27 лістапада - Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Далучайцеся! Фота
Святлана Ціханоўская абвясціла 27 лістапада Днём салідарнасці з беларускімі палітычнымі зняволенымі і заклікала праводзіць розныя акцыі ў падтрымку вязняў і пісаць ім лісты і паштоўкі.
З гэтай нагоды Літоўскі МЗС сумесна з Праваабарончым цэнтрам “Вясна” зладзіў кампанію падпісання паштовак - #FreedomLetters. Пасольства Нідэрландаў упрыгожыла браму бела-чырвона-белымі стужкамі, мэрыя Парыжа з беларускай дыяспарай арганізавалі канцэрт Маргарыты Ляўчук, а прадстаўнікі МЗС Нарвегіі, Латвіі, Чэхіі і іншых краін выступілі са словамі падтрымкі.
У акцыі #FreedomLetters прынялі ўдзел віцэ-міністр замежных спраў Мантас Адаменас, былая часовая паверанная ў справах Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Аста Андрыяўскене, былы міністр абароны і былы міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус, дэпутат Нацыянальнага сходу Францыі П’ер-Аляксандр Англад і пасол Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лакост, пасол ЗША ў Беларусі Джулія Фішэр ды іншыя.
Далучыцца да акцыі салідарнасці #FreedomLetters проста:
- зайдзіце на сайт prisoners.spring96.org і абярыце палітвязня;
- напішыце ліст ці падпішыце паштоўку;
- распавядзіце сябрам і зрабіце пост у сацсетках з хэштэгам #FreedomLetters і #FreeViasna