viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2021 2021-11-29T14:32:33+0300 2021-11-29T16:04:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/freeviasna_stakholm_8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фотаакцыя ў падтрымку "вясноўцаў" у Стакгольме. Фота Ostgruppen

Фотаакцыя ў падтрымку "вясноўцаў" у Стакгольме. Фота Ostgruppen

17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” - #FreeViasna. Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

24 лістапада Таццяна Ласіца адзначыла Дзень народзінаў

Таццяна Ласіца — актывістка і праваабаронца з Рэчыцы, валанцёрка гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтру «Вясна», якая ўжо больш за 300 дзён знаходзіцца за кратамі. 24 лістапада ёй споўнілася 43 гады. 

Сябры Human Rights House з Осла напісалі віншаванні з днём народзінаў для Таццяны, паведаміла ў твітары Ані Тусвік Бонда.  

Да віншаванняў далучыліся і сябры Фонда Дамоў правоў чалавека.

Нагадаем, 3 лістапада суддзя Салоўскі асудзіў Таццяну да двух з паловай гадоў калоніі. Яе абвінавацілі ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).

За мінулы тыдзень не было навінаў ад праваабаронцы Леаніда Судаленкі.

Падтрымайце Таццяну і Леаніда:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Таццяне Леанідаўне Ласіцы
Леаніду Леанідавічу Судаленку

Марфа Рабкова: "Спадзяюся, Вясна надыйдзе раней за каляндарную"

Палітзняволеная каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, якая ўжо 14 месяцаў утрымліваецца ў СІЗА-1, даслала на волю ліст, у якім піша пра сваё здароўе, крымінальную справу супраць сябе і дзеліцца сваімі думкамі.

“Бачыла некалькі разоў Уладзя [Лабковіча], хвалююся… Я вельмі спадзяюся, што Вясна надыйдзе раней за каляндарную. Вера ў гэта ёсць, і яна дае мне сілы”.

“Па ТВ паказваюць цэлы дзень рэпартажы з польскай мяжы. Не верыцца, што ўсё гэта адбываецца ў рэчаіснасці. Зусім не ведаю, як будзе вырашацца дадзеная сітуацыя. Хочацца спадзявацца, што ўсё нармалізуецца”.

Дзяўчына адзначае, што ў яе ўсё ў парадку:  

“Стала паціху вырашаць свае праблемы са здароўем. Нічога крытычнага, проста наступствы перанесенага кавіду. Думаю прышчапіцца “Спутнікам”, чакаю адабрэння ад родных”.

“На гэтым тыдні мне павінны прад’явіць канчатковае абвінавачванне. Гэта крайні тэрмін — так сказалі. Але да гэтага сказалі, што з 5 лістапада азнаямленне са справай. Мабыць, яшчэ нешта вырашаецца: 5 артыкулаў мне прад’явіць ці 7 :). Судзячы па таму, што адбываецца ў іншых людзей, на спрыяльны працэсуальны зыход падзеяў разлічваць нельга. Але ж мы разумеем, што гэта ўсё зусім не важна, гэта ўсяго толькі шырма”.

 “Яшчэ ў мяне ёсць любімы выраз, які я пачула ў фільме: «У канцы канцоў усё будзе добра. А калі не добра, то гэта яшчэ не канец» :)”

Таксама Марфа Рабкова піша, што спазнала глыбіню паэзіі:

“У турме вось адчула ўсю глыбіню паэзіі, да гэтага аддавала перавагу прозе. Так бы мовіць, усяму свой час. Насамрэч, я дзякую лёсу за ўсё, што ён мне дае. Нават турэмнае выпрабаванне мне дапамагло разабрацца ў сабе. І мне падаецца, я як чалавек стала лепей, святлей і спакайней”.

Напрыканцы мінулага тыдня стала вядома, што Марфе Рабковай выстаўленыя абвінавачванні па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса, ёй пагражае да 20 год зняволення. Пра гэта дзяўчына паведаміла сваякам у лісце.

"Паміж Бабарыкам і Калеснікавай". Што пагражае Рабковай?

Рабкова перадала, што акрамя "народных" пратэсных артыкулаў (такіх як арт. 293 і арт. 342), ёй ставяць у віну некалькі так званых "вісякоў" (у жаргоне сілавікоў гэтым словам абазначаюцца шматгадовыя нераскрытыя злачынствы).

Абвінавачванні былі выстаўленыя і валанцёру Андрэю Чапюку, які праходзіць па адной справе з Марфай. Хлопца вінавацяць па двух артыкулах крымінальнага кодэкса: удзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) і апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341 КК).

Дасылайце лісты ці паштоўкі Марфе ды Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Алесь Бяляцкі: "Чалавек такое стварэнне, што заўсёды снуе планы будучыню, хоць гэтай будучыні можа не так і багата застаецца"

Міжнародны ПЭН-клуб выступіў з заявай, у якой адзначае, што старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі стаў ахвярай пераследу праз сваю праваабарончую дзейнасць. Арганізацыя заклікае да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення і да зняцця ўсіх абвінавачванняў супраць яго.

Падчас выступу ў Еўрапарламенце Святлана Ціханоўская ўзгадала пра палітзняволеных беларусаў і Алеся Бяляцкага:

"Сярод іх і Алесь Бяляцкі. Усяго год таму ён быў з намі на пасяджэнні Еўрапейскага парламента, калі атрымліваў прэмію "За свабоду думкі" імя Сахарава. Праз паўгода пасля вяртання дадому Алесь быў арыштаваны за дзейнасць у рамках Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Справа Алеся пацвярджае, што беларускі крызіс значна бліжэй да нас, чым можа здацца. Зусім нядаўна Алесь быў тут і прымаў віншаванні. Цяпер ён за кратамі".

Сам Алесь Бяляцкі даслаў на волю ліст, у якім смуткуе пра смерць знаёмага:

"Тое, што Алег Макушнікаў [вядомы беларускі археолаг] памёр — сумная навіна. Вось ужо адзін за другім пачынаюць адыходзіць нашыя знаёмыя і равеснікі, і чым далей — тым часцей. Але чалавек такое стварэнне, што заўсёды снуе планы будучыню, хоць гэтай будучыні можа не так і багата застаецца".

За мінулы тыдзень не было навінаў ад праваабаронцы Валянціна Стэфановіча.

Дасылайце лісты ці паштоўкі Алесю і Валянціну:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

“Не толькі Бродскі”. Запусцілі акцыю ў падтрымку Уладзя Лабковіча 

За кратамі на «Валадарцы» ўжо больш за чатыры месяцы ўтрымліваецца палітзняволены праваабаронца “Вясны” Уладзімір Лабковіч. У нядаўнім лісце Уладзь падзяліўся, што цяпер чытае вершы Бродскага, асабліва, “Письмо Генералу Z”, “Письмо Римскому другу”, “Сонет”.

“Днямі да мяне прарваўся першы ліст за чатыры месяцы ад Уладзя. У ім ён напісаў, што цяпер асабліва ўчытваецца і знаходзіць сябе ў вершах Іосіфа Бродскага. І сапраўды, увесь яго ліст прасякнуты атмасферай яго вершаў. Зразумела, што ў засценках “Валадаркі” ў Уладзя пануе такі настрой, але хочацца з ім падзяліцца настроямі людзей, якія яму пакуль недасяжныя, - кажа праваабаронца Дзіяна Пінчук.

Нядаўна мы праводзілі конкурс ілюстрацый “Кот на Валадарцы” ў падтрымку зняволенага вясноўца Валянціна Стэфановіча. Цяпер мы заклікаем паўдзельнічаць у акцыі “Не толькі Бродскі” у падтрымку Уладзя Лабковіча.

Як паўдзельнічаць у акцыі?

Напісаць вашыя ўласныя вершы ці абраць вершы розных аўтараў, размясціць іх у сацсетках з хэштэгам #FreeViasna або даслаць нам на пошту freeviasna@gmail.com. У акцыі могуць прыняць удзел як паэты, так і ўсе неабыякавыя людзі.

Дасылайце лісты падтрымкі і вершы Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Праваабаронцы з “Ostgruppen — Шведскай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека” сфатаграфаваліся з банерам і фотаплакатамі палітзняволеных Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы ў знак салідарнасці і іх падтрымкі.

Фотаакцыя ў падтрымку

27 лістапада - Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі

Святлана Ціханоўская абвясціла 27 лістапада Днём салідарнасці з беларускімі палітычнымі зняволенымі і заклікала праводзіць розныя акцыі ў падтрымку вязняў і пісаць ім лісты і паштоўкі.

З гэтай нагоды Літоўскі МЗС сумесна з Праваабарончым цэнтрам “Вясна” зладзіў кампанію падпісання паштовак - #FreedomLetters. 

Мантас Адаменас, Джулія Фішэр, Нікаля дэ Лакост і Аста Андрыяўскене

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Рубэн Аруцюнян сустрэўся з сем’ямі палітычных вязняў з нагоды Дня падзякі, каб выказваць нязменную падтрымку зняволеным і іх сем'ям.

Сярод іх — жонкі палітычных зняволеных вясноўцаў Алеся Бяляцкага і Уладзя Лабковіча, бацькі Мікалая Дзядка і Марыі Калеснікавай, маці Анастасіі Булыбенка, жонкі Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака і іншыя.

Як паведамляецца у твітары Амбасады ЗША ў Беларусі, Злучаныя Штаты заклікаюць безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі.

28 лістапада беларусы ў Батумі далучыліся да Дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і падтрымалі, у тым ліку, зняволеных вясноўцаў. Фота з акцыі - "Новы час".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства