Тры гады "хатняй хіміі" прысудзіў суд жыхару Мінска ўдзел у жнівеньскіх падзеях мінулага года
Суд Маскоўскага раёна Мінска 3 снежня разгледзеў крымінальную справу Сяргея Бяляўскага. Яго абвінавацілі ў арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак па ч.1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядаў суддзя Алег Каляда.
Да суда Бяляўскі знаходзіўся на волі, пад залогам, і падпіскай аб нявыездзе.
Яго вылічылі аператыўнікі ў ходзе маніторынгу сацыяльных сетак па фотаздымках, як актыўнага ўдзельніка акцый пратэсту ў Мінску у жніўні 2020 года.
“Груба парушаў грамадскі парадак, выказваў яўнае непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, якія папярэджвалі, што акцыя несанкцыянаваная, а таксама перашкаджаў руху грамадскага транспарту, выкрыкваў лозунгі і станавіўся разам з іншымі нявысветленымі асобамі ў счэпку," - зачытаў прадстаўнік дзяржабвінавачання ў судзе.
Сваю віну абвінавачаны прызнаў цалкам, раскайваецца ў здзейсненым.
Дзяржабвінаваўца ў ходзе судовых спрэчак запрасіў для Бяляўскага тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Суд так і пастананавіў: пакараць Бяляўскага абмежаваннем волі тэрмінам на тры гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.