па справе быў прызнаны супрацоўнік ДАІ Ігар Вольніч, на пасяджэнне ён не з’явіўся, прасіў праводзіць працэс без яго.  

Паводле абвінавачвання, 25 чэрвеня 2020 года з мэтай прыніжэння гонару і годнасці супрацоўніка міліцыі Вольніча ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, Дзяніс Стасевіч на старонцы Вольгі Карач у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” напісаў каментар пад публікацыяй пра міліцыянта, які на фотаздымку прыціскае каленам шыю пенсіянера, наступнага зместу: “С*ка, герой!”. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі абвінавачаны абразіў Вольніча, чым здзейсніў злачынства паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Стасевіч віну прызнаў цалкам, у здзейсненым раскаяўся. Ад дачы паказанняў у судзе абвінавачаны адмовіўся. Вольга Лубнік агучыла тыя паказанні, якія Дзяніс даваў падчас следства: з Вольнічам абвінавачаны не быў знаёмы і ніколі з ім не сустракаўся, падставаў для абразы міліцыянта не было. Наконт пакінутага каментара Стасевіч тлумачыў: летам 2020 года ён пабачыў у “Аднакласніках” публікацыю, на якой супрацоўнік ДАІ наступіў затрыманаму чалавеку, што ляжаў на зямлі, каленам на галаву ці на шыю, пасля гэтага абвінавачаны, паддаўшыся агульнаму настрою і хайпу, а таксама ў сувязі з падзеямі ў ЗША, дзе паліцэйскі прыдушыў грамадзяніна каленам і той памёр, пакінуў негатыўны каментар пад публікацыяй. Паведамленне было адрасаванае супрацоўніку міліцыі, які затрымліваў чалавека, бо такі спосаб затрымання Дзяніса моцна абурыў. Пасля гэтага пра пакінуты каментар нікому не расказваў і не ўспамінаў пра яго, пакуль да мужчыны не прыйшлі супрацоўнікі міліцыі.

Пацярпелы Ігар Вольніч накіраваў заяву ў суд, у якой прасіў спагнаць з абвінавачанага кампенсацыю нанесенай маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў. З пазовам Дзяніс Стасевіч пагадзіўся, але прасіў паменшыць памер кампенсацыі, бо не мае магчымасці сплаціць такую суму.

Падчас спрэчак бакоў Ілля Гузарэвіч прасіў прызначыць абвінавачанаму два гады “хатняй хіміі”, а грамадзянскі пазоў задаволіць з улікам прынцыпаў разумнасці і справядлівасці.

У апошнім слове Дзяніс Стасевіч прынёс прабачэнні пацярпеламу супрацоўніку Ігару Вольнічу, абяцаў, што больш такога не паўторыцца.

У выніку суддзя Вольга Лубнік прызнала Дзяніса Стасевіча вінаватым і па арт. 369 КК прызначыла яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, канфіскаваць тэлефон у даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства, а таксама спагнаць з абвінавачанага на карысць пацярпелага кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Мінск: жанчыну другі раз асудзілі за "абразу" у каментарах 

Ірына Сташкевіч
Ірына Сташкевіч

17 лістапада суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд 54-гадовай Ірыне Сташкевіч. Суддзя Марына Запаснік асудзіла яе да 1,5 гадоў “хатняй хіміі” паводле арт. 369 КК. З улікам мінулага тэрміна пакаранне засталося ранейшым: два гады “хатняй хіміІ”. Раней Ірыну Сташкевіч ужо асудзілі на гэты тэрмін паводле арт.369 за каментар у бок начальніка ГУБАЗіК МУС Паршына.

Пяць гадоў таму АНТ зняў сюжэт пра Ірыну Сташкевіч: жанчына аформіла апякунства над дачкой суседкі, якая памерла. 

Бок дзяржабвінавачання падтрымліваў пракурор Кот. Пацярпелы – супрацоўнік маладзечанскай інспекцыі Яўген Калясень – на паседжанне не з’явіўся.

Ірыну прызналі вінаватым у тым, што ў тэлеграм-канале яна пакінула каментар у непрыстойнай форме пад фотаздымкам капітана міліцыі Яўгена Калясені. Доказамі ў справе прынятыя скрыншоты, мабільны тэлефон, дыскі са сведчаннямі пра выхад у інтэрнэт, заключэнне лінгвістычнай экспертызы.

У матэрыялах справы таксама – раздрукоўкі з каментарамі палітолага Шпакоўскага, звесткі пра перасячэнні Сташкевіч мяжы Літвы і Польшчы, а таксама скрыншоты каментароў іншых людзей пад фотаздымкам Калясені.

Абвінавачаная распавяла, што калі была ў Маладзечне, то патэлефанавала Калясені і папрасіла прабачэння. Яна разумела, што пакідае негатыўны каментар пад фота прадстаўніка ўлады – зрабіла гэта не падумаўшы. Па словах Сташкевіч, каментар складаўся з аднаго слова “фашыст”. Яна поўнасцю прызнае віну.

Пацярпелы распавёў, што пра каментар яму распавяла жонка. Ён зрабіў скрыншот і даслаў у ГУБАЗіК. Яе каментар прычыніў яму маральныя пакуты.

Пракурор папрасіў улічыць змякчальныя абставіны: чыстасардэчнае прызнанне і малалетняга сына. Ён папрасіў прызначыць пакаранне на тэрмін год і месяц “хатняй хіміі”, а з улікам бягучай справы – два гады “хатняй хіміі”.

Кобрын: 2 гады "хатняй хіміі" за абразу намесніка начальніка ДАІ

У судзе Кобрынскага раёна 17 лістапада была разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да мясцовага жыхара Андрэя Якубовіча, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала суддзя Таццяна Каберская, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляў памочнік пракурора А. Шыкавецкі.

Згодна з абвінавачваннем, Андрэй Якубовіч 9 кастрычніка 2020 года абразіў падпалкоўніка міліцыі, намесніка начальніка Гарадзенскага ДАІ Аляксандра Вайцешку ў каментарах у “Аднакласніках”. Нецэнзурнае выказванне было расцэнена як абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выканеннем ім службовых абавязкаў. Пацярпелы Вайцешка на пасяджэнне не прыехаў і матэрыяльных патрабаванняў не заяўляў.

Якубовіч на судзе цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся ў зробленым. Ён распавёў, што ў той дзень глядзеў стужку ў “Аднакласніках”. У суполцы “Беларусь пра ўсё” было размешчана відэа, дзе ўзгадваўся Вайцешка. Пад відэа было шмат негатыўных каментароў пра яго, і Якубовіч не стрымаўся, і таксама напісаў абразлівы каментар. Ён папрасіў прабачэння ў пацярпелага і адзначыў, што дакладна не хацеў пакрыўдзіць яго.

З улікам раскаяння абвінавачанага, памочнік пракурора Шыкавецкі папрасіў суд пакараць яго двума гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”). Менавіта такое пакаранне і вынес суд Кобрынскага раёна.

На адзін год "хіміі" асудзілі жыхара Быхава за абразу супрацоўніка ДАІ

У судзе Быхаўскага раёна разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да 22-гадовага мясцовага жыхара Андрэя Круглені, які абвінавачваецца ў абразе прадстаўніка ўлады. 17 лістапада мужчыну асудзілі да аднаго года "хіміі".

Баранавічы: 2 гады "хіміі" за сарваны дзяржаўны сцяг

У судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы 17 лістапада агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксандра Гаўрыльчыка, якога вінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Сяргей Данільчык, бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляла Вераніка Палулех.

Паводле абвінавачвання, вечарам 16 верасня 2021 года Аляксандр Гаўрыльчык, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення і маючы намер на здзек з дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, дацягнуўся да дрэўка сцяга, замацаванага на краме “Южанка” ў г. Баранавічы, пасля чаго, праяўляючы паказную смеласць і дзёрзкія паводзіны, дэманстратыўна сарваў сцяг і пашкодзіў дрэўка, разламаўшы яго на дзве часткі, пранёс сцяг да месца свайго жыхарства. Сваімі дзеяннямі Гаўрыльчык здзейсніў злачынства паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса.

Аляксандр Гаўрыльчык прызнаў віну цалкам. У судзе патлумачыў, што ў той дзень піў піва і трохі гарэлку, пасля праводзіў сябра: яны падышлі да банкамату каля крамы “Южанка”, знялі грошы, а калі абвінавачаны вяртаўся дадому — пабачыў сцяг.

“Мы з сынам часта ходзім на футбол, дзе ёсць аматары са сцягамі. Сын спытаў у мяне, дзе наш сцяг. І я нічога больш не прыдумаў, як сарваць сцяг. Сарваў сцяг і прынёс дадому”, — распавёў Аляксандр Гаўрыльчык.

Мужчына хацеў пакінуць сцяг сабе.

У судзе апыталі сведку — сябра абвінавачанага Леаніда Ляшкевіча. Ён распавёў, што 16 верасня прыехаў да абвінавачанага, мужчыны набылі ў краме алкаголь, выпілі, пасля Ляшкевіч вырашыў, што паедзе дадому на таксі — таму пайшлі да крамы, каб зняць грошы ў банкамаце. Пасля Гаўрыльчык пабачыў сцяг на краме і захацеў яго зняць, а сведка пачаў адгаворваць, што не трэба гэтага рабіць. Аднак Аляксандр не паслухаўся і зняў сцяг рукой. Нехта з супрацоўнікаў крамы выйшаў і крычаў мужчынам услед, але яны проста сышлі. Потым сябры разышліся па дамах.

Сведкі — супрацоўнікі крамы “Южанка” — у суд не з’явіліся. Судовае следства было скончанае без іх выкліку.

Падчас спрэчак бакоў пракурорка прасіла суд прызнаць Аляксандра Гаўрыльчыка вінаватым і па арт. 370 КК прызначыць яму два гады “хіміі”, а сцяг перадаць краме “Южанка” па прыналежнасці.

Абвінавачаны сказаў, што аступіўся, але “кожны чалавек мае права на другі шанец, каб загладзіць свае памылкі”.

“Я ні ў якім разе не хацеў абразіць сваю краіну або здзекавацца са сцяга. Хоць гэта расцэнена як здзек, але менш за ўсё я хацеў паздзекавацца з дзяржаўнай сімволікі. Хачу папрасіць прыняць да ўвагі змякчальны фактар маёй віны цяжкую хваробу сына, якога прыходзіцца вазіць у Мінск кожны месяц”, — сказаў Гаўрыльчык.

У выніку суддзя прызначыў Аляксандру Гаўрыльчыку пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

Дуброўна: 3 гады "хатняй хіміі" і штраф за абразу пракурора

У судзе Дубровенскага раёна паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) асудзілі 40-гадовага Юрыя Свіціна.

Паводле версіі абвінавачвання, што Свіцін у жніўні 2021 года, знаходзячыся ў г. Барані Аршанскага раёна, з дапамогай мабільнага тэлефона са свайго ўліковага запісу ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" размясціў абразлівы каментар на адрас пракурора Дубровенскага раёна. Такі каментар Свіцін размясціў у сувязі са спыненнем пракурорскім работнікам супрацьпраўных дзеянняў у грамадскім месцы.

У судовым пасяджэнні абвінавачаны прызнаў віну і раскаяўся.

У выніку, суддзя Марыя Цыклінская асудзіла Юрыя Свіціна да трох гадоў "хатняй хіміі" і аштрафавала на 100 базавых велічыняў. Акрамя гэтага, да яго ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад алкагалізму і быў канфіскаваны тэлефон.

Суд таксама пастанавіў спагнаць з абвінавачанага на карысць пацярпелага пракурора матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры адной тысячы рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства