viasna on patreon

Два гады «хатняй хіміі» за адно слова ў «Аднакласніках»

2021 2021-11-23T15:59:00+0300 2022-06-29T10:03:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_minsk.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

23 лістапада ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы вінаватай у публічнай абразе прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 КК РБ прызналі мінчанку Таццяну Козак.

Судовае пасяджэнне вяла суддзя Наталля Бугук, дзяржабвінавачанне падтрымлівала Аксана Дудко. Інтарэсы абвінавачанай прадстаўляла адвакатка Галіна Пархімчык.

Пра падсудную вядома, што ёй 31 год. Таццяна адна выхоўвае 12-гадовую дачку і працуе ўкладчыцай-упакоўшчыцай на адным з прадпрыемстваў сталіцы.

У пачатку судовага пасяджэння адвакат заявіў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы выпіскі з медыцынскіх дакументаў падсуднай, звесткі аб запазычанасці элементаў з боку бацькі яе дачкі, а таксама звесткі пра стан здароўя бацькоў Таццяны Козак з паліклінікі. Суд хадайніцтва задаволіў. Пацярпелы па справе інспектар ДАІ Светлагорскага РАУС Баграёнак Андрэй на суд не з'явіўся. Сведак па справе заяўлена не было.

Як сцвярджае бок абвінавачвання, «з намерам публічна абразіць прадстаўніка ўлады, выкарыстоўваючы свой тэлефон, Таццяна наўмысна падрыхтавала і напісала каментар «свіння» у групе «Свецік Светлагорск» у «Аднакласніках».

Падчас суда Таццяна распавяла, што той самы каментар яна напісала 3 верасня мінулага года.

«Я эмацыйны чалавек. У сувязі з усімі падзеямі, што адбываліся ў Мінску ў жніўні, напісала гэты каментар», - патлумачыла Таццяна.

Падсудная расказала, што ў той групе ў «Аднакласніках», пра якую ідзе гаворка, яна не значыцца, і што асабіста з пацярпелым яна не знаёмая. Пост пра супрацоўніка ДАІ, пад якім яна пакінула свой каментар, па словах Таццяны, з'явіўся ў яе стужцы таму, што хтосьці з яе сяброў паставіў пад ім лайк.

Як расказала жанчына, у тым пасце было напісана, што Андрэй Баграёнак абражаў іншых грамадзян, пасля чаго яна прачытала іншыя каментары пад гэтым пастом і пакінула свой.

З адказаў на пытанні, якія падсуднай задаваў адвакат, стала вядома, што той каментар у сацсетках Таццяна Козак напісала, знаходзячыся ў дэпрэсіўным стане. Жанчына распавяла, што ў той перыяд яе псіхіка была няўстойлівай, а сама яна знаходзілася ў дрэнным фізічным стане.

Таксама на судзе зачыталі паказанні Козак, якія яна давала ў маі. Тады падсудная сцвярджала, што пацярпелага яна не ведае, ніякага паста з яго выявай не бачыла і каментар пад ім не пісала. Суддзя папрасіла растлумачыць разыходжанні ў яе паказаннях тады і цяпер.

Таццяна патлумачыла, што тыя свае паказанні яна давала праз страх, што яе дачка застанецца адна, і паведаміла, што зараз падтрымлівае паказанні, дадзеныя ёй у судзе.

Падчас разгляду пісьмовых матэрыялаў справы, быў прааналізаваны акаўнт абвінавачанай у «Аднакласніках». Таксама зачыталі заяву пацярпелага Баграёнка аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да таго, хто напісаў каментар.

Экспертыза прыйшла да высновы, што ў каментары «свіння», які Таццяна пакінула пад допісам з выявай пацярпелага, «ёсць негатыўная ацэнка Баграёнка і ненарматыўная форма моўнага выказвання».

Таксама быў зачытаны грамадзянскі пазоў ад Баграёнка, у якім ён паведаміў, што сваім каментаром Таццяна Козак «падарвала яго аўтарытэт, прычыніла маральную шкоду і моцныя маральныя пакуты». Шкоду, якую Таццяна нанесла пацярпеламу сваім каментаром, Баграёнак ацаніў у 3000 рублёў.

У ходзе судовых спрэчак дзяржабвінаваўца настаяў на тым, што супрацьпраўныя дзеянні Козак «знайшлі сваё пацверджанне і даказаны падчас папярэдняга следства» і запытаў для падсуднай «абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады, канфіскацыю тэлефона як сродку здзяйснення злачынства, а таксама задавальненне грамадзянскага пазову Баграёнка з улікам разумнасці і справядлівасці».

«Я вельмі моцна раскайваюся і прызнаю сваю віну. Калі б тут быў пацярпелы, папрасіла б у яго прабачэння асабіста», - сказала падсудная падчас свайго апошняга слова.

23 лістапада суд Фрунзенскага раёна сталіцы прызнаў Таццяну Козак вінаватай у здзяйсненні злачынства па артыкуле 369 КК РБ «Абраза прадстаўніка ўлады», прысудзіў ей два гады «хатняй хіміі», пастанавіў выплаціць пацярпеламу 2000 рублёў у якасці маральнай кампенсацыі і 87 рублёў дзяржпошліны. Мабільны тэлефон канфіскавалі ў даход дзяржавы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства