viasna on patreon

Шматдзетныя маці і бацькі, мужчына з інваліднасцю, прадпрымальнік, трактарыст: каго асудзілі па дыфамацыйных артыкулах?

2021 2021-11-27T12:02:56+0300 2023-02-09T14:28:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dyffamaciya.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя: suescheff.com

Ілюстрацыя: suescheff.com

Праваабаронцы і валанцёры "Вясны" працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні

Міжнародныя арганізацыі па правах чалавека разглядаюць дыфамацыю ў кантэксце права на выказванне меркавання і права на свабоду слова. Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый.

Шматдзетную маці другі раз асудзілі за “абразу”

23 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна вынесены прысуд 39-гадовай жыхарцы Смалявічаў Кацярыне Сазонавай. Кацярына – выкладчык, зараз знаходзіцца ў дыкрэтным адпачынку, даглядае за паўтарагадовым дзіцёнкам.

Суддзя Дзмітрый Карсюк прызнаў яе вінаватай паводле арт.369 Крымінальнага кодэкса і асудзіў да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – “хатняй хіміі”. Бок дзяржабвінавачанне падтрымаў памочнік пракурора Арцём Цвяткоў. Гэта другі прысуд жанчыны: у лютым 2021 года яе асудзілі на паўтара года “хатняй хіміі” за абразу Кубракова.  

Згодна з абвінавачаннем, 13 лістапада 2020 года Сазонава пакінула каментары на адным з тэлеграм-каналаў, дзе ў ненарматыўнай форме выказвання наўмысна абразіла начальніка Цэнтральнага РАУС Лазарчыка і Мацкевіча.

Кацярына цалкам прызнала віну. Яна распавяла, што гэта было год таму, зараз яна ўжо і не памятае, але ў ранейшых паказаннях яна пацвярджала: каментары напісала яна. “Правёўшы двое содняў на Акрэсціна ў жніўні 2021 года, я была гатовая прызнаць, што забіла Кенэдзі”. Жанчына патлумачыла, што пісала каментар пасля смерці Рамана Бандарэнкі: яна цяжка перажывала падзею і была ў складаным эмацыйным стане. “Было вельмі шкада маладога чалавека, – сказала яна. – Напэўна, там было напісана, што яны вінаваты ў смерці Рамана. Там быў фотаздымак аднаго чалавека, а дадзеныя – іншага, не памятаю, чыё фота было размешчанае. Зараз пасля таго суда я нічога не пішу, ведаю, што гэта караецца”. Раней яна казала, што не пісала каментар, бо баялася пераследу і адказнасці.

Карсюк спытаў у Кацярыны, ці можна абражаць людзей у сувязі з эмацыйным станам. “Мне нельга, а з тэлевізара іншым можна? Вунь Азаронак абражае з экрана – і нічога. Я ўсё зразумела пасля мінулага суда, выдалілася з сацсетак, нікуды не хаджу, знаходжуся дома з дзецьмі”, – адказала яна.

Пісьмовыя матэрыялы справы разгледжаныя ў закрытым рэжыме.


Шматдзетнага бацьку асудзілі да 1,5 года калоніі строгага рэжыму за абразу Лукашэнкі

Справу разгледзеў суддзя Дзяніс Барэйка.


Два гады "хатняй хіміі" за каментар на старонцы палітзэка

23 кастрычніка ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады паводле артыкула 369 КК РБ прызналі 33-гадовага Антона Кавалёва.

Судовае пасяджэнне вяла суддзя Іна Паўлоўская. Бок абвінавачвання падтрымлівала пракурор Юлія Мірановіч.

Пра абвінавачанага вядома, што ён жанаты і выхоўвае траіх малалетніх дзяцей. У прамежку з 18 жніўня 2020 года па 1 верасня 2020 года пад пастом на старонцы палітвязня Пятра Зіневіча падсудны размясціў каментар "тварь". Як растлумачыў суду сам Антон Кавалёў, у гэтым пасце былі размешчаныя анкетныя звесткі супрацоўнікаў міліцыі. Пад імі ён свой каментар і паставіў.

Пацярпелы, часова выконваючы абавязкі камандзіра аддзялення Мінскага АМАПа прапаршчык міліцыі Яўген Савіч, на суд не прыйшоў. Вядома, што ў якасці маральнай кампенсацыі за абразу ён запатрабаваў 1000 рублёў.

Сведкам па крымінальнай справе праходзіў інспектар па асаблівых даручэннях Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі падпалкоўнік міліцыі Аляксей Добкін. Ён паведаміў, што падсуднага ён вылічыў па фота ў "Аднакласніках", а ідэнтыфікаваў яго, супаставіўшы фота ў сацсетках з пашпартнымі дадзенымі.

Сваю віну Антон Кавалёў на судзе прызнаў цалкам. Мужчына раскаяўся ў зробленым учынку і ў поўнай меры прызнаў маральную шкоду.

У якасці пакарання за ўчыненае злачынства пракурор запатрабавала для Кавалёва абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, канфіскацыю тэлефона і спагнанне маральнай шкоды.

Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў Антона Кавалёва вінаватым у здзяйсненні крымінальнага злачынства па артыкуле 369 КК РБ. Падсуднага прысудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі", абавязалі выплаціць 1000 рублёў маральнай кампенсацыі, 87 рублёў дзяржпошліны, а тэлефон, як сродак здзяйснення злачынства, канфіскавалі ў даход дзяржавы.


2 гады “хатняй хіміі” – за адно слова

19 лістапада суд Клецкага раёна разгледзеў чарговую крымінальную справу ў абразе даволі вядомага супрацоўніка Ганцавіцкага РАУС Ігара Вольніча. Гэтым разам абвінавачаным стаў 37-гадовы трактарыст Клецкага камбікормавага завода Дзмітры Гаўрыс. Справу разглядала старшыня суда Алена Гасцеева, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала намеснік пракурора Валянціна Лябедзька.

Дзмітрыя Гаўрыса абвінавацілі ў нанясенні 21 чэрвеня мінулага года абразлівага слова (п***р) пад публікацыяй у "Аднакласніках" Вольгі Карач пра Ігара Вольніча, які ўжыў падчас разгону ланцуга салідарнасці болевы задушлівы прыём да затрыманага ўдзельніка, прыціснуўшы каленам шыю. Паводле версіі абвінавачвання, мужчына "кіраваўся нізіннымі абуджэннямі і жаданнем прадставіць Вольніча ва зневажальным становішчы ў вачах шырокай грамадскасці".

Дзмітрыя Гаўрыса затрымлівалі на трое сутак у межах гэтай справы з 18 па 21 жніўня. На судзе ён прызнаў віну ў поўным аб'ёме і растлумачыў, што пакінуў свой каментар у сувязі з тым, што з затрыманым удзельнікам сходу «дрэнна абыходзіліся».

Само абразлівае слова ў судовым пасяджэнні не гучала, суддзя папрасіла абвінавачанага на аркушы паперы напісаць гэтае слова, паставіць свой подпіс, прозвішча з ініцыяламі і дату, пасля чаго спытала, ці не супраць Дзмітрый Гаўрыс далучэння дадзенага ліста да матэрыялаў крымінальнай справы.

Ігар Вольніч у судовае пасяджэнне не з'явіўся, папрасіў суд зачытаць дадзеныя ім паказанні падчас папярэдняга следства, а таксама даслаў пазоў аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды. Свае маральныя пакуты супрацоўнік ацаніў у 1500 рублёў. Гаўрыс прызнаў пазоўныя патрабаванні.

У ходзе спрэчак дзяржаўны абвінаваўца папрасіла суд ўлічыць, што абставінамі, змякчальнымі адказнасць абвінавачанага, з'яўляюцца чыстасардэчнае раскаянне і наяўнасць на ўтрыманні малалетняга дзіцяці. Валянціна Лябедзька папрасіла суд прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год, спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды, дзяржаўную пошліну ў памеры 87 рублёў і залічыць трое сутак у ІЧУ ў тэрмін адбыцця пакарання.

Абаронца абвінавачанага адзначыла, што не аспрэчвае дзеянні свайго падабароннага і іх кваліфікацыю. На яе думку, Дзмітрыю Гаўрысу для ўсведамлення супрацьпраўнасці свайго ўчынку будзе дастаткова прызначэння пакарання ў выглядзе 180 гадзін грамадскіх работ.

22 лістапада суддзя Гасцеева вынесла менавіта такі прысуд, як і запрасіла дзяржабвінаваўца: два гады абмежавання волі без накіравання (“хатняя хімія") і кампенсацыя маральнай шкоды Вольнічу ў памеры 1500 рублёў.


Два гады «хатняй хіміі» за адно слова ў «Аднакласніках»

23 лістапада ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы вінаватай у публічнай абразе прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 КК РБ прызналі мінчанку Таццяну Козак.


Жыхара Маладэчна накіравалі на прымусовае лячэнне за абразу Лукашэнкі ў сацсетках

Суд Маладзечанскага раёна 25 лістапада вынес прысуд мясцоваму жыхару Аляксандру Кісялю, 1988 года нараджэння, якога вінавацілі ў абразе Лукашэнкі па ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядаў суддзя Дзяніс Барэйка, абвінавачванне прадстаўляў намеснік раённага пракурора Дзмітрый Кулеш. Інтарэсы абвінавачанага ў судзе бараніла законная прадстаўніца, Зінаіда Бароўская, ягоная маці.

З матэрыялаў абвінавачвання вядома, што Кісель з выкарыстаннем інтэрнэту у сацыяльнай сетцы “Вконтакте”, пад адным з пастом у групе “Апошні званок” пакінуў абразлівы каментар з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі на адрас Лукашэнкі.

Па словах маці, ейны сын – прыхільнік Лукашэнкі, заўсёды за яго галасаваў, заклікаў усіх пратэстоўцаў саджаць. Дадала, што Аляксандр стаіць на ўліку ў псіхіятра ад самага нараджэння, з’яўляецца інвалідам 2 групы пажыццёва.

У ходзе судовых спрэчак 24 лістапада, прадстаўнік абвінавачвання запрасіў суд вызваліць Кісяля ад крымінальнай адказнасці з прычыны недзеяздольнасці і накіраваць яго на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар. Абаронца Герасімюк папрасіла прызначыць Кісялю амбулаторнае лячэнне пад наглядам медыцынскага спецыяліста.

Суд вырашыў накіраваць Аляксандра Кісяля на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар і вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці па прычыне захворвання.


1,5 года “хіміі” – за сарваны сцяг

У судзе Першамайскага раёну Віцебску прайшоў разгляд крымінальнай справы за здзек над дзяржаўным сцягам (арт. 370 КК). 26-гадовага Дзмітрыя Карпінскага абвінавацілі ў тым, што ён сарваў з будынку сцяг, надарваў яго і выкінуў у сметніцу, а дрэўка зламаў, піша “Віцебская Вясна”.

Справу разглядала суддзя Алена Жук. Згодна з выстаўленым абвінавачаннем, супрацоўнік прыватнага прадпрыемства Дзмітрый Карпінскі ў ноч з 8 на 9 верасня 2021 году, знаходзячыся на паркоўцы ля крамы «Веста» у мікрараёне Білева, «на віду ў мінакоў, рэалізуючы свой злачынны намер, накіраваны на здзек над дзяржаўным сімвалам РБ – дзяржаўным сцягам РБ, тым самым выказваючы зняважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў РБ, наўмысна дастаў з насценнага кранштэйну дрэўка з дзяржаўным сцягам РБ, пасля чаго дэманстратыўна, праяўляючы паказную смеласць і дзёрзкія паводзіны, панёс дзяржаўны сімвал РБ ад фасада будынку крамы», – агучыла пракурорка Ганчарэнка.

Далей, па версіі следства, Дзмітрый «наўмысна адарваў палотнішча дзяржаўнага сімвала РБ ад дрэўка, прычыніўшы пашкоджанне ў выглядзе надрываў матэрыі, скамячыў гэтае палотнішча і выкінуў яго ў сметніцу». Сам флагшток ён разламаў на некалькі частак і таксама выкінуў іх. Пракурорка заявіла, што хлопец «меў імкненне дэманстраваць сваё непаважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў РБ і прычыніць шкоду аўтарытэту РБ». Матэрыяльную шкоду суд ацаніў у 36 рублёў 67 капеек.

Дзмітрый часткова прызнаў сваю віну, заявіўшы, што сапраўды зняў сцяг з будынку крамы і затым выкінуў яго ў сметніцу. Але пры гэтым адзначыў, што ніякай «паказной смеласці» і «дзёрзкіх паводзін» не было. Сказаў, што не было жадання зневажаць афіцыйны сцяг. Проста хацеў ад яго пазбавіцца – як ад доказу, спалохаўшыся магчымага пакарання. Навошта ён яго зняў – патлумачыць хлопец не змог. Сказаў, што рашэнне было спантаннае, магчыма, пад уздзеяннем выпітага піва.

На судзе пракурорка запытвала пра падпіскі Дзмітрыя на “дэструктыўныя” тэлеграм-каналы. У якасці сведкаў былі дапытаны сябры Дзмітрыя, якія ў той вечар знаходзіліся разам з ім на паркоўцы побач з крамай. Пракурорка цікавілася, ці абмяркоўвалі яны палітычныя тэмы.

У выніку Дзмітрый Карпінскі атрымаў 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”).


1,5 года "хіміі" – за абразу чыноўніка

У суде Першамайскага раёну Віцебску была разгледжаная крымінальная справа, заведзеная на 45-гадовага прадпрымальніка Алега Дзмітрачэнку. Паводле арт. 369 КК мужчыну абвінавачваюць у абразе былога старшыні адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргея Сташэўскага, піша “Віцебская Вясна”.

Пацярпелы Сташэўскі ў сувязі са службовымі акалічнасцямі на пасяджэнне не з’явіўся. Судзя Міхаіл Юрчанка прыняў рашэнне разглядаць справу без яго.

dzmitrachenka.jpg
Алег Дзмітрачэнка

У ходзе папярэдняга следства было высветлена, што 12 жніўня 2020 году Алег Дзмітрачэнка ва «ВКонтакте» пад публікацыяй «Чыноўнік Сяргей Сташэўскі прымусіў чальцоў камісіі падрабіць пратакол» у суполцы «Гэта Віцебск, дзетка» пакінуў допіс абразлівага зместу. А менавіта напісаў у дачыненні чыноўніка фразу «Адзін з мр…яў».

Цягам некалькі дзён пост сабраў больш за тысячу лайкаў і 116 рэпостаў. Пад каментаром абвінавачанага было пастаўлена каля 20 лайкаў. У судзе было агучана сем прозвішчаў з шэрагу асобаў, якія пакінулі абразлівыя каментары пад публікацыяй. Некаторыя з іх ужо асуджаныя за абразу Сяргея Сташэўскага.

Падчас папярэдняга следства Дзмітрачэнка віны не прызнаваў. Спачатку наагул адмаўляў факт учынення ім злачынства, мяркуючы, што ягоная старонка «ВКонтакте» была ўзламаная. Потым спаслаўся на тое, што перад ягоным каментаром ужо былі каментары з негатыўнай ацэнкай учынку Сташэўскага і ягоны допіс тычыцца не чыноўніка, а менавіта аднаго з каментатараў.

Аднак на судзе Дзмітрачэнка змяніў пазіцыю: цалкам прызнаў віну і заявіў, што раскайваецца ва ўчыненым, а абразлівы допіс зрабіў пад уплывам эмоцыяў. Таксама выказаў гатоўнасць прынесці пацярпеламу публічныя прабачэнні. Пацярпелы Сташэўскі таксама змяніў сваю першапачатковую пазіцыю і ў пісьмовай заяве ўказаў, што не настойвае на прыцягненні Дзмітрачэнкі да крымінальнай адказнасці.

Удзельнікі працэсу пагадзіліся з тым, што ў сувязі ў прызнаннем Дзмітрачэнкам віны ў поўным аб'ёме патрэба ў апытанні выкліканых раней сведкаў адпала. Але ўсё ж была апытаная ўчастковая міліцыянтка, якая першая выклікала да сябе абвінавачанага для правядзення працэсуальных дзеянняў. Дзмітрачэнка цалкам пагадзіўся з усімі паказаннямі, якія тая агучыла на судзе.

У выніку суддзя Юрчанка пакараў Алега Дзмітрачэнку адным годам і шасцю месяцамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.


Палітзняволенага актывіста з Гомеля асудзілі на 1,5 года калоніі за шэсць каментароў у тэлеграм-чатах

Суд за шэсць каментароў гамельчука Яўгена Маркаўца ў тэлеграм-чатах доўжыўся амаль два месяцы.


За абразу Лукашэнкі 19-гадоваму хлопцу замянілі "хатнюю хімію" рэальным тэрмінам

У верасні 2021 года суд у Бабруйску прысудзіў Глеба Лук'янцова да 1,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Маладога хлопца абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў каментар у тэлеграм-чаце, які абражае Аляксандра Лукашэнку (ч.1 арт.368 КК). Падставай для крымінальнага пераследу стала фраза "самая мілая пара ва Усходняй Еўропе. Як вы думаеце, хто ў гэтых адносінах мужчына" пад агульнай фатаграфіяй Пуціна і Лукашэнкі.

Аднак  такі вынік не задаволіў пракуратуру Бабруйска: установа апратэставала прысуд. На пасяджэнні 25 лістапада ў Магілёўскім абласным судзе пракурор Наталля Лабачова патлумачыла, чаму трэба зрабіць больш жорсткім пакаранне маладому хлопцу: ён раней затрымліваўся за ўдзел у мірных акцыях, падпісаны на мноства каналаў, прызнаных уладамі экстрэмісцкімі, і "можа негатыўна паўплываць на грамадскую думку і навакольных".

Суддзя Ігар Зямцоў пастанавіў замяніць Глебу Лук'янцову 1,5 года "хатняй хіміі" на рэальны тэрмін: год калоніі агульнага рэжыму.


Тры гады "хатняй хіміі" змененыя на "хімію" з накіраваннем

23 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Магілёва было разгледжана крымінальная справа паводле арт. 369 КК РБ (абраза прадстаўніка ўлады). У якасці абвінавачанага выступаў мінчук Юрый Палюховіч.

Вядома, што мужчына не так даўно ўжо быў асуджаны па гэтым жа артыкуле і атрымаў пакаранне ў выглядзе 3 гадоў хатняй хіміі: гэта максімальна дапушчальны тэрмін у рамках дадзенага артыкула. Яму ставілася ў віну абраза супрацоўніка міліцыі ў адным з telegram-каналаў. Прысуд Юрый абскардзіў і толькі нядаўна ён уступіў у законную сілу. Мужчына нават не паспеў стаць на ўлік у інспекцыю для пачатку выканання прысуду.

Сёння быў разгледжаны другі эпізод па абразе ўжо трох супрацоўнікаў праваахоўных органаў, двое з якіх служаць у Магілёве. Пачаты судовы працэс быў яшчэ ў кастрычніку, але ўлічваючы, што прысуд па першай справе на той момант яшчэ не ўступіў у законную сілу, разгляд быў адкладзены. У выніку суддзя Таццяна Рахманенка, шляхам сукупнасці злачынстваў і паглынання пакарання, вынесла Юрыю прысуд: 3 гады "хіміі" з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Гэта роўна столькі, колькі запытвала дзяржаўны абвінаваўца Вольга Багукоўская.

Вядома, што ў Юрыя хворая маці, а таксама ён дапамагае сястры, у якой двое дзяцей з інваліднасцю.


"Фашыст", "вырадак", "с*ка, герой!": за якія каментары ў сацсетках судзілі беларусаў на гэтым тыдні

Каго і за што на мінулым тыдні асудзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства