viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 10 новых палітвязняў

2021 2021-11-23T11:11:19+0300 2021-11-25T15:55:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dif_illustr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

23 лістапада 2021 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзян краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем:

Намі атрыманая інфармацыя аб наступных асобах, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў, а таксама выкарыстанне іншых дапушчальных формаў выказвання меркаванняў:

  1. Ігар Грышчанкаў быў асуджаны 26 жніўня судом Баранавіч і Баранавіцкага раёна паводле арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі ў тэлеграм-чаце да двух гадоў абмежавання волі, накіраваны ва ўстанову адкрытага тыпу для адбывання пакарання;
  2. Раман Смолькін асуджаны судом Салігорскага раёна паводле артыкулу 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў абмежавання волі, накіраваны ва ўстанову адкрытага тыпу для адбывання пакарання;
  3. Раман Аніськоў асуджаны судом Мінскага раёна паводле арт. 365, 364 і 369 КК за абразлівыя каментары ў дачыненні да прадстаўніка ўлады да трох гадоў абмежавання волі, накіраваны ва ўстанову адкрытага тыпу для адбывання пакарання;
  4. Дзмітрый Шчурко ўзяты пад варту ў СІЗА №7 па абвінавачванні ў абразе прэзідэнта паводле арт. 368 КК;
  5. Наталля Падлеўска ўзятая пад варту ў СТ №8 па абвінавачванні ў абразе прэзідэнта і прадстаўніка ўлады (арт. 368 і 369 КК);
  6. Уладзімір Далматовіч узяты пад варту па абвінавачванні ў падпале дзяржаўнага сцяга паводле арт. 370 КК;
  7. Васіль Глушакоў быў асуджаны судом Чыгуначнага раёна Віцебска паводле арт. 369 КК за абразу міліцыянера да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі, накіраваны ва ўстанову адкрытага тыпу для адбывання пакарання;
  8. Сяргей Батура асуджаны судом Ленінскага раёна Магілёва паводле арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі да двух гадоў і шасці месяцаў калоніі;
  9. Аляксей Забіран узяты пад варту па абвінавачванні ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 КК;
  10. Мікалай Ганцэль быў асуджаны судом Маладзечанскага раёна паводле арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі да двух гадоў абмежавання волі, накіраваны ва ўстанову адкрытага тыпу для адбывання пакарання.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываванымі, звязанымі з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх –палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "Палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць палітзняволеных Ігара Грышчанкава, Рамана Смолькіна, Рамана Аніськова, Дзмітрыя Шчурко, Наталлю Падлеўска, Уладзіміра Далматовіча, Васіля Глушакова, Сяргея Батуру, Аляксея Забірана, Мікалая Ганцэля і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  • Зрабіць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – артыкулаў 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя паводле дадзеных артыкулаў крымінальныя справы.
  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Lawtrend;

"Прававая ініцыятыва";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Human Constanta;

Ідэнтычнасць і права.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства