viasna on patreon

"Усяго толькі выехаў на ровары — і цяпер пагражае 7 гадоў калоніі". Гісторыі палітвязня з Віцебска Паўла Сакалова

2021 2021-12-01T16:52:19+0300 2021-12-01T17:12:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/area-6402943_1280.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца:logosinfo.org

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца:logosinfo.org

Паўла затрымалі сёлета 20 верасня. Цяпер мужчына знаходзіцца ў СІЗА №2 у Віцебску. Яго абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Праваабаронцы ўпэўненыя: дастатковых падставаў для яго ўтрымання пад вартай у следства няма. 18 лістапада Павел Сакалоў быў прызнаны палітычным вязнем.

Даведацца ўсе падрабязнасці справы Паўла Сакалова складана: ягоны адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні — гэтак жа, як і жонка Наталля.

"Перавярнулі ўвесь дом, але нічога не знайшлі"

"Мы жывем у Віцебску і выхоўваем маленькую дачку. У нас уласны дом, у мужа свая справа. Ён вырабляе мэблю з металу", — распавядае пра сваё жыццё з Паўлам Наталля. Падзяліцца прыгожай гісторыяй у жанчыны не атрымліваецца — праз апошнія падзеі Наталля абсалютна выматаная. Увесь апошні год гэтая сям'я жыве нібы ў страшным сне. А апошнія пара месяцаў — з тых часоў, як Паўла вывезлі з дома супрацоўнікі мінскага ГУБАЗіКа — кожную раніцу Наталля прымушае сябе быць моцнай: дзеля дачкі, дзеля мужа і дзеля іхняй сям'і. 

Дом Наталлі і Паўла некалькі разоў дагары нагамі пераварочвалі падчас ператрусаў, ім выломлівалі дзверы, за імі сачылі, іх дачка ўжо некалькі месяцаў не бачыла тату… Чыталі б гэтыя радкі людзі, не дасведчаныя ў беларускіх рэаліях, напэўна, падумалі б, што гаворка ідзе пра заядлага злачынцу. Але не, у адзін з дзён пасля падзеяў жніўня-2020 Павел выехаў на ровары ў цэнтр горада. Ён не заклікаў да нейкіх дзеянняў, не ўдзельнічаў у масавых беспарадках, не аказваў непадпарадкавання міліцыі. Але сёння ён у турме.

Соколов Павел
Павел Сакалоў

"Як і шматлікія беларусы, да падзеяў мінулага года Паша ніколі асабліва не цікавіўся палітыкай і дакладна не быў палітычна матываваным чалавекам. Ён спакойна займаўся сваёй справай, мы дружна жылі і выхоўвалі дачку. Але, убачыўшы ўсё, што ў нашай краіне адбывалася пасля выбараў-2020, застацца ўбаку ён проста не мог", —- распавядае Наталля.

У верасні мінулага года Павел, як і шмат якія жыхары Віцебска, выказаў сваю пазіцыю з нагоды таго, што адбывалася.

"У горадзе праходзілі акцыі пратэсту. У дзень, калі адбылася адна з іх, Павел выехаў у горад на ровары, — аднаўляе ў памяці падзеі 6 верасня мінулага года жанчына. — Ён не ўдзельнічаў у бойках, ні да чаго не заклікаў, не ішоў у складзе калоны. У той дзень ён апынуўся побач з месцам, дзе адбылася нейкая тузаніна. З таго, што мне вядома, — яго адсачылі на камерах". 

Иллюстративное фото
Ілюстратыўны здымак

Праз некалькі тыдняў пасля тых падзеяў Паўла выклікалі на гутарку ў Кастрычніцкае РАУС Віцебска, а адтуль наўпрост адвезлі ў ІЧУ. За ўдзел у недазволеным уладамі мітынгу мужчыну асудзілі да арышту на трое сутак і штрафу ў 5 базавых велічынь.

Пасля Паўла працягвалі выклікаць у Следчы камітэт — паводле Наталлі, на так званыя прафілактычныя гутаркі, падчас якіх настойвалі, што ён нібыта каардынаваў калоны пратэстоўцаў. Аднак мужчына тлумачыў, што ён быў на ровары, у цэнтры калоны ён не мог быць нават фізічна, і гэта даказвае, што ён нікога не каардынаваў. Але праз нейкі час дадому да Паўла і Наталлі прыйшлі з ператрусам. 

"З'явіліся з дзіўнымі панятымі. Шукалі зброю, наркотыкі і забароненыя прадметы. Перавярнулі ўвесь дом, але нічога не знайшлі, — узгадвае жанчына. — Пры гэтым я дакладна магу сказаць, што пасля верасня 2020 года муж ні ў чым не ўдзельнічаў". 

Жанчына прыгадвае яшчэ адну гісторыю, якая адбылася з ейным мужам:

"Пасля таго як Паша адседзеў трое сутак, у адзін з дзён ён паехаў у краму на ровары. Гэта было ў кастрычніку 2020 года. Я штосьці напісала яму ў паведамленнях — ён спыніўся прачытаць. Але ў гэты момант на яго накінуліся некалькі амапаўцаў, скруцілі і адвезлі ў Кастрычніцкае РАУС. Там яму далі зразумець, што яго ведаюць і што ён прымільгаўся. Прамурыжылі 4 гадзіны і адпусцілі".

"Мой муж не зрабіў нічога, каб патрапіць у турму"

"З'яжджаць з краіны пасля гэтага мы не збіраліся. Мой муж не зрабіў нічога, каб патрапіць у турму. Ні ў чым крымінальным Павел не ўдзельнічаў. Мы былі ўпэўненыя, што гэтым арыштам усё і скончыцца. Але яго не пакінулі ў спакоі", — распавядае Наталля.

20 верасня 2021 года па Паўла ізноў прыйшлі. 

"Я вярталася з працы. Падышла да дома і пабачыла дзіўную машыну. Яна была з шашачкамі, як у таксі, але без якіх-небудзь апазнавальных знакаў. Заходжу ў дом, а там усё перарыта. Яны пералезлі праз плот і выламалі дзверы. Павел нават не паспеў толкам нічога зразумець, — распавяла Наталля. — З дома забралі некалькі дзясяткаў прадметаў. У тым ліку ўсю тэхніку. Знайшлі бчб-бранзалет і раздрукаваную "Пагоню" (незадоўга да гэтага Павел намаляваў яе ў праграме CorelDRAW). Забралі іх як забароненыя прадметы. Канфіскавалі нават прынтар, на якім Павел раздрукаваў тую самую "Пагоню", каб высветліць, ці займаўся ён распаўсюдам забароненых матэрыялаў".

Иллюстративное фото. Источник: logosinfo.org
Ілюстратыўны здымак. Крыніца: logosinfo.org

Пасля ператрусу Паўла забралі з дома і змясцілі ў СІЗА. 

"На наступны дзень пасля затрымання мужа каля нашага дома стаяла дзіўная машына. Пасвяцілі ліхтарыкамі і з'ехалі. Тая ж гісторыя паўтарылася і праз пару дзён. Я вярталася з працы. У машыне сядзелі людзі ў масках. Убачылі мяне — і зноў з'ехалі", — прыгадвае Наталля.

Пасля двух месяцаў у СІЗА утрыманне пад вартай Паўла Сакалова падоўжылі яшчэ на два месяцы. Афіцыйная фармулёўка — "ідуць следчыя дзеянні"

У цяперашні момант Паўлу Сакалову ставяць у віну артыкул 361-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яго вінавацяць у "стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім". І калі прызнаюць вінаватым, мужчыну пагражае да 7 гадоў зняволення. 

Вы запытаецеся: як паездка на ровары магла прывесці да абвінавачвання паводле гэтага артыкула? Як стала вядома "Вясне", падчас следчых дзеянняў у Паўлавым тэлефоне знайшлі закрыты чат, у якім знаходзіліся ўсяго тры чалавекі. У адным са сваіх паведамленняў мужчына зрабіў рэпост відэа, якое было прызнанае экстрэмісцкім, але ўжо пасля яго затрымання. 

Як мы ўжо казалі, Наталля не можа выдаваць дэталі і падрабязнасці справы свайго мужа. Нам яна распавяла толькі тое, што ёй удалося дамагчыся спаткання з Паўлам.

"Ён спрабуе трымацца, наколькі гэта магчыма. Казаў, што яго не б'юць і ставяцца цалкам лаяльна. У камеры разам з ім 7 чалавек. Палітычны сярод іх толькі ён. У яго множныя міжпазваночныя грыжы, і праз тое, што падтрымліваць свой фізічны стан Паша цяпер нармальна не можа, пачуваецца ён дрэнна — моцныя болі ў пазваночніку".

Пра тое, што адбываецца з Паўлам і ў якім ён стане, Наталля пакуль што можа даведвацца толькі з ягоных лістоў. Паводле жанчыны, даходзяць яны не вельмі хутка — прыкладна за тыдзень. 

"У лістах ён кажа, што пакуль што ўсё няблага, і спадзяецца на лепшае. Але я ведаю, што расслабляцца не варта. Ёсць падазрэнне, што на яго збіраюцца накапаць матэрыялы яшчэ па адным артыкуле — па 342-м за арганізацыю або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, — кажа Наталля. — Ці будзе перакваліфікацыя ягонай справы, я не ведаю, бо ў нашага адваката таксама падпіска аб неразгалошванні. Ведаеце, калі мы размаўлялі з Пашам падчас спаткання, ён сказаў: "Утрымліваючы мяне тут, найбольш балюча яны робяць блізкім". І гэта праўда. Але ўсё, што мне цяпер застаецца, — не апускаць рукі і змагацца за мужа".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства