viasna on patreon

#WeStandBYyou: Новыя хросныя для беларускіх палітвязняў

2021 2021-11-26T17:38:45+0300 2021-11-29T13:55:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lukas-mandl_new.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці Libereco #WeStandBYyou сімвалічныя хросныя з’явіліся ў палітвязняў Ірыны Злобінай, Валерыі Касцюгавай, Алы Лапаткі, Генадзя Мажэйкі і Дзмітрыя Тура. Іван Комар, Уладзімір Дудараў, Ігар Лосік і Вячаслаў Шэлямет будуць мець новых “хросных” замест дэпутатаў, якія пакінулі свае парламенты.

Джон Хаўэл – дэпутат ад кансерватараў у парламенце Злучанага Каралеўства. Беручы на сябе абавязкі “хроснага” Ірыны Злобінай, ён сфармуляваў выразныя патрабаванні:

«Я заклікаю ўлады Беларусі вызваліць Ірыну Злобіну. Усё, што яна зрабіла, — збірала добраахвотныя ахвяраванні, каб дапамагчы аплаціць штрафы за ўдзел у мірных сходах. Нідзе больш гэта не будзе расцэнена як злачынства, і яна павінна быць неадкладна вызвалена».

Джон Хаўэл, дэпутат ад кансерватараў у парламенце Злучанага Каралеўства
Джон Хаўэл, дэпутат ад кансерватараў у парламенце Злучанага Каралеўства

Макс Лукс з'яўляецца дэпутатам ад Партыі зялёных у нямецкім Бундэстагу. Ён стаў “хросным” Івана Комара, пасля таго як Маргіт Штумп пакінула парламент у выніку выбараў:

“Я рашуча крытыкую палітычна матываванае зняволенне актывістаў у Беларусі. Замест таго, каб гарантаваць Івану Комару судовы працэс у рамках вяршэнства закона, яму пагражалі расправай, запалохвалі і ў канчатковым выніку ілжыва пасадзілі ў турму. Я вельмі салідарны з беларускай грамадзянскай супольнасцю і заклікаю вызваліць Івана Комара і ўсіх іншых палітвязняў”.

Макс Лукс, дэпутат ад Партыі зялёных у нямецкім Бундэстагу
Макс Лукс, дэпутат ад Партыі зялёных у нямецкім Бундэстагу

Дэпутатка Бундэстага ад Свабоднай дэмакратычнай партыі, былая сябра камітэта па замежных справах Рэната Альт пераняла абавязкі “хроснай” Уладзіміра Дударава ад Юргена Мартэнса. Яна патлумачыла:

«Як дакладчыца сваёй парламенцкай групы па Усходняй Еўропе, я вельмі ўважліва назірала за сітуацыяй у Беларусі яшчэ да сфальсіфікаваных выбараў. Мірныя акцыі пратэсту, іх добрая арганізацыя, гатоўнасць людзей дапамагаць адзін аднаму і стаяць адзін за аднаго – усё гэта выклікае ўва мне найглыбейшую павагу і вялікае захапленне пратэстным рухам. З іншага боку, тая жорсткасць, з якой самаабвешчаны прэзідэнт Лукашэнка задушыў пратэсты, проста шакуе. Нават калі, аб'ектыўна кажучы, у нас цяпер мала ўплыву на рэжым у Мінску, мы не павінны выпускаць з-пад увагі сітуацыю ў Беларусі. Вельмі важна, каб палітвязні адчувалі, што пра іх не забыліся, што іх не кінулі. Даць ім бачнасць – гэта самае меншае, што мы можам – і павінны – зрабіць. Я – як і ўсе дэмакраты – ніколі не стамляюся заклікаць вызваліць такіх палітвязняў, як Уладзімір Дудараў. Мы не павінны дапусціць, каб з сітуацыяй у Беларусі проста змірыліся».

Дэпутатка Бундэстага ад Свабоднай дэмакратычнай партыі Рэната Альт і былы
Дэпутатка Бундэстага ад Свабоднай дэмакратычнай партыі Рэната Альт і былы "хросны" Уладзіміра Дударава Юрген Мартэнс

Робін Вагенер пераняў статус “хроснага” Ігара Лосіка ад Мануэля Сарацына. Вагенер так пракаментаваў сваё рашэнне:

«Я цвёрда стаю на баку мужных людзей у Беларусі, якія нястомна працуюць на карысць дэмакратыі і вяршэнства закона ў сваёй краіне і асабіста плацяць за гэта вельмі высокую цану. Яны маюць маю глыбокую падзяку, павагу і поўную салідарнасць. Таму для мне гэта вельмі блізкая справа — пераняць хроснае бацькоўства Ігара Лосіка ад майго былога калегі па Бундэстагу Мануэля Сарацына. Я буду патрабаваць яго вызвалення і вызвалення ўсіх палітвязняў. Таму што правы чалавека універсальныя, і ніводзін палітвязень не мусіць быць забыты».

Штэфані Прэцыёза, дэпутатка Нацыянальнай рады Швейцарыі, будзе “хроснай” Валерыі Касцюгавай. Яна заявіла:

«Як дэпутатка швейцарскага парламента я патрабую неадкладнага і безумоўнага вызвалення Валерыі Касцюгавай і ўсіх іншых палітвязняў, якія незаконна ўтрымліваюцца ў зняволенні. Свабода даследаванняў, меркаванняў, прэсы, слова з'яўляюцца найважнейшымі універсальнымі правамі чалавека, якія павінны паважацца паўсюдна. Я выказваю поўную салідарнасць з усімі палітвязнямі і з беларускім народам, які змагаецца за сапраўдную дэмакратыю. Паліцэйскі гвалт і арышты апанентаў павінны спыніцца. Беларусы маюць права самастойна вырашаць сваю будучыню».

Штэфані Прэцыёза, дэпутатка Нацыянальнай рады Швейцарыі
Штэфані Прэцыёза, дэпутатка Нацыянальнай рады Швейцарыі

Себасцьян Брэм з'яўляецца прадстаўніком Хрысціянска-сацыяльнага саюза па пытаннях фінансаў і бюджэтнай палітыкі ў Бундэстагу Германіі і сябрам камітэта па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе. Ён пераняў хроснае бацькоўства Вячаслава Шэлямета ад былога дэпутата Франка Хайнрыха. Сп. Брэм заявіў:

«Я патрабую неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі. У межах кампаніі #WeStandByYou і праграмы «Парламентарыі абараняюць парламентарыяў» я асабіста падтрымліваю некалькіх палітвязняў. Права на свабоду слова з'яўляецца фундаментальным правам, якое прымяняецца паўсюдна і ва ўсім свеце. Мы з вялікай заклапочанасцю назіраем за сітуацыяй у Беларусі і зробім усё, каб парушэнні правоў чалавека не заставаліся беспакаранымі! Злачынцы павінны быць прыцягнуты да юрыдычнай адказнасці і пакараны на нацыянальным і міжнародным узроўні».

Себасцьян Брэм, дэпутат Бундэстага Германіі
Себасцьян Брэм, дэпутат Бундэстага Германіі

Дэпутат нямецкага Бундэстага Касэм Тахер Салех падтрымаў Алу Лапатку. Ён заявіў:

"Свабода прэсы і медыяў з'яўляецца чацвёртай апорай дэмакратыі і таму асабліва вартая абароны. Асабліва ў аўтакратычна і рэпрэсіўна кіраванай краіне вельмі важна, каб журналісты маглі самастойна паведамляць і выкрываць махінацыі дыктатара. Адной з такіх адважных працаўнікоў медыяў з'яўляецца Ала Лапатка, якая працавала ў адным з апошніх незалежных інфармацыйных парталаў  - TUT.BY. Рэжым Лукашэнкі павінен неадкладна вызваліць Алу Лапатку і многіх іншых палітвязняў! З гвалтам супраць мірных дэманстрантаў трэба змагацца. А ў Беларусі нарэшце патрэбныя дэмакратычныя выбары”.

Дэпутат нямецкага Бундэстага Касэм Тахер Салех
Дэпутат нямецкага Бундэстага Касэм Тахер Салех

Дэпутат Еўрапарламента Лукас Мандль пракаментаваў сваю новую ролю ў якасці “хроснага” Генадзя Мажэйкі:

«Генадзь Мажэйка быў арыштаваны за рэалізацыю свайго права на свабоду выказвання меркаванняў. Жорсткія рэпрэсіі беларускага рэжыму супраць крытыкаў унутры краіны і яго гібрыдная вайна супраць Еўразвязу абсалютна непрымальныя і паказваюць, як мала каштоўныя чалавечыя жыцці для дыктатара Лукашэнкі. Тое, што спадар Мажэйка быў арыштаваны ў Маскве, таксама яшчэ раз паказвае праблемную ролю расійскага кіраўніцтва. Я патрабую неадкладнага вызвалення Генадзя Мажэйкі і ўсіх іншых палітвязняў».

lukas-mandl_new.jpg
Дэпутат Еўрапарламента Лукас Мандль

Джэймі Стоўн з'яўляецца дэпутатам парламента Вялікабрытаніі ад ліберальных дэмакратаў і прадстаўніком партыі ў пытаннях лічбавых тэхналогій, культуры, СМІ і спорту. Сп. Стоўн стаў “хросным” Дзмітрыя Тура:

«Я маю гонар “усынавіць” адважнага Дзмітрыя Тура і заклікаю яго неадкладна вызваліць. Жахліва, што ён быў незаконна затрыманы за ўдзел у так званых «масавых беспарадках». Беларусь відавочна займаецца падаўленнем таго, што павінна быць свабодным і справядлівым пратэстам.

Абвінавачанні, выстаўленыя Дзмітрыю Туру і іншым грамадзянам Беларусі, абсурдныя. Разам з маімі калегамі ліберал-дэмакратамі я заклікаю ўрад Беларусі паважаць правы грамадзян на свабоду слова і пратэсты, а таксама вызваліць тых, хто быў несправядліва зняволены».

Джэймі Стоўн, дэпутат парламента Вялікабрытаніі
Джэймі Стоўн, дэпутат парламента Вялікабрытаніі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства